Вяртаюцца людзі ў вёску

Красавіцкае сонца шчодра грэе сваімі промнямі зямлю. Узяўшы ў рукі невялічкую рыдлёўку, жыхарка вёскі Бурбаўшчына Леваніла Равяка, ці, як завуць яе мясцовыя, цётка Лена, “успорвае” пад зяленіва градку. 

На іх прысыпаным чарнобыльскім попелам прысядзібным участку зямля не пуставала ніколі. Бульбу, агуркі, буракі, капусту, памідоры вырошчвалі як да аварыі, так і пасля яе.

— Не прывыклі мы па кожную цыбуліну бегаць у краму, — усміхаецца жанчына. — Ды і мясцовая ўлада, медыкі трымаць сваю гаспадарку ніколі не забаранялі. Прыязджалі ў канцы 80-х — пачатку 90-х у вёску часта. Хадзілі з дазіметрамі ад хаты да хаты, праводзілі замеры, гутаркі, тлумачылі, як апрацоўваць гародніну, садавіну перад  прыгатаваннем. Наведвалася да нас і спецыяльная лабараторыя на колах. Прама тут, у Бурбаўшчыне, правяралі ваду, мяса, малако, тварог. За плот мясцовыя жыхары не выкінулі нічога. Спецыялісты казалі, што нормы дапушчальныя. А мы і рады: жылі, працавалі, летам адпраўлялі  дзетак на аздараўленне за мяжу, і кожны раз дзякавалі Богу за тое, што пашкадаваў, пакінуў на сваёй зямлі. Бо суседнія Родзькі, а разам з імі і Ціханаўшчыну, пасля той бяды выселілі.

У Мінскай вобласці ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі найбольш пацярпеў Валожынскі раён, дзе больш за 20 працэнтаў тэрыторыі аказалася забруджана радыеактыўнымі рэчывамі. 163 населеныя пункты, 18 сельскіх саветаў, сярод якіх Івянецкі, Пяршайскі, Багданаўскі, Вішнеўскі і іншыя.

Працэдура праходзіла спакойна: без міліцыянераў, ваенных, лішняй мітусні. Людзям проста прадаставілі магчымасць выбраць для далейшага жыцця іншыя населеныя пункты. Першай у горад выправілася моладзь. А за дзецьмі паехалі і бацькі. Флёрка, напрыклад, асеў у суседнім Івянцы. Галубы, Карэтнікі прыжыліся ў дзяцей.

У пакінутыя Родзькі Леваніла Равяка трапіла дзесьці гады праз два пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Прыйшоўшы аднае раніцы з фермы, дзе працавала даяркай, вырашыла набраць ягад у лесе. Кажа, ногі быццам бы самі прывялі на тое месца, дзе калісьці віравала жыццё. Доўга глядзела на пакінутыя хаты, велізарныя сады, што засталіся без гаспадароў, а пасля “нырнула” ў лесапасадку, што ішла паралельна з былой вёскай.

— Вось тады я і зразумела, штó такое чарнобыльская анамалія, — кажа жанчына. — Чарніцы ў лесе ля Родзькаў былі велічынёй з вішню, а маліны нагадвалі слівы. Ні да гэтага, ні пасля такога  я не бачыла. Затое мясцовыя людзі не раз расказвалі, што знаходзілі сярод лесу дзіўныя грыбныя паляны, дзе баравікі альбо махавікі можна было касой касіць. Хтосьці абыходзіў тое багацце бокам, хтосьці збіраў, саліў-марынаваў. Шкодзілі ці не шкодзілі яны здароўю — не ведаю. А вось што выпадкаў атручэння дарамі лесу ў вёсцы не было ніколі, магу сказаць дакладна. Мы ж тут усе адно ў аднаго навідавоку…

Аб тым, што ў Чарнобылі здарылася аварыя, жыхары Бурбаўшчыны даведаліся не адразу.

— 28 красавіка хтосьці з мясцовых пачуў па радыё інфармацыйнае паведамленне, што на атамнай станцыі  адзін з рэактараў атрымаў невялікае пашкоджанне, — прыгадвае мясцовы жыхар Яўген Урбан. — Відаць, улада хацела пазбегнуць панікі. І пры гэтым зусім не турбавалася аб наступствах. Першага мая, а надвор’е ў той год было сонечнае, цёплае, людзі выйшлі на дэманстрацыю. Святкавалі, сабраўшыся разам, і Дзень Перамогі. І хоць бы хто папярэдзіў, сказаў, што трэба засцерагацца…

На той час Яўген Урбан працаваў трактарыстам у калгасе імя Карла Маркса. Усю вясну араў, сеяў… Але не так было крыўдна пасля за сябе, як за дзяцей, што разам з бацькамі шчыравалі на полі і ў агародзе. А чарнобыльскі вецер нёс з сабой радыеактыўны пыл…

— Цяпер мясцовыя людзі хварэюць, — разважае Яўген Урбан. — Амаль кожны скардзіцца на дрэннае самаадчуванне, болі ў суставах. Толькі адна справа, калі стогнуць па начах 80-гадовыя бабулі і дзядулі, і зусім іншая — калі не ўсё ў парадку са здароўем у іх  унукаў.

У цэлым кожны год на чарнобыльскую праграму выдаткоўваецца мінімум 3% бюджэту краіны. Ад 1990 года  гэта 19,3 мільярда долараў, 9 з якіх накіравана на сацыяльную абарону насельніцтва, каля 8 — на сацыяльна-эканамічнае развіццё раёнаў, што пацярпелі ад катастрофы.

— А вы ў апошнія гады правяралі вырашчаныя на сваім агародзе бульбу, буракі? — пытаюся.

— Ды чыстае яно, — махае рукой. — За 33 гады ўсё прайшло і забылася. І Пяршайскі сельсавет ужо даўно не адносіцца да забруджаных тэрыторый.  Хіба што ў лесе радыяцыя засталася, дык жа неабавязкова ягады і грыбы адтуль насіць…

… “Тут-тук, тук-тук”, — даносіцца дзесьці з другога канца вёскі.

— Гэта на ферме ў вас так малаткі стукаюць? —  пытаюся ў Леванілы Равяка.

 — Ды што ты, гэта людзі ў вёску вяртаюцца, — усміхаецца яна. — Аднаўляюць, рамантуюць бацькоўскія хаты. І Жэня, сын мой малодшы, мяняе Мінск на Бурбаўшчыну. Кажа, стаміўся ў чужым горадзе, сэрца ў родны кут просіцца. У 40 гадоў я яго нарадзіла, якраз за год да чарнобыльскай трагедыі. І нічога ж — вырас. Дасць Бог, і яго дзеткі будуць тут яшчэ бегаць, а затым — унукі. Павінна ж вёска жыць.

Марына СЛІЖ , фота аўтара

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий