Ад мястэчка Багуслаў Поле да жалезных волатаў

Інфармацыйна-асветніцкі праект «Міншчына дзівосная» завяршае падарожжа па рэгіёнах вобласці. Апошні пункт маршруту – горад Жодзіна. Тут робяць кар’ерную тэхніку з сусветным імем, узведзена ўнікальная царква з двухсхільным дахам у некалькі радоў, і менавіта ў гэтым кутку калісьці жыла знакамітая на ўвесь Савецкі Саюз маці Анастасія Фамінічна Купрыянава.

Прамысловы горад Жодзіна з’явіўся ў 1963 годзе на месцы мястэчка Жодзін. Яно, у сваю чаргу, было заснавана Багуславам Радзівілам, стаяла на рацэ Пліса з 1643 года і першапачаткова называлася Багуслаў Поле. Ёсць у горадзе цікавы гістарычны помнік з такой назвай. На вялікай зялёнай паляне ўстаноўлены макет вадзянога млына і старога беларускага падворка з драўлянымі хаткамі, скульптурамі і калодзежам. Нешта накшталт рэтра-вёскі ў мініяцюры. Перад варотамі – драўляны зруб з надпісам: «365 год таму назад на злучыне Плісы і Жодзінкі Багуславам Радзівілам заснавана мястэчка Багуслаў Поле, якое паклала пачатак гораду Жодзіна…».

Наконт паходжання сучаснай назвы ёсць некалькі легенд: аб закаханым ваеннапалонным Жордэне, аб рацэ са слёз дзяўчыны Жо­дзінкі, аб сквапным млынару, пра якога казалі: «Змалоць муку ў Жадзіны».

У дакументах упершыню паселішча «Жодзіна Слабада» згадваецца ў 1688 годзе. З XVII стагоддзя яно ўваходзіць у склад ВКЛ і належыць Радзівілам. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Жодзіна Слабада пераходзіць да Расійскай імперыі.

У пасляваенны перыяд Жодзіна – гэта ўжо не сяло, а перспектыўны гарадскі пасёлак. Тут будуюцца ГЭС, аўтамабільны завод. Насельніцтва хутка расце, з усяго Саюза сюды едуць спецыялісты, моладзь. Гарадскім пасёлкам Жо­дзіна стала ў 1958-м, а 7 сакавіка 1963 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Жодзіна атрымала статус горада абласнога падпарадкавання.

Занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса

Больш за ўсё Жодзіна славіцца сваімі волатамі – кар’ернымі самазваламі, якія выпускаюцца на аднайменным прадпрыемстве. Самы вялікі «БЕЛАЗ» грузападымальнасцю 450 тон занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса: гэта машына вышынёй з пяціпавярховы дом і шырынёй 9,5 метра. Ёсць магчымасць загадзя заказаць экскурсію ў музей БЕЛАЗа, убачыць узоры тэхнікі і даведацца пра гісторыю развіцця машынабудавання. Аматары драйву і вострых адчуванняў могуць пракаціцца ў кабіне 130-тонніка на выпрабавальным палігоне.

У апошнюю нядзелю верасня на прадпрыемстве традыцыйна праводзіцца Дзень адчыненых дзвярэй: туды з’язджаюцца госці з розных куткоў краіны і свету, каб азнаёміцца з поўным мадэльным радам тэхнікі і наведаць зборачную вытворчасць унікальных машын.

Гісторыя адной сям’і

Адзін з сімвалаў Жодзіна – манумент у гонар савецкай маці-патрыёткі Анастасіі Купрыянавай. Анастасія Фамінічна стала першай ганаровай жыхаркай горада Жо­дзіна. У свой час пра яе подзвіг і мужнасць даведаўся ўвесь Савецкі Саюз… Толькі вось за ўсім гэтым стаіць велізарнае матчына гора: пяць сыноў Анастасіі Фамінічны загінулі на вайне. Міхась – у 43-м, ён змагаўся разам з партызанамі, трапіў з атрадам у засаду. Параненага ў абедзве нагі, гітлераўцы адвезлі яго ў Барысаў, у штаб гестапа. Там яго катавалі і дапытвалі, там ён і памёр.

Мікалай і Сцяпан загінулі ў баях за вызваленне Польшчы. Уладзімір трапіў у палон у 43-м годзе, яго трымалі ў барысаўскай турме, потым з іншымі ваеннапалоннымі адправілі ў Германію, адкуль ён збег, апынуўся ў Польшчы. Дадому вярнуўся разам з Чырвонай Арміяй.

Але палон і катаванні моцна падарвалі здароўе. Праз тры гады пасля вайны ён памёр на руках у маці. Малодшы Пётр ваяваў у радах партызан. У ліпені 1944-га пайшоў добраахвотнікам на фронт. Апошні ліст маці ён напісаў з Прыбалтыкі. А затым толькі афіцыйныя радкі ўзнагароднага ліста: «У баях з 27 кастрычніка па 2 лістапада 1944 года Пётр Іванавіч Купрыянаў паказаў узор мужнасці і гераізму. Батальёну капітана Буторына была пастаўлена задача авалодаць вышынёй 107,7. Батальён падняўся ў атаку, калі зноў затрашчаў нямецкі кулямёт. Яфрэйтар Купрыянаў кінуўся на амбразуру дзота і закрыў яе сваім целам, забяспечыўшы свабодны шлях батальёна». 24 сакавіка 1945 года Пятру Купрыянаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пасмяротна. Пахаваны ён у Латвіі, каля пасёлка Нікратцэ.
У доме, дзе жыла Анастасія Купрыянава, у 1980 годзе адкрылі музей. Гэта найстарэйшы музей горада і адзіны мемарыяльны музей у Беларусі, прысвечаны маці як гістарычнай асобе. А на праспекце Леніна ёсць помнік Пятру Купрыянаву.

Духоўнае сэрца горада

Гістарычным і духоўным сэрцам Жодзіна лічыцца Царковішча. На гэтым месцы ў розныя гады знаходзіліся розныя храмы. Спачатку гэта была царква Святога Пятра, пазней побач з ёю з’явілася царква Святога Паўла. У XVIII стагоддзі на гэтым месцы была пабудавана Петрапаўлаўская ўніяцкая царква, а з 1863 па 1962 год у цэнтры вёскі Жодзіна стаяла праваслаўная царква Святога Міхаіла Архангела. Усе яны былі знішчаны. Цяпер на месцы Царковішча знаходзіцца праваслаўная капліца Святога Міхаіла Архангела, асвячоная ў 2018 годзе. Побач векавыя дрэвы. Дарэчы, у канцы 1980-х гадоў каля вуліц Брэсцкай і Маскоўскай была ўзведзена драўляная царква Святога Міхаіла Архангела. Храм пабудаваны ў традыцыях рускага праваслаўнага дойлідства. Архітэктура новага храма блізкая па стылі да архітэктуры скітаў Паўночнай Русі XV–XVII стст. Дадзеныя тыпы цэркваў адрозніваліся двухсхільным дахам у некалькі шэрагаў.

Пазней побач была пабудавана мураваная велічная царква Св. Пятра і Паўла. Як і царква Св. Міхаіла Архангела, новая Петрапаўлаўская царква з’яўляецца свайго роду пераемніцай старажытнай Петрапаўлаўскай царквы. Такім чынам, на стыку вуліц Маскоўскай і Брэсцкай узнік новы культурны, духоўны і рэлігійны цэнтр горада.

Тры алеі

Яны з’явіліся не так даўно і сталі знакавымі аб’ектамі.
Алея гарадоў – пабрацімаў Жодзіна створана ў 2018 годзе побач з будынкам гарадской адміністрацыі. Гэта пляцоўка з 12 гранітнымі кнігамі, на старонках якіх – гербы гарадоў-пабрацімаў і іх назвы. Трынаццатая кніга – сам горад Жодзіна.

Алея ліхтароў на праспекце Міру і Алея крэатыўных лавак на праспекце Леніна створаны намаганнямі розных калектываў. Яны сталі сапраўднай разыначкай Жодзіна. І ліхтары, і лаўкі арыгінальныя і адлюстроўваюць сферу дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый горада. Так, напрыклад, на Алеі ліхтароў можна сустрэць каваля за працай (кавальскі завод цяжкіх штамповак), павітацца з пекарам (Жодзінскі хлебазавод). А на Алеі крэатыўных лавак пасядзець за партай (аддзел адукацыі), сфатаграфавацца на фоне рулеткі (рыштунак мясцовых будаўнікоў).

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий