Ва Узду аброць шукаць

Край старажытных сівых курганоў і паселішчаў, праслаўлены яшчэ ў часы князёў Пацаў, Кавячынскіх, Радзівілаў… Чым сёння можа ўразіць сваіх гасцей Уздзеншчына? Не толькі маляўнічымі краявідамі, апетымі ўраджэнцамі нашага краю, паэтамі і пісьменнікамі Кандратам Крапівой, Паўлюком Трусам, Лідзіяй Арабей, адлюстраванымі на карцінах мастака Уладзіміра Ткачова, але і сваімі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, архітэктурнымі помнікамі, аб’ектамі малога і сярэдняга бізнесу, сучаснымі прадпрыемствамі…

Існуе некалькі легенд пра паходжанне назвы Узда. Нібыта пайшла яна ад слова «аброць» (па-руску – «уздечка»): татарскі хан, пераязджаючы цераз мясцовую раку, упусціў у яе вышытую золатам аброць. Яе доўга шукалі, але не знайшлі, а раку і паселішча з тых часоў сталі называць Уздой, раку – Уздзянкай. Яшчэ адно тлумачэнне назвы – ад слова «Усда», што ў перакладзе з татарскай мовы – «паселішча на рацэ Уса».

На тэрыторыі раёна вялікая колькасць помнікаў: 22 – археалогіі, 7 – архітэктуры, 168 ваенна-гістарычных.

У госці да Наркевіча-Ёдкі

У вёсцы Наднёман жыў і рабіў свае навуковыя адкрыцці таленавіты беларускі вучоны Якуб Наркевіч-Ёдка. Зразумела, час наклаў свой адбітак – ад сядзібы прыродазнаўцы засталіся толькі фрагменты муроў. З 2015 г. у сядзібе Наднёман уласнікам У. Самуйлавым з выкарыстаннем замежнай бязвыплатнай дапамогі праводзіцца шырокі комплекс рамонтна-рэстаўрацыйных работ. Адрэстаўраваны ўязная брама і карэтны хлеў, выкананы работы па кансервацыі руін асобных аб’ектаў і расчыстцы парку, прыведзена ў належны стан месца сямейнага пахавання Я. Наркевіча-Ёдкі. Летась пачалося аднаўленне сядзібнага дома, аранжарэі і асноўных гаспадарчых пабудоў, адкрыта ўступная музейная экспазіцыя, якая расказвае пра жыццё і дзейнасць вучонага і гісторыю сядзібы. Пасля заканчэння рэстаўрацыі тут плануецца стварыць музей-лабараторыю вучонага, а таксама навукова-адукацыйны цэнтр з метэаралагічнай і навуковымі лабараторыямі.

Паломніцтва да анёла-ахоўніка

Да магілы праваслаўнага святара Міхаіла Навіцкага ідуць паломнікі з усіх куткоў нашай краіны.

Настаяцелем Свята-Петра-Паўлаўскай царквы ва Уздзе стаў Міхаіл Навіцкі ў 1920 годзе, а ў 1933-м храм закрылі. Аднак набажэнствы не спыніліся. Айцец Міхаіл праводзіў іх у вартоўні пры царкоўным пагосце. У 1935 годзе ноччу з Вялікай пятніцы на Вялікую суботу да святара прыйшоў невядомы чалавек, які патрабаваў аддаць яму царкоўныя каштоўнасці, а затым моцна збіў Навіцкага. Сваю апошнюю літургію ў дзень светлага Хрыстовага Уваскрэсення айцец Міхаіл адслужыў лежачы, а на трэці дзень пасля Пасхі памёр.

У 1999 годзе Сінодам Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы айцец Міхаіл Навіцкі праслаўлены ў ліку дваццаці трох свяшчэннамучанікаў. З таго часу на трэці дзень Вялікадня ў райцэнтры ладзіцца хрэсны ход, маршрут якога паўтарае апошні шлях протаіерэя Міхаіла Навіцкага: ад царквы да мясцовых могілак, дзе ён пахаваны.

У жніўні 2000 года Міхаіл Навіцкі прылічаны да ліку святых.
Дарэчы, унікальным экспанатам раённага гісторыка-краязнаўчага музея лічыцца малітоўнік айца Міхаіла, датаваны 1928 годам. Гэтую кніжку святар штодзень трымаў у руках, з ёю праводзіў набажэнствы ў мясцовым храме.

Пірамідальная грабніца-пахавальня

Адзін з самых арыгінальных помнікаў беларускай архітэктуры размешчаны на гарадскіх могілках, дзе знаходзіцца грабніца-пахавальня роду Завішаў. Пабудавана яна ў 1800 годзе генералам Казімірам Завішам у форме піраміды. Складалася з двух узроўняў: верхняга (патаемны пакой), прызначанага для малітваў, і ніжняга, які выкарыстоўваўся як склеп. Сёння пахаванняў у ёй не засталося.

Танцы на валунах

Геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Валуны» знаходзіцца на ўскраіне вёскі Камянное. Два гранітныя камяні ледавіковага перыяду размешчаны на адлегласці трох метраў адзін ад аднаго. Яны даволі вялікія: адзін – 7х4х1,5 м, другі – 5х3х2 м.

Валуны прынесены з тэрыторыі Скандынавіі падчас сожскага абледзянення 220–150 тысяч год таму і з’яўляюцца самай буйной па памерах групай валуноў у Мінскай вобласці.

Паводле падання, на гэтых камянях маглі адначасова танцаваць 12 пар.

Носім сваё

Фабрыкі ў розных рэгіёнах краіны, звыш ста фірменных магазі-
наў – усё гэта таварыства з абмежаванай адказнасцю «Марк Фармэль». Створана яно ў 2009 годзе на базе Уздзенскай швейнай фабрыкі, і сёння з’яўляецца галоўнай прамысловай арганізацыяй раёна. Гэта высокатэхналагічнае і якасна абсталяванае прадпрыемства па пашыву бялізнавага і верхняга трыкатажнага асартыменту, дзе ўстаноўлены новая раскройная лінія і сучаснае абсталяванне ў цэх друку.

На працягу апошніх год фабрыка з’яўляецца лідарам па многіх паказчыках, у тым ліку ў вытворчасці інавацыйнай прадукцыі – тэрмабялізны. Прадпрыемства ажыццяўляе пастаўкі не толькі па Беларусі, але таксама і ў краіны СНД.

Інавацыі ў касметыцы і сельскай гаспадарцы

ЗАТ «Вітэкс» – не проста прадпрыемства па выпуску касметычнай прадукцыі. Тут функцыянуе поўны цыкл вытворчасці: ад распрацоўкі ўнікальнай рэцэптуры прэпарата і стварэння дызайну ўпакоўкі да рэалізацыі прадукцыі праз уласную тавараправодную сетку крам і гандлёвых дамоў. Прадпрыемства вырабляе звыш 700 найменняў рознай парфумерна-касметычнай прадукцыі, большая частка якой экспартуецца ў розныя краіны свету.

ЗАТ адным з першых уключылася ў агульнадзяржаўную праграму па інвесціраванню сельскай гаспадаркі. У 2004 годзе набыло СВК «Цеплень», стварыўшы на яго базе сельскагаспадарчы філіял. Сёння гэта адзін з перадавых сучасных гаспадарча-прамысловых комплексаў, не толькі ў вобласці, але і ў краіне. Так, напрыклад, у 2016 годзе ў «Вітэксе» забяспечаны самы высокі надой ад каровы – 10 308 кг малака (першае месца ў рэспубліцы). У гэтым заслуга і аператара машыннага даення Таццяны Віктараўны Анейчык, якая ўдастоена звання «Чалавек года Міншчыны».

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий