Праэкт «Беларусь памятае!». Як вострае лязо кінжала

Музейны работнік, я вайну больш ведаю ўсё ж не па дакументах – франтавых фотаздымках, салдацкіх трохвугольніках, зводках інфармбюро – экспанатах нашага музея. Яна, як вострае лязо кінжала, прайшла праз лёс маёй сям’і. Некага смяротна параніла, а тыя, хто застаўся ў жывых, усё астатняе жыццё пакутавалі ад цяжару страт.

Мой бацька Аляксандр Ільіч Малькевіч нарадзіўся ў вёсцы Кішкарэпы тагачаснага Вілейскага павета, на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі. На дату пачатку Вялікай Айчыннай мабілізацыі ён яшчэ не падлягаў. Лінія фронту імкліва рухалася на ўсход. Старэйшыя хлопцы станавіліся народнымі мсціўцамі, вялі падпольную барацьбу. Да партызан падаўся бацькаў стрыечны брат Леанід Малькевіч. Паводле ўспамінаў таты, гэта быў адважны хлопец, удзельнічаў у самых смелых аперацыях. У партызанскай брыгадзе імя Будзённага яго за гэта і цанілі сябры па зброі. Сем дыверсій на чыгунцы былі праведзены з удзе­лам Леаніда. Ён устанаўліваў сувязь з падпольнымі групамі, збіраў разведданыя, перадаваў падпольшчыкам лістоўкі і зброю.

…І вось – новае заданне. На дно кошыка Леанід паклаў міну. Яе трэба было перадаць вілейскім падпольшчыкам для чарговай дыверсіі напярэдадні першамайскага свята. Выбуховую прыладу партызан злёгку замаскіраваў сялянскімі пажыткамі. Гэта была лёгкасць на мяжы рызыкі. І яна адыграла сваю ролю. Яго схапілі, быў допыт з катаваннямі. Маладому мсціўцу ворагі выкалалі вочы, але так нічога і не даведаліся. Магілку Леаніда тату паказала радня, калі ён вярнуўся на радзіму.

Тату было 18 год, калі яго з іншымі маладымі вяскоўцамі немцы вывезлі ў Германію. Над Кішкарэпамі стаяў лямант. Маці галасілі над сваімі дзецьмі, як над нябожчыкамі, успамінаў тата.

У Германіі ён і некалькі яшчэ маладых юнакоў і дзяўчат трапілі да землеўласніка – «баўэра». Той меў у гаспадарцы шмат рознай жывёлы, якая патрабавала догляду.

А рэха ўсё часцей даносіла да баўэрскіх уладанняў водгукі кананады, у небе з’явіліся нашы самалёты. Аднойчы каля сядзібы спыніліся рускія танкі. З адчыненых люкаў выглядвалі пакрытыя шэрым пылам, стомленыя твары танкістаў. Вязні абступілі баявую тэхніку, завязалі размову з вызваліцелямі.

«Бравыя хлопцы-танкісты былі ненамнога старэйшыя за мяне», – успамінаў бацька. Праз іх і ён паспеў паваяваць. Аўтаматчыкам мотастралковага батальёна другой танкавай арміі 1-га Беларускага фронту. Берлін браць не давялося. Стаялі на подступах да яго…

«Яны вярнуліся пераможцамі» – так называецца адзін з раздзелаў экспазіцыі, якую наш краязнаўчы музей адкрыў да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Ідэя была – знайсці фотадакументы апошніх дзён вайны. І цяпер на адным са стэндаў – фотаздымкі, дзе ўсе маладыя, прыгожыя, яшчэ ў ваенных гімнасцёрках з баявымі ўзнагародамі. Ёсць сярод іх і мой тата – Аляксандр Малькевіч, яго брат Лаўрэнцій, таксама франтавік, і іх старэйшая сястра Таццяна, якую ўжо цяжарнай немцы вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. І там яна нарадзіла сына. Муж загінуў на фронце.

А нашу вёску Кішкарэпы ў 1966 годзе перайменавалі ў Малькевічы. Тым самым увекавечыўшы імя адчайнага і смелага юнака, народнага мсціўца з партызанскай брыгады імя Будзённага.

Вольга КОЛАСАВА,
дачка, старшы навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий