Куды вядуць Старыя Дарогі

Старадарожчына – адзін з маляўнічых куткоў Беларусі. Як паселішча сучасны райцэнтр Міншчыны згадваецца ў гістарычных дакументах упершыню ў 1524 годзе – гэта тэрыторыя належала князям Гальшанскім. У тыя далёкiя часы невялікае мястэчка Дарогі месцілася сярод лясоў ды непраходных балот, прыблізна пасярэдзіне шляху паміж Слуцкам і Бабруйскам. У 1896 годзе тут была пабудавана чыгуначная станцыя, паселішча і дало назву адміністрацыйнаму цэнтру раёна.

Паштовыя станцыi i першы аўтавакзал

Будынкі дзвюх паштовых станцый у раёне захаваліся да сённяшніх дзён. Знаходзяцца яны ў вёсках Старыя Дарогі і Паськава Горка.

Станцыі былі пабудаваны на Маскоўска-Варшаўскай шашы ў пачатку XIX стагоддзя. Там быў цэлы комплекс гаспадарчых і прамысловых памяшканняў – стайня для коней, хлявы для сена і экіпажаў, кузня і свіран. У 1896-м ад станцыі Асіповічы да Старых Дарог была пабудавана чыгунка.

Першы аўтавакзал на тэрыторыі Беларусі з’явіўся менавіта ў Старых Дарогах. У тыя часы чыгунку давялі толькі да сённяшняга райцэнтра. У пачатку мінулага стагоддзя людзі прыязджалі на цягніку ў Старыя Дарогі і адсюль на аўтобусе ехалі ў Слуцк. Маршрут так і называўся – «Старыя Дарогі – Слуцк», агульная даўжыня яго была 47 вёрст.

Праезд для пасажыраў першага класа каштаваў 2 рублі 20 капеек, другога класа – 1 рубель 80 капеек, трэцяга – адзін рубель. Дарэчы, першае дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам рэйсавага аўтобуса ў Беларусі адбылося на Старадарожчыне ў 1913 годзе.

Мясцовыя святынi

Свята-Георгіеўская царква ў вёсцы Залужжа пабудавана ў XVIII стагоддзі. Па сваёй архітэктуры вельмі падобная на Свята-Міхайлаўскую царкву ў Слуцку, якая захавалася да нашых дзён. У 1795 годзе гэтая царква адна з першых у Беларусі была далучана з уніі да праваслаўя. У 1872 годзе інжынер Усяволжскі пасля праведзенага агляду вырашыў, што храм «не прыдатны да папраўкі». Таму запланавалі пабудаваць на гэтым месцы новую царкву. Будаўніцтва зацягнулася на тры дзесяцігоддзі. Новы драўляны храм узвялі толькi ў 1903 годзе.

Пасля вайны з царквы былі скінуты купалы і званіца, а будынак прыстасаваны пад клуб. У 1991 годзе храм быў вернуты праваслаўнай царкве. Першым настаяцелем пасля вяртання храма стаў святар Леанід Верамейчык, дзякуючы якому ўдалося яго ад­рэстаўраваць.

Святая Мір-Гара

Унікальнай славутасцю краю, пра якую ходзіць шмат легенд, з’яўляецца Мiр-Гара ў вёсцы Новы Рабак. Мясцовыя жыхары называюць яе Святая гара. Лічыцца, што яна з’явілася пры сходзе ледніка. На думку навукоўцаў, на гары язычнікі праводзілі свае рытуалы. Непадалёк ад узвышша знахо­дзяцца старажытныя пахаванні.

Кажуць, некалі на гары расла хвоя, і аднойчы на ёй з’явіўся абраз. З часам ад Святой сасны застаўся толькі пень, на які раз у год, на Пакровы, вяскоўцы прыносілі пачастункі: масла, сыр, мёд. Над гэтым пнём у XVII стагоддзі паводле загаду княгіні Софіі Слуцкай, жонкі князя Януша Радзівіла, была пабудавана Свята-Пакроўская царква з купалам. На яе тэрыторыі праходзілі святы і кірмашы, сюды з’язджаліся купцы i рамеснікі са Слуцкага раёна, Старадарожчыны і Любаншчыны. Калі Софія Слуцкая была далучана да ліку святых, яе абраз змясцілі ў гэтай царкве. Мясцовыя купцы маліліся святой.
У 1867 годзе на гэтым месцы пабудавалі новую царкву, якая пры Савецкай уладзе была разбурана, і больш яе не аднаўлялі. Доўгі час жыхары казалі, што падчас набажэнстваў з гэтага месца чуўся царкоўны звон. У 1995 годзе на месцы царквы з’явіўся крыж, да якога і сёння прыходзяць вернікі.

Існуе яшчэ адно паданне. Падчас Паўночнай вайны паміж Расіяй і Швецыяй рускі цар Пётр і шведскі кароль Карл ХІІ пад

Таямніцы возера Скачальскае

Адным з самых загадкавых месцаў жыхары лічаць Скачальскае возера ў вёсцы Зялёная Дуброва. Знаходзіцца возера ў басейне ракі Пціч. Паводле падання, з›явілася яно на тым месцы, дзе калiсьцi правалілася царква. Паводле другой легенды, шмат год таму ў вялікую засуху частка балота, дзе знаходзіцца сёння возера, загарэлася ад вялікай спякоты. Пагарэлае месца асунулася і запоўнілася вадой. З году ў год роўнядзь возера, якое не звязана рэкамi, павялічваецца за кошт абвалу берагоў.

Людзі вераць, што вада ў Скачальскiм гаючая, i ў адзін голас сцвярджаюць, што купанне ў возеры бадзёрыць і здымае стомленасць. Многія з году ў год прыязджаюць сюды на аздараўленне.

Каменны след

Ёсць на гэтай зямлі дзіўныя камяні, шмат пра іх ходзіць розных паданняў. Адзін з такіх знахо­дзіцца ў лясным масіве каля вёскі Фалічы. Яго вышыня каля трох метраў, шырыня – амаль шэсць. Колькі ні спрабавалі перавезці гэты камень на іншае месца – усё дарэмна. Ён глыбока ўрос у зямлю. Турысты наведваюцца сюды, каб дакрануцца да валуна і загадаць жаданне. Кажуць, спраўджваецца.

Месцам паломніцтва з’яўляецца камень-следавік каля аграгарадка Старыя Дарогі. У цэнтры яго выразна відаць след чалавечай нагі. Мясцовыя лічаць, што гэты след пакінула Маці Божая, надзяліўшы камень цудадзейнай сiлай. Калі пры Савецкай уладзе праводзілася меліярацыя, могілкі ў Старых Дарогах знішчылі, а ўсе камяні вывезлі, у тым ліку і следавік. З той пары ніхто не ведаў пра яго месцазнаходжанне. Але зусім ня­даўна на ўскрайку лесу за два кіламетры ад дарогі школьнікам удалося знайсці святыню. Людзі адразу ж паспяшаліся да яе. Лічыцца: калі прыкласці нагу да адбітка следу, хваробы адступяць.

Куды бяжым?

У Старых Дарогах абавязкова наведайце мясцовы гісторыка-этнаграфічны музей. Ён размешчаны ў будынку Палаца культуры і ўключае экспазіцыйную і выставачную залы. У музеі можна ўбачыць сапраўдную беларускую карчму, паглядзець на чыгуначную станцыю XIX стагоддзя і бліжэй даведацца, хто ж такія сакуны.

Да нашых дзён захавалася старая воданапорная вежа – адна з мясцовых славутасцей. Яна размешчана за будынкам чыгуначнага вакзала. Абедзве пабудовы былі ўзведзены прыкладна ў адзін і той жа час: на рубяжы XIX–XX стагоддзяў. Воданапорная вежа – яркі ўзор прамысловай архітэктуры таго часу. Пабудаваная з чырвонай цэглы, яна эфектна выглядае, нават нягледзячы на мінімальную колькасць дэкаратыўных элементаў.

З 1988 года ў горадзе право­дзіцца Нацыянальны фестываль бегу «Языльская дзясятка». Арганізаваны спаборніцтвы ў вёсцы Языль настаўнікам фізкультуры мясцовай школы Мікалаем Груздом і трэнерам спартыўнай школы ­Сяргеем Зыкавым. У самым першым забегу ўдзел прынялі 87 чалавек, а ў 2018 годзе на фестываль з’ехалася больш за 2500 аматараў бегу з розных куткоў краіны.

Марына ВАЛАХ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий