Свой стыль і почырк

Музычныя творы маладых кампазітараў Беларусі, Расіі, Башкартастана, Малдовы, Татарстана і Рэспублікі Саха гучалі на ўрачыстым канцэрце, што прайшоў у Маладзечанскім музычным каледжы ў рамках V міжнароднага сімфанічнага семінара-форуму кампазітараў краін СНД.

Мікалай Міхееў (Якуцк), Ляйсан Абдуліна (Казань), Сняжана Пыслар (Кішынёў), Вікторыя Гайвяновіч (Брэст) і многія іншыя аўтары данеслі свае творы да слухача дзякуючы заслужанаму калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнаму аркестру Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Рыгора Сарокі.

– Вы вельмі шчаслівыя людзі: Бог на­дзяліў вас вялікім талентам ствараць музыку, а пасля яшчэ і даў магчымасць пачуць яе ў выкананні такога выдатнага калектыву, прычым  на самым узлёце сваёй прафесійнай дзейнасці, – сказала, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок.

V міжнародны сімфанічны форум-конкурс кампазітараў краін СНД праходзіць на базе Маладзечанскага музычнага каледжа з 10 па 19 красавіка. У яго рабоце прымаюць удзел каля 30 маладых кампазітараў Беларусі, Расіі і Малдовы, якія прадставяць на суд выкладчыкаў і кіраўніка аркестра свае новыя партытуры.

Першым і адзіным на постсавецкай прасторы мерапрыемствам, удзельнікі якога маюць магчымасць працаваць з аркестрам напрамую, назваў форум кампазітар, віяланчэліст, прэзідэнт Міжнароднай гільдыі маладых музыкантаў «МіжнародМалАд» Расійскага музычнага саюза Яраслаў Су­дзілоўскі. Пры гэтым ён заўважыў, што ні ў Маскве, ні ў Санкт-Пецярбургу, ні ў Мінску такога няма.

– Семінары-форумы ў Маладзечне не проста згуртоўваюць прадстаўнікоў розных народаў і краін, – разважае Віктар Зіноўеў (Масква). – Для нас, удзельнікаў, яны яшчэ і своеасаблівая школа, у якой за дзесяць дзён можна навучыцца таму, чаму не навучаць ні ў адной кансерваторыі, – рабоце з сімфанічным аркестрам.
Узбагачаюць і заняткі з выдатнымі лектарамі, якія чытаюць аўтарскія курсы па гісторыі музыкі, інструментоўцы. Дастаткова назваць імёны такіх музыкантаў, як Марк Пякарскі, Дзмітрый Лыбін, якія з году ў год прыязджаюць у Маладзечна, каб даваць веды творчай моладзі.

Мерапрыемства год ад году пашырае свае межы. Сёлета да праграмы форуму далучыліся Йіржы Бездэк (Чэхія) – кампазітар, загадчык кафедры кампазіцыі Пражскай акадэміі музыкі, і Леанід Любоўскі (Татарстан) – кампазітар, прафесар Казанскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Н. Жыганава, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі і Татарстана.

Віктар не прапусціў пакуль што ніводнага форуму. А падчас сёлетняга, юбілейнага, выканаў разам з сімфанічным аркестрам музычнага каледжа свой Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам №1.
А вось Ягор Яфімаў у нашым горадзе ўпершыню. Кажа, прыехаў на семінар-форум з Якуціі, дзе тэрмометр за акном паказвае пакуль яшчэ мінус 15. Таму ў першыя дні праходзіў акліматызацыю, наведваў семінары, а цяпер вось працуе над новым цыклам п’ес пад назвай «Любоўныя лісты». Іх будзе сем, столькі ж, колькі дзён у тыдні. І кожную п’есу кампазітар адрасуе жонцы Іне, прысвячае свайму народу і яго звычаям.

Пра тое, што ў творах маладых кампазітараў, якія ўвесь вечар гучалі ў Маладзечанскім музычным каледжы, ёсць адчуванне традыцый розных народаў і іх нацыянальныя вытокі, гаварыла і старшыня Беларускага саюза кампазітараў, педагог і кампазітар Алена Атрашкевіч.

– У музыцы, якая гучыць сёння на канцэрце, праглядваецца творчы пошук, – дадала яна. – Адчуваецца, што яе пісалі прафесіяналы, якія ведаюць, штó такое паліфанія, гармонія, рытм. Усе яны – людзі з перспектывай, якія, знайшоўшы свой стыль і почырк, могуць стаць такімі ж вядомымі кампазітарамі, як Шастаковіч, Пракоф’еў. Ну а для гэтага, вядома, трэба вучыцца і працаваць, таму што зоркі проста так не запальваюцца.

Марына СЛІЖ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий