У хвалях няспыннага руху: аўтамабільнымі шляхамі Якуба Коласа

Вакол колішняй коласаўскай сядзібы ў Мінску – дагледжаны сад, на музейнай тэрыторыі знаходзяцца і гаспадарчыя пабудовы. Таксама гараж, які пабудаваны ў 1946 годзе. Тут адкрылі экспазіцыю «У хвалях няспыннага руху: аўтамабільнымі шляхамі Якуба Коласа». Праз шэсць машын паэта можна меркаваць пра значны адрэзак яго жыцця на фоне гістарычнай і палітычнай сітуацыі ХХ стагоддзя ў нашай краіне.

На лабавым шкле макета аднаго з аўтамабіляў (прыкладна такім карыстаўся Колас) прыладжаны экран, дзе можна прагледзець кадры кінахронікі з жыцця паэта ў 30-х гг. мінулага стагоддзя – перыяду рэпрэсій на тэрыторыі савецкай краіны. Сёння мы раскажам, на якіх аўтамабілях ездзіў народны Пясняр.

«Эмка» ідзе ў армію

Аўтамабіль «ГАЗ М-1», альбо «Эмка», які на Горкаўскім аўтазаводзе праектаваўся па ўзору «Форда», быў выдзелены пісьменніку «за выдатныя заслугі ў галіне беларускай мастацкай літаратуры» паводле пастановы СНК БССР і ЦК КП(б)Б «Аб узнагароджанні народнага паэта БССР Якуба Коласа». Яна была падпісана з нагоды ўрачыстага святкавання 30-годдзя яго літаратурнай дзейнасці ў кастрычніку 1936 года.

Аднак яшчэ з 1925 года Канстанцін Міцкевіч знаходзіўся пад пільнай увагай органаў дзяржбяспекі. Адна за адной фабрыкаваліся справы. На паэта часта нагаворвалі, выкрывалі як аднаго «из руководителей нац.-фашистского подполья и польского шпиона». Колас нават доўгі час спаў не распранаючыся, трымаючы клунак самых неабходных рэчаў пад рукой. Былі арыштаваны і рэп­рэсіраваны яго блізкія сваякі: дзя­дзька па матчынай лініі, грамадскі і палітычны дзеяч, мовазнаўца Язэп Лёсік; родны брат жонкі Коласа Аляксандр Каменскі.

Сёлета Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Якуба Коласа спаўняецца 60 год
Гэта адзіны мемарыяльны музей-сядзіба ў Мінску. Ён размешчаны ў двухпавярховым доме на вуліцы Акадэмічнай, дзе жыў народны паэт. За час існавання музей наведала каля 4 млн чалавек. Фонд налічвае больш за 35 тысяч прадметаў. З нагоды юбілею пазнаёмімся з самымі цікавымі экспазіцыямі сталічнага музея і яго філіяла «Мікалаеўшчына» на радзіме Якуба Коласа ў Стаўбцоўскім раёне.

Мемарыяльная сядзіба «Акінчыцы», дзе нарадзіўся народны паэт

Якімі б складанымі ні былі абставіны асабістага жыцця, пісьменнік заўсёды імкнуўся дапамагчы блізкім і знаёмым, зрабіць усё, каб не даць ім загінуць пад коламі сталінскай рэпрэсіўнай машыны. Ён заступаўся за «раскулачаных» сясцёр і маці Янкі Купалы, якія ўжо чакалі высылкі; дапамагаў пісьменніку Кузьме Чорнаму; славутаму дзеячу музычнага мастацтва Рыгору Шырме і многім іншым.

У 1938 годзе на пасаду сакратара ЦК партыі Беларусі быў прызначаны Панцеляймон Панамарэнка. Менавіта ён вырашыў напісаць ліст Сталіну «Аб беларускай мове, літаратуры і пісьменніках», у якім прасіў парады, што рабіць з контррэвалюцыйнымі асобамі – Янкам Купалам і Якубам Коласам. Сталін пабаяўся падвяргаць рэпрэсіям народных песняроў: гэта магло падарваць аўтарытэт Савецкай улады ў Заходняй Беларусі. Замест ордэраў на арышт Колас з Купалам 31 студзеня 1939 года атрымалі ордэны Леніна. Фактычна ўзнагарода стала ахоўнай індульгенцыяй ад будучых нападак.

У эвакуацыю на Chevrolet

Перад 1940 годам абодва паэта атрымалі па трафейнаму аўтамабілю маркі «Шэўрале». А «ГАЗ М-1», як казаў Купала, «забралі служыць у войска».

24 чэрвеня 1941 года пасля налёту нямецкіх самалётаў у гора­дзе пачаліся пажары. Якуб Колас з жонкай, сынамі Даніілам і Міхасём, са стрыечным дзядзькам Ігнатам Міцкевічам на сваёй машыне выехаў з Мінска.

Пасля доўгага і складанага падарожжа, якое працягвалася да 5 ліпеня, сям’я пісьменніка прыехала ў гарадскі пасёлак Клязьма да старэйшага брата жонкі Коласа – Міхала Каменскага. Праз некалькі дзён з Масквы ў Клязьму на сваёй машыне прыехаў і Янка Купала. Разам народныя песняры пільна сачылі за весткамі з фронту.

У канцы ліпеня 1941 года беларускім урадам прынята пастанова аб эвакуацыі супрацоўнікаў Акадэміі навук у Ташкент (Якуб Колас займаў пасаду віцэ-прэзідэнта з 1929 да 1956 года). Сям’я Міцкевічаў тры гады жыла ва Узбекістане.

Васільковая «Алімпія»

І толькі ў снежні 1944 года Якуб Колас з сынам Даніілам вярнуліся ў разбураны Мінск. Пісьменнік страціў на вайне сярэдняга сына – Юрыя, некаторых блізкіх, сяброў, паплечнікаў. Але трэба было жыць далей.

Па прашэнню Якуб Колас атрымаў ад уладаў «Опель-Алімпію», трафейны аўтамабіль васільковага колеру. Вадзіцелем у паэта быў Фёдар Хадасоўскі – яшчэ да вайны ён кіраваў коласаўскім Chevrolet.
Пасяліўся пісьменнік з сынамі ў невялікім драўляным доміку на тэрыторыі Акадэміі навук. Колас марыў, што ў гэтай маленькай, але ўтульнай хатцы зноў збярэцца разам уся яго сям’я. Але, на жаль, гэта не спраўдзілася. У маі 1945 года пасля доўгай і цяжкай хваробы не стала «любай кветкі» – жонкі Марыі.

«Адмірал» служыў паэту

У 1947-м Якуб Колас атрымаў чорны «Опель-Адмірал» – падарунак ад старшыні Савета Міністраў БССР Панцеляймона Панамарэнкі (на аўто да гэтага ездзіў ягоны сын). У сваім дзённіку паэт напіша: «Каля паловы 6-й прыгналі «Адмірала». Каля 8 гадзін вечара ездзілі на аўтастраду. Праехалі 27 кіламетраў у адзін бок».

Калясіць па гораду даводзілася амаль кожны дзень: Колас прымаў удзел у пасяджэннях, сесіях, мітынгах. Ды і каб сустракацца з выбаршчыкамі, яму, дэпутату Вярхоўнага Савета БССР, без машыны нельга было абысціся. Асабліва запомніў пісьменнік паездку на Палессе. Машына загразла ў снезе, і пасажыры мусілі дабірацца на санях: «Быў і надзею страціў, што вярнуся дахаты…» – адзначаў Колас у дзённіку.

«Победа» ў 1953-м

Аўтамабіль «ГАЗ М-20», альбо «Победу», сям’я набыла ў 1953 годзе. Сам Якуб Колас за руль не садзіўся: не меў вадзіцельскага пасведчання. Машынай часцей карыстаўся старэйшы сын – Данііл Міцкевіч са сваёй жонкай Зарынай. Зараз «Победой» валодае ўнук Якуба Коласа Андрэй Міцкевіч.

«ЗІМ» для прэзідэнта

У 1955 годзе ад Акадэміі навук Якуб Колас, як і некаторыя іншыя акадэмікі, атрымаў службовы аўтамабіль «ГАЗ-12», альбо «ЗІМ». Ездзіць на аўтамабілі прадстаўнічага класу дазваляла пасада: 28 год паэт быў віцэ-прэзідэнтам гуманітарнага сектара АН БССР.

Напрыканцы жыцця Канстанцін Міхайлавіч вельмі хварэў і часта паўтараў: «Я тут часовы госць. Прывыкайце жыць без мяне». За апошнія 10 год жыцця ў яго 26 разоў было запаленне лёгкіх, але пісьменнік не кідаў грамадскай дзейнасці: з’езды, пасяджэнні, акадэмічныя сходы, выбарчыя кампаніі. Якуб Колас атрымліваў штодня сотні лістоў з просьбамі і кожнаму, хто да яго звяртаўся, імкнуўся дапамагчы. У сваім апошнім недапісаным лісце да літаратуразнаўцы Яўгена Мазалькова ён называў сябе паэтам толькі на 50%, бо астатнія 50% належалі грамадскай працы.

Сапраўднай душэўнай асалодай для Песняра былі паездкі на Пухавіччыну. Гэтыя мясціны сталі другой радзімай пісьменніка і дарагім напамінам пра сям’ю. Талька, Загібелька, Падбярэжжа, Вусце, Беразянка – вёскі, дзе летам адпачывала сям’я Міцкевічаў у даваенны час. Пасля вайны часта наведваў Балачанку. Дзяцінства і маладыя гады паэта прайшлі ў чароўных мясцінах стаўбцоўскага Прынямоння. Апошні раз Якуб Колас ез­дзіў на малую радзіму 30 красавіка 1956 года – напрыканцы свайго жыцця. Адтуль прывёз вясновую кветку, якую ў Мікалаеўшчыне называюць «сон», і пасадзіў на сваёй сядзібе ў Мінску. На жаль, кветка не прыжылася.

За дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу аўтар выказвае ўдзяч­насць дырэктару дома-музея Я. Коласа Зінаідзе Камароўскай і намесніку дырэктара па навуковай рабоце Ірыне Казловіч.

Падрыхтавала Алена ПАШКЕВІЧ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий