Месяц на мёртвай зямлі

Руды лес, рудая трава, рудая зямля. Такой запомніў украінскую вёску Парышаў жыхар Валожынскага раёна Віктар Саломка.  У якасці ліквідатара яму давялося цэлы месяц правесці на атамным рэактары Чарнобыльскай АЭС.

Кажа, страшна не было — на той час пра наступствы аварыі практычна ніхто нічога не ведаў. Былым салдатам-запаснікам, што па загаду сваіх ваенкаматаў апранулі ваенную форму, рабілася вусцішна ад выгляду пустых, пакінутых хат, дзе ў дварах сушыліся на платах слоікі, цвілі кветкі.

— Нас было шмат, чалавек трыста, — успамінае жыхар вёскі Дубіна. — Жылі ў будынку школы, харчаваліся дзякуючы салдацкай палявой кухні. Раз у тыдзень наведвалася аўтакрама, якая на бязлюднай тэрыторыі была цэнтрам цывілізацыі і адзіным сродкам сувязі са светам, дзе людзі жывуць без дазіметраў, марлевых павязак і рэспіратараў.

Вахта доўжылася не больш за 20 хвілін. Пасля людзі мыліся, праходзілі радыяцыйны кантроль, пераапраналіся і вярталіся на базу. У многіх балела галава, ацякалі ногі, апухалі суставы. Медыцынская сястра, у распараджэнні якой было некалькі аптэчак, спісвала ўсё на стомленасць і раіла больш адпачываць.

Ад Парышава да атамнай станцыі было ўсяго 10 кіламетраў. Працавалі ліквідатары зменамі па 5—6 чалавек, перакрывалі дах трэцяга энергаблока. Са сродкаў аховы — спецыяльныя касцюмы, гумовыя пальчаткі, боты.

Калі-нікалі гулялі ў футбол, падымаючы слупы радыеактыўнага пылу, але большасць мужчын усё ж аддавала перавагу ціхаму паляванню — рыбалцы.

Прыпяць цякла літаральна за школай. Вёдры, кацялкі напаўняліся рыбай умомант. Прыкладзеныя да ўлову дазіметры проста зашкальвалі. І пра юшку даводзілася толькі марыць.

— У чарнобыльскую зону я трапіў у маі 1987-га, — прыгадвае Віктар Саломка.  — Прызываючы на спецыяльныя ваенныя зборы, у ваенкамаце папярэдзілі: едзеце на паўгода. Але ў роднай вёсцы я быў ужо праз месяц. За гэты час усе набралі неймаверна вялікую дозу, і начальства палічыла за лепшае адкамандзіраваць нас назад.

Колькі ж радасці было ў роднай хаце, дзе чакалі маці, бацька, а таксама жонка Таццяна, з якой ён пражыў у шлюбе толькі некалькі дзён: 24 красавіка маладыя згулялі вяселле, а 27-га Віктар ужо праходзіў медкамісію для адпраўкі ў забруджаную зону. 

Ведаў, што кожны дзень атрымлівае велізарную  дозу радыяцыі, — тэрміновую службу праходзіў у хімічных войсках у Чэхаславакіі. Але як засцерагчыся — не разумеў.

За клопатамі, рознымі хатнімі турботамі ён стараўся як мага менш успамінаць тую трывожную вясну. Але яна ўпарта нагадвала пра сябе: чатыры гады ў маладой пары не было дзяцей, затым пачаліся праблемы са здароўем у Віктара.

Разам яны ўсё пераадолелі. Дачка ўжо сама стала мамай, сын  пасля заканчэння сельскагаспадарчага каледжа вярнуўся ў родную вёску і працуе з бацькам у адным сельгаспрадпрыемстве.

Разам Саломкі не адзін раз лідзіравалі на пасяўной, станавіліся пераможцамі жніва, за што маюць дыпломы і падзякі гаспадаркі.

—  Не для горада мы народжаныя, для вёскі, — усміхаецца гаспадар. — Пра гэта само прозвішча гаворыць.

Марына СЛІЖ , фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий