Трэба дома бываць часцей

Зараз за мяжой жыве каля 3,5 млн беларусаў. Нават у Італіі нашы суайчыннікі спяваюць песні сваіх продкаў, гатуюць беларускія стравы, зберагаюць родную мову, традыцыі і абрады старонкі, дзе растуць валошкі колеру неба…

А сабраць багаты фальклорны матэрыял сваіх продкаў і падзяліцца ім у мясцовых дыяспарах нашы землякі за мяжой могуць дзякуючы традыцыйнай творчай стажыроўцы ў Беларусі. Сёлета яна праходзіла з 7 па 13 красавіка.

– Упершыню такое мерапрыемства адбылося ў 2013 годзе на базе Інстытута культуры. Пачынаючы з 2016 года, стажыроўкі арганізоўвае Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Жадаючых паўдзельні­чаць становіцца ўсё больш. Таму, пачынаючы з гэтага года, будзем праводзіць па дзве такія сустрэчы – наступная запланавана на кастрычнік, – расказвае начальнік аддзела метадычнага забеспячэння дзейнасці клубных устаноў Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Раіса Вайцяхоўская.

Сёлета на сваю гістарычную радзіму прыехалі больш за 20 чалавек з Італіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Расіі, Арменіі, Казахстана і Узбекістана. Землякоў сустракалі сталіца і Мінская вобласць.

Усе госці – кіраўнікі беларускіх замежных непрафесійных калектываў і старшыні беларускіх грамадскіх аб’яднанняў за мяжой. Іх знаёмства са славутасцямі цэнтральнага рэгіёна, культурнымі традыцыямі, лекцыі і майстар-класы паспрыяюць міжнародным творчым кантактам, дапамогуць захаванню нацыянальнай самаідэнтычнасці.
Праграма была насычана профільнымі майстар-класамі, якіх правялі з дзясятак: ігра на народных музычных інструментах, выцінанка, велікодная пісанка. Госці пабывалі на рэпетыцыі Нацыянальнага акадэмічнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча, а ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў даведаліся, як працуюць над падрыхтоўкай спектакляў і тэатралізацыяй народных песень у мастацкім калектыве.

У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ля аграгарадка Азярцо беларусы замежжа паўдзельнічалі ў абрадавым мерапрыемстве «Сцежкамі народных святаў. Вясна».
У Мінску госці пазнаёміліся з батлейкай і Мастацкім фондам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Прыгажосць нашай сталіцы адкрылі экскурсія па Верхнім горадзе, наведванне храма-помніка Усіх Святых, Нацыянальнай бібліятэкі, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

А на Лагойшчыне міжнародная дэлегацыя беларусаў азнаёмілася з мясцовай культурнай спадчынай. Тут нашы суайчыннікі з іншых краін ацанілі досвед раённага цэнтра культуры і вольнага часу. Майстар-класы для іх правялі аматарскія калектывы – народны ансамбль песні «Шчодрыца», у аснове творчасці якога – сінтэз аўтэнтычнай і сучаснай манеры выканання, а таксама народны ансамбль фальклорна-бытавога танца «Суботка», які выконвае танцы старэйшага пакалення Лагойшчыны. Затым госці пабывалі ў мастацкай галерэі паэта, мастака і грамадскага дзеяча С. Ф. Давідовіча. На аграсядзібе «Расохі» майстры па саломапляценню, ганчары і ткачы паказалі прадстаўнікам замежных краін, як ствараюцца нацыянальныя сувеніры: гліняныя цацкі, паясы на дошчачках і бёрдзечку. Госці змаглі паўдзельнічаць і ў прыгатаванні страў беларускай кухні.

– Беларускія грамадскія арганізацыі ў розных краінах свету ўсё больш актыўна займаюцца развіццём міжнароднага турызму. Ствараюцца інфармацыйна-культурныя і дзелавыя цэнтры, – зазначыла Раіса Вайцяхоўская. – Культура Беларусі ўнікальная па ступені захаванасці аўтэнтычных форм, жывога песенна-музычнага фальклору, традыцыйных рамёстваў. Яе варта распаўсюджваць. Беларуская дыяспара дапамагае павышэнню станоўчага іміджу нашай краіны ў свеце.

Звацца беларусамі

Купалле ў Клайпедзе, Каляда ў Неапалі, мова Якуба Коласа ў Ташкенце. Як беларускія дыяспары ў іншых краінах падтрымліваюць сувязь з радзімай? Што робяць для зберажэння і распаўсюджвання беларускай культуры за мяжой?

Італія, Неапаль. Старшыня асацыяцыі BELLARUS Таццяна ПУМПУЛЕВА:

– Я з Рагачоўскага раёна Гомельшчыны. Выйшла замуж за італьянца і пераехала да яго. Асацыяцыю BELLARUS у Неапалі зарэгістравала сама. Яе філіял ёсць і ў адміністрацыйнай вобласці Калабрыя. Мы імкнёмся захаваць і распаўсюджваць беларускую культуру. Ладзім канцэрты, дзе з беларускім рэпертуарам выступае створаны намі хор «Спадчына». Сярод яго ўдзельнікаў ёсць і карэнныя італьянцы, якім вельмі падабаецца спяваць па-беларуску. На нашы святы запрашаем прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей.

Разам святкуем 8 Сакавіка. У Італіі гэта звычайны працоўны дзень. Не адзначаюць у Неапалі і Новы год 1 студзеня. Таму спецыяльна для дзяцей беларусаў праводзім ранішнік з Дзедам Марозам і Снягуркай, з падарункамі. Усе разам збіраемся і на Калядкі. Ёсць у нас і беларускія вячоркі – сяброўскія гутаркі за сталом, абмен інфармацыяй. Калі на пастаяннае месца жыхарства прыязджае беларус і мае патрэбу ў дапамозе, мы над ім апякуемся, як сям’я, дапамагаем разабрацца ва ўсіх юрыдычных нюансах.

Расія, Томск. Старшыня рэгіянальнай грамадскай арганізацыі нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў у Томскай вобласці Любоў АДАСКЕВІЧ:

– У Расіі жыву сорак год. Карані мае на Навагрудчыне. Нашай арганізацыі ўжо амаль 20 год. На томскай зямлі пражывае каля пяці тысяч беларусаў. Але мы выявілі, што людзей з беларускімі каранямі нашмат болей, чым паводле даных перапісу. Сёлета выйгралі грант расійскага прэзідэнта па заяўцы «Мае продкі – з Беларусі». Ён дапаможа захаваць гістарычную памяць. Збіраем гісторыі беларусаў, якія перасяліліся ў сібірскі рэгіён у другой палове XIX – першай палове ХХ стагоддзя. Стварылі выставу адпаведнай тэматыкі, якую возім па ўсёй вобласці. На яе адкрыццё да нас прыязджала дэлегацыя Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый, праводзіла для нас майстар-класы па старажытнаму танцу і аўтэнтычных песнях. У нас шмат вёсак, дзе жывуць нашчадкі беларусаў. Звесткі аб перасяленні, акрамя томскіх архіваў, нам дапамагае шукаць Нацыянальны гістарычны музей Беларусі. Усе дакументы размяшчаюцца на сайце нашай арганізацыі. Нам цікавая гісторыя кожнага чалавека. У Томску стаў традыцыйным фестываль «Радзіма мая Беларусь». Ён мае міжнародны статус – удзельнічаюць беларускія суполкі Расіі, ансамблі з Беларусі. Творчыя калектывы нашай арганізацыі штогод выпраўляюцца ў Беларусь на Дзень Незалежнасці – каб не забываць сваіх каранёў.

Літва, Клайпеда. Прэзідэнт аб’яднання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы, старшыня беларускай суполкі Клайпеды «Крыніца» Мікалай ЛОГВІН:

– Падтрымліваем сувязі з нашымі землякамі. З Лідскім райвыканкамам падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве. Напрыклад, члены нашай суполкі ўдзельнічалі ў канцэртах на рэспубліканскіх «Дажынках», якія праходзілі ў Лідзе. У сваю чаргу мясцовыя творчыя калектывы прыязджаюць на святы ў Клайпеду. Арганізоўваем турыстычныя падарожжы для беларусаў Клайпеды ў Ліду, Навагрудак, Мір, Нясвіж, Брэст, Мінск, на «Славянскі базар».

А зараз, калі Гродзенскі раён набыў статус бязвізавай тэрыторыі, такія падарожжы арганізоўваюцца два-тры разы на год. З лідскімі аматарамі эпохі вікінгаў ажыццявілі цікавы праект – вандраванне на сярэднявечным караблі па Нёмане з Гродна да Клайпеды, з выхадам у Балтыйскае мора. Водны паход доўжыўся два тыдні. На такія доўгія дыстанцыі на драўлянай лодцы ў СНД, кажуць, яшчэ не хадзілі. Паводле даных апошняга перапісу насельніцтва, у Літве жыве 68 тысяч беларусаў. Дыяспару ў Клайпедзе ўтварылі беларусы, якія прыехалі працаваць у марскі порт, паступаць у мясцовае мараходнае вучылішча. Зараз многія дзеці членаў нашай суполкі паступаюць вучыцца ў беларускія ВНУ па праграме дапамогі беларусам замежжа.

Імкнёмся зберагаць найлепшыя нацыянальныя традыцыі. Святкуем Купалле на беразе ракі Мініі з усімі абрадамі і пошукам папараць-кветкі. А ў маі – Дні беларускай культуры, куды запрашаем салістаў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра і іншыя прафесійныя калектывы з роднай краіны. У нашу суполку ў Клайпедзе просяцца палякі, рускія – мы ўсіх прымаем з радасцю.

Узбекістан, Ташкент. Старшыня Беларускага культурнага цэнтра «Світанак» Святлана ДУДЗЮК:

– Ва Узбекістане зараз 18 тысяч беларусаў, у Ташкенце – 6 тысяч. У асноўным гэта людзі ва ўзросце за 70–80 гадоў. Былі ўсяго дзве хвалі перасялення: беларусы ехалі будаваць Ташкент пасля разбуральнага землетрасення ў 1966 годзе, а таксама працаваць на ўзвядзенні Мінскім МТЗ трактарнага завода ва ўзбекскай сталіцы. Зараз дзейнасць нашай суполкі скіравана на зберажэнне і распаўсюджванне беларускай мовы. Пры падтрымцы Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка мы адкрылі беларуска-ўзбекскі адукацыйны цэнтр на базе Ташкенцкага педагагічнага ўніверсітэта.

Дарэчы, вывучаць беларускую мову запісалася больш маладых узбекаў, якім цікавая наша культура. Шырока адзначалі 130-годдзе Якуба Коласа, які падчас Вялікай Айчыннай вайны жыў у Ташкенце. Тут у 1942 годзе ён святкаваў свой юбілей, быў зроблены дакументальны фільм. На «Узбекфільме» мне пашчасціла знайсці гэтую стужку і перадаць яе копію ў мінскі музей Якуба Коласа. Плануем перакласці «Сымона-музыку» з беларускай мовы на ўзбекскую – заключылі дамоўленасць з Саюзам пісьменнікаў Узбекістана.

Украіна, Мелітопаль. Старшыня грамадскага аб’яднання «Украіна – Беларускае культурна-асветніцкае таварыства «Сузор’е» Наталля БЯРНАГА:

– Мелітопаль – інтэркультурны горад, дзе жывуць прадстаўнікі больш за сто нацыянальнасцей. Па іх колькасці мы другія пасля Ліверпуля. Нашаму аб’яднанню ўсяго два гады. Стварылі яго, калі высветлілася, што ў Запарожскай вобласці шмат беларусаў, якія даўно хочуць адраджаць свае традыцыі, культуру, нацыянальную кухню. Напрыклад, ёсць сяло Гусарка, дзе жывуць толькі беларусы-перасяленцы.

У іх шыкоўны музей беларускай культуры, праводзіцца фэст «Гусарская бульба», нават помнік бульбе паставілі. На базе адной са школ Мелітопаля наша суполка адкрыла факультатыўны беларускі клас, дзе ладзяцца тэатралізаваныя пастаноўкі на беларускай мове, моладзь асвойвае беларускае рукадзелле.

Алена ПАШКЕВІЧ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий