Пераможцам занальнага тура конкурсу стала сям’я Івашка з Нясвіжа

Сям’я Івашка з Нясвіжа, у якой выхоўваюцца пяць дачок, стала пераможцай адборачнага тура конкурсу «Сям’я года Міншчыны».

Мерапрыемства прайшло ў Нясвіжскім раённым цэнтры культуры. Менавіта туды з’ехаліся сямейныя каманды з Нясвіжскага, Дзяржынскага, Клецкага, Капыльскага, Любанскага, Пухавіцкага, Слуцкага, Салігорскага, Стаўбцоўскага, Старадарожскага, Уз­дзенскага, Чэрвеньскага раёнаў. Удзельнікі конкурсу падрыхтавалі візітоўку «Радавод» і прэзентацыю сацыяльна значнага праекта «Мая сям’я – мая краіна».

Лепшую сям’ю павінна было выбраць журы, якое ўзначаліў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Алег Семянчук.

Пераможцам занальнага тура конкурсу стала сям’я Івашка з Нясвіжа. У Дзмітрыя Сяргеевіча, як кажуць у народзе, залатыя рукі, а Анастасія Аляксандраўна, майстар па прычосках, зараз знахо­дзіцца ў дэкрэтным водпуску, даглядае дзіця. Глава сям’і, які зараз працуе ў Расійскай Федэрацыі, змог паўдзельнічаць у конкурсе толькі віртуальна. Ен перадаў відэапрывітанне сваім родным і іншым сямейным камандам. Адчуваючы падтрымку Дзмітрыя, Анастасія Аляксандраўна і дачушкі Мілана, Ульяна, Дзіяна, Паліна і Арынушка так па-мастацку прадставілі сваю сям’ю і свой радавод, што іх выступленне глыбока закранула кожнага прысутнага ў зале і стала сапраўдным гімнам роднаму кутку, нашай Беларусі. Адразу відаць, што бацькі выхоўваюць у дзяцей павагу да гісторыі свайго роду, да народных традыцый.

Другое месца прысуджана артыстычна-спартыўнай сям’і Наталлі і Андрэя Піхцеравых са Слуцка. Наталля Фёдараўна вядзе ў Слуцкай дзіцячай школе мастацтваў клас фартэпіяна, а Андрэй Васільевіч працуе ў Слуцкай ЦРБ інструктарам па спорце. Ён адзіны чалавек у горадзе, які абсталяваў мікрааўтобус для перавозкі лю­дзей з абмежаванымі магчымасцямі. Некалькі гадоў запар удзельнічае ў конкурсе «Слуцкі асілак». Дочкі Марыя і Ганна, сын Макар растуць у атмасферы любові, мастацтва, адданасці любімай справе і міласэрнага стаўлення да людзей.

Трэцяе месца заняла сям’я Круковіч з Салігорска. Людміла Мікалаеўна працуе кіраўніком фізічнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі, Сяргей Леанідавіч – электрагазазваршчыкам. Яны выхоўваюць траіх дзяцей – Лізавету, Аляксея і Арсенія. Муж і жонка Круковічы дзеляцца са сваімі дзецьмі жыццёвай мудрасцю: «Раўняйцеся на бацькоў і любіце адно аднаго». Падчас прэзентацыі радаводу менавіта дзецям было даручана прад­ставіць «Летапіс» і «Герб» сваёй сям’і, з чым тыя выдатна справіліся. У фінале выступлення ўверх былі ўзняты лісты паперы ў форме дубовых галінак, з якіх склалася прозвішча «КРУКОВІЧ». Дзеянне мела сімвалічны сэнс. У гэтым і пераемнасць пакаленняў, і далейшы лёс сям’і, які цяпер залежыць ад яе прадаўжальнікаў.

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі каштоўныя падарункі, а пераможцы з прызёрамі – яшчэ і грашовыя прэміі. Тры каманды-пераможцы будуць змагацца за званне «Сям’я года Міншчыны» ў заключным абласным туры конкурсу, які пройдзе 15 мая ў Слуцку.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий