Налібокі – бадай, адно з найцікавейшых мясцін Мішчыны

Напрыканцы красавіка былі ў Налібаках і ваколіцах – бадай, адной з найцікавейшых мясцін не толькі Стаўбцоўшчыны, але і Мішчыны таксама.

Заўсёдна гасцінны і клапатлівы старшыня Налібоцкага сельскага выканкама Аляксандр Пілінкевіч адразу павёў нас… на вясковыя могілкі. Па дарозе фотакарэспандэнт Святлана Курэйчык раз-пораз кідала на мяне няўцямныя позіркі. Яна то не, а я ведаў, што Аляксандру Іванавічу карціць паказаць галгофу. Такая традыцыя ў Налібаках: госці найперш кіруюць сюды, да мясцовай славутасці.

Дайсці да святой гары можна праз упарадкаваны цэнтральны ўваход. Мы ж прабіраемся невялікаю сцежкаю праз старую частку могілак, наўпрост з касцёльнага двара.

Налібацкую галгофу пабудавалі на ахвяраванні і сіламі вяскоўцаў пад апекаю ксяндза Мар’яна Шэршаня, пры актыўнай дапамозе Пілінкевіча. Краязнаўцы кажуць, што ўкрыжавалі якраз тое месца, дзе некалі, яшчэ ў сярэднявеччы, узніклі Налібакі. Слынная гісторыя мястэчка, неверагодныя перапляценні чалавечых лёсаў і падзей дагэтуль дзівяць сучаснікаў.

Пушча-карміцелька

Яшчэ Налібакі называюць варотамі ў пушчу. Зразумела, у якую – Налібоцкую! Уласна, уся тэрыторыя сельскага Савета, якім кіруе Аляксандр Пілінкевіч, гэта і  ёсць пушча. Вёскі Кляцішча, Церабейнае – ўжо амаль  пушчанскія нетры.

28 год таму Пілінкевічы пераехалі сюды з Прыбалтыкі. Аляксандр Іванавіч узгадвае, што быў зачараваны ўбачаным. Уразіла таксама стаўленне людзей да лясоў, якія тут дужа багатыя усім: драўнінай, зверам, ягадамі-грыбамі. На памяці кіраўніка сельсавета не было ніводнага ляснога пажару.

– Пушча для людзей – карміцелька, – Пілінкевіч акуратна загортвае ў паперку недапаленую цыгарэту і кладзе яе ў кішэню. – Тры-чатыры тысячы ў пераліку на даляры зарабіць на лісічках для таго, хто не лянуецца, – звычайная справа.

Летась адна сям’я парупілася ажно на шэсць з паловай тысяч «зялёных» – толькі на ягадах, чарніцах у асноўным. Дзіва што ўлетку ў налібоцкім краі насельнікаў разы ў тры болей: гарадскія сябры, сваякі спецыяльна бяруць адпачынак, каб зарабіць.

– Адны едуць за мяжу марнаваць грошы, а хтосьці – адпачыць у пушчы і папоўніць бюджэт, – смяецца Аляксандр Іванавіч.

Не прызнаецца, што і сам дапамагае вяскоўцам. Усімі праўдамі-няпраўдамі заваблівае ў пушчанскія вёскі як мага болей розных закупшчыкаў.

– Як іх шмат, то і цэны падрастаюць, – тлумачыць няхітрую эканоміку Пілінкевіч.

– Але ж нялёгка дастаюцца тыя грошы…

– Гэтак толькі здаецца, – не пагаджаецца старшыня сельвыканкама. – Экіпіруюцца як належыць, накаленнікі нацягваюць і спако-о-йненька абіраюць тыя ж чарніцы. А зараз – тым больш, бо дазволілі камбайны для збору ягад.

Красавік выдаўся надта засушлівы, і ў пушчанскіх вёсках бедавалі, што ягад і грыбоў сёлета не будзе. Хваляваліся больш па звычцы, бо мясцовыя «фенолагі» прадказалі ўжо і хуткія грунтоўныя дажджы, і ўраджайнае на грыбы і ягады лета. З першым атрымалася як найлепш, што толькі дадало веры народным прыкметам, якія ў Налібоцкай пушчы ўсё ж спрацоўваюць.

Заўзяты грыбнік, Пілінкевіч згадвае багаты 2013 год. Кажа, што з жонкай Нінай везлі баравікі ў кузаве «уазіка», як людзі з поля бульбу ўвосень… Раблю выгляд, што паверыў. А праўда гэта ці не – хто іх, апантаных, ведае…

Праваліўся, як у Кромань

Мясцовае паданне кажа, што на месцы возера некалі стаяла царква, якая раптам зрынулася і схавалася пад вадой. Ад старых людзей і цяпер часам пачуеш такое выслоўе: «праваліўся, як у Кромань».

Можна верыць ці не прыгожай легендзе, але яна хоць неяк тлумачыць унікальную прыродную з’яву, як пасярод абсалютна раўніннага лесу ўтварылася ўпадзіна глыбінёй за 30 метраў. Дакладна вядома толькі тое, што на дне ляжыць збіты нямецкі самалёт.Чакае свайго часу?

Само возера вельмі прыгожае, амаль ідэальнай авальнай формы, з чысцюткай вадой. Раней, расказвае Аляксандр Пілінкевіч, тут вадзіўся нават вугор. Зараз ніхто гэтым не займаецца. Зрэшты, Кромань – прыцягальнае месца для турыстаў. Тут арганізавалі платнае аматарскае рыбалоўства. Ёсць дамкі, дзе можна спыніцца і бавіць час.

– А ці ведаеце, што ў пушчы мядзведзі з’явіліся? – адцягвае ад роздуму над далейшым лёсам унікальнай мясціны Аляксандр Іванавіч. – Невядома адкуль. Асобін 5-6 – на тэрыторыі Налібоцкага заказніка. Ёсць шанц сустрэць.

Міжволі азіраемся вакол.

– І што рабіць тады?

– Пажадана нічога, – смяецца Пілінкевіч. – Найлепей, калі ёсць магчымасць, збегчы…

Пушчанскія мядзведзі – гэта легенда. На іх палявалі яшчэ Радзівілы і менавіта з тутэйшых лясоў звяроў лавілі і адвозілі ў знакамітую смаргонскую мядзвежую акадэмію. Там іх вучылі выконваць розныя цыркавыя трукі.

Больш за стагодддзе іх не было ў Налібоцкай пушчы. І вось – з’явіліся…

– На людзей не нападалі, затое пчальнікі летась бамбілі капітальна, – «супакойвае» нас Аляксандр Іванавіч.– Вуллі варочалі, мёд даставалі. Пчолы адляталі…

Выратаваў электрапастух. Атрымаўшы шокавы «пачастунак», раз’юшаны мядзведзь парваў дрот. Але больш за мёдам не прыходзіў.

– Відаць, палічыў, што сваю долю ўжо з’еў, – жартуе старшыня.

Толькі дуб ведае

– Вясна ў пушчы – гэта першацветы, – Аляксандр Іванавіч вядзе нас на месца, дзе знаходзіўся яўрэйскі партызанскі лагер братоў Бельскіх. – Як толькі кветкі зацвілі, ведай, што маразоў праз тыдзень не будзе.

План лагера дапамаглі ўзнавіць супрацоўнікі навагрудскага музея яўрэйскага супраціўлення. Некалі занядбанае месца дзякуючы Пілінкевічу цяпер мае інфармацыйны стэнд і альтанку. Улетку прыедуць з паўсотні студэнтаў-валанцёраў, якія зоймуцца аднаўленнем зямлянак. Працы шмат.

А месца тут, ля вёскі Кляцішча, сапраўды гістарычнае: больш за дзве тысячы яўрэяў, сярод якіх былі жанчыны і дзеці, змаглі перажыць вайну. 130-гадовы дуб – маўклівы сведка таго часу.

– Што вельмі паказальна, не было здрады з боку мясцовых жыхароў, – гаворыць старшыня Налібоцкага сельвыканкама. – За год з нечым, пакуль стаяў атрад, не знайшлося сволачы, якая б далажыла немцам…

Летам тут збяруцца нашчадкі тых партызан. Людзі прыедуць з родных куткоў свету. Лічы, на сваю малую радзіму…

– Аляксандр Іванавіч, можна пытанне? – праз стромкія вершаліны сосен я гляджу ў бяздонны блакіт.

– Чаму я гэтым займаюся?

– Вы яшчэ і майстар думкі чытаць! – смяюся. – На вашай жа пасадзе клопатаў і так па горла.

– Калі адкажу, што трэба ведаць гісторыю родных мясцін, шанаваць яе і ганарыцца ёю, – не пераканаўча? – парыруе Пілінкевіч.

– Чаму ж?..

– Летась да нас прыязджалі ўжо 12 дэлегацый замежнікаў. Уяўляеце наш турыстычны патэнцыял і тое, які штуршок ён можа даць развіццю налібоцкага краю? – Аляксандр Іванавіч выцягвае пачак цыгарэт і адразу вяртае яго назад ў кішэню. Быццам зноў прачытаў мае думкі…

Ніна Дубовік, лідар стаўбцоўскіх камуністаў:

– Ёсць людзі, якія трымаюць слова і робяць справу, жывуць для людзей. Камуніст Пілінкевіч – адзін з такіх. А Налібоцкі сельскі Савет – у ліку лепшых у раёне. Тут дбаюць пра надзённае, выразна бачаць будучыню.

Гэтымі днямі Аляксандр Іванавіч адзначыць чарговы новы год свайго жыцця. Няхай ён будзе для яго паспяховым і шчаслівым!

Ігар ГАНЧАРУК, фота Святланы КУРЭЙЧЫК

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий