Працаваць у калгасах, якімі кіраваў Аляксандр Сталяроў, марылі многія: толькі заробак там быў на 50% вышэйшы за сярэдні па краіне

Карэспандэнту «МП» Аляксандр Мартынавіч расказаў, як выводзіў у лідары адстаючыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, змагаўся з прыпіскамі і ашуканствам, абараняў Маскву і ўдзельнічаў у прарыве блакады Ленінграда.

«Спачатку падрасці!»

Да вайны Аляксандр Сталяроў жыў у Маскве. Нарадзіўся ён у 1925 годзе ў вёсцы Старожышча Крупскага раёна. Яго бацька па закліку партыі адправіўся на шахты Данбаса. Пасля перанесенага тыфу разам з сям’ёй пераехаў у Маскву, дзе ўладкаваўся на авіяцыйны завод. Пасля сканчэння сямі класаў туды прыйшоў працаваць і Аляксандр.
У 1941 годзе, калі немцы падступілі да Масквы, ён вырашыў пайсці на фронт. Для гэтага 16-гадоваму хлопцу давялося дабавіць сабе паўтара года.

– Прыйшоў да сакратара Кіеўскага райкама камсамола горада Масквы са слязамі на вачах: «Чым дапамагчы Радзіме?». Ён сказаў, што ад нашага завода фарміруецца камуністычны знішчальны батальён. Я – туды. Ваенкам адкрыў мой камсамольскі білет і адрэзаў: «Спачатку падрасці!». Я выйшаў з кабінета, а калі заступіла новая змена, вырашыў схітра­ваць. Сказаў, што мне 17 з паловай гадоў, а дакументы пакінуў дома, – успамінае Аляксандр Мартынавіч.  – Паверылі.

У канцы лістапада немцы зрабілі апошнюю спробу захапіць Маскву. Савецкія войскі неслі вялікія страты. Стралковыя дывізіі ствараліся ў асноўным з маладых байцоў. У адну з такіх груп трапіў і Аляксандр Сталяроў. Батальён накіроўвалі на самыя небяспечныя ўчасткі Падмаскоўя.

– У 1942 годзе нашу дывізію адправілі на прарыў блакады Ленінграда. Свой апошні бой прыняў 28 лютага пад вёскай Старая Руса. Умовы цяжкія: мароз да мінус 30, снег па пояс… Немцы сустрэлі нас шчыльным агнём з кулямётаў, мінамётаў і артылерыйскіх гармат. Адна з мін разарвалася побач са мной. Перад вачыма ўсё жыццё праляцела!.. Апрытомнеў. Скрозь маскхалат і шапку сачылася кроў.

Побач ляжалі дзясяткі параненых. Тут пачуў голас медсястры: «Паўзі да мяне, перавяжу». З апошніх сіл запоўз у лагчыну, якая не прастрэль­валася. З медсанбата мяне ў цяжкім стане адправілі ў Маскву. Вопытны прафесар правёў складаную аперацыю: дастаў з галавы асколак міны. «Пакінь сабе на памяць. Нарадзіўся ў кашулі!» – сказаў ён мне.

Гонка за паказчыкамі і масавыя прыпіскі

Пасля цяжкай кантузіі хлопца дэмабілізавалі. Ён вярнуўся на авіяцыйны завод, скончыў школу працоўнай моладзі. Як удзельнік вайны мог паступіць у любы інстытут, а выбраў Ціміразеўскую акадэмію, самую важную і цяжкую, на яго погляд, галіну эканомікі – сельскую гаспадарку.

Выпускніка накіравалі на працу ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і нарыхтовак у Мінск. З жонкай Кацярынай Мікалаеўнай, карэннай масквічкай і будучай заслужанай настаўніцай БССР, Сталяроў пераехаў у родную Беларусь.

На вераснёўскім Пленуме ЦК было прапанавана накіраваць у калгасы спецыялістаў. Для гэтага пры міністэрстве стварылі камісію, якую ўзначаліў намеснік міністра Пётр Брэнч. Той даведаўся пра Сталярова і абурыўся: «Навошта бераце на работу такіх маладых? Ён толькі нядаўна ВНУ скончыў!». Сталяроў тады працаваў спецыялістам арганізацыйна-тэхнічнага аддзела. За яго заступіўся начальнік аддзела кадраў, бо студэнты-ціміразеўцы мелі добрую падрыхтоўку. Некалькі чалавек ужо паказалі сябе з найлепшага боку.

– Таксама намесніку міністра сказалі, што я працаваў на 22-м авіяцыйным заводзе. Брэнч у свой час там быў начальнікам цэха. Знайшліся агульныя сябры, знаёмыя. Так я застаўся ў міністэрстве, – кажа Аляксандр Мартынавіч.

Праўда, ненадоўга. Выйшла пастанова аб паляпшэнні работы ў МТС. На станцыях уводзіліся пасады галоўных спецыялістаў: інжынераў, аграномаў, жывёлаводаў, эканамістаў і іншых. Сталяроў папрасіўся ў Дзяржынск. Працаваў галоўным заатэхнікам у МТС, потым перайшоў у інспекцыю сельскай гаспадаркі пры райвыканкаме.

Якраз у гэты час Хрушчоў паставіў перад краінай задачу дагнаць і перагнаць Амерыку па вытворчасці малака і мяса.

– Паказчыкі дасягаліся прыпіскамі і ашуканствам, – успамінае Аляксандр Мартынавіч. – Лічу, што менавіта з гэтага пачаўся развал Савецкага Саюза і масавы дэфіцыт тавараў. Пераконваў кіраўніцтва не займацца падобнымі авантурамі. А потым зрабіў уласныя разлікі вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі. Атрымалася, што ў нашым раёне было прыпісана каля 30–40% мяса і малака. Аддаў разлікі і дакладную аб шкодзе прыпісак сакратару райкама і старшыні райвыканкама і неўзабаве быў выкліканы «на размову».

Казалі, што я не патрыёт раёна і не разумею палітыку партыі…

Сельскі наватар

У 1959 годзе прынцыповага спецыяліста абралі старшынёй калгаса «Перамога» Дзяржынскага раёна. За шэсць гадоў Аляксандр Сталяроў вывеў адстаючае прадпрыемства ў перадавікі. У чатыры разы выраслі паказчыкі па валавой вытворчасці сельгаспрадукцыі. Рэнтабельнасць павысілася з 3–4% да 50%, сабекошт зменшыўся амаль у два разы. Аплата працы павялічылася з 35 капеек да 5 руб­лёў 20 капеек за працадзень.

Асноўнымі кармавымі культурамі ў калгасе былі аднагадовыя і шматгадовыя травы – самыя танныя і ўраджайныя. Сталярова крытыкавалі за траваполле, але ён аргументавана і стойка адбіваўся ад некампетэнтных указанняў.

– Не бралі ў дзяржавы крэдытаў. Усё – сваімі сіламі. Калгас пастаянна развіваўся: рамантаваліся старыя будынкі, узводзіліся новыя.

Практыкавалі бяспрывязнае ўтрыманне жывёлы, пляцоўкі для дойкі – прататыпы сучасных даільных залаў. Перавялі фермы на тарфяна-саламяны подсціл. Асвоілі зялёны канвеер: з вясны да восені жывёла атрымлівала травяную масу, – тлумачыць Аляксандр Мартынавіч.
Была распрацавана сістэма гасразліку на ўзроўні звяна, брыгады, калгаса: падлічвалі кошт валавой прадукцыі і выдаткі на яе, затым выводзілі каэфіцыент, у адпаведнасці з якім налічвалася зарплата.
Сярод новаўвядзенняў таксама штомесячнае авансаванне, акордна-прэміяльная сістэма аплаты. У выніку павысілася адказнасць калгаснікаў. Людзі трымаліся за сваё працоўнае месца.

Па рашэнню абкама Сталярову прапанавалі ўзначаліць упраўленне сельскай гаспадаркі Бярэзінскага райвыканкама, а пасля прызначылі дырэктарам Мінскай абласной племстанцыі. Менаві­та там ён укараніў эфектыў­ную тэхналогію штучнага асемянен­ня жы­вёлы глыбоказамарожа­най спермай. За мяжой і ў Расіі яе ўжо выкарыстоўвалі.

– У час працы на племстанцыі пабываў на ўсесаюзным семінары ў Маскве і пераканаўся ў рэвалюцыйнасці гэтай тэхналогіі. Які эканамічны эфект! Вярнуўся і пачаў рыхтаваць спецыялістаў, знайшоў крыягеннае абсталяванне для замарозкі (калісьці яно было закуплена для племстанцыі). За год новая тэхналогія была ўкаранёна ў вобласці, а потым – у рэспубліцы, – працягвае суразмоўца.

У 72-м годзе па просьбе кіраўніцтва раёна Сталяроў вяртаецца ў Дзяржынскі раён – узначальвае калгас імя Фалько. І неўзабаве гаспадарка становіцца найлепшай у вобласці. Вытворчасць малака і мяса падвоілася. Ураджайнасць збожжавых вырасла з 21 да 42 цэнтнераў.

Узяўся за ўзвядзенне малочнага комплексу на 800 галоў па ўнікальнаму праекту калгаса імя Леніна Новамаскоўскага раёна Тульскай вобласці. Сістэма перспектыўная, галоўнае – усё зра­біць граматна. Каб асвоіць тэхналогію, Сталяроў ездзіў да старшыні тульскага калгаса Васіля Старадубцава. Таму ў свой час дапамагалі Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР, абкам партыі.

– У нас кіраўніцтва ад тыпавога праекта адмовілася. На аснове зацверджанага вырашылі зра­біць свой – эксперыментальны. Ён ламаў усе асноўныя тэхналагічныя працэсы тыпавога праекта Старадубцава, – прыгадвае былы старшыня калгаса імя Фалько. – У выніку нічога не атрымалася. Праект быў загублены.

Аляксандр Мартынавіч цяжка гэта перажываў, звяртаўся ў многія інстанцыі, але безвынікова. Пачаліся праблемы з сэрцам. Працу ў калгасе давялося пакінуць.

Сёння Аляксандр Сталяроў жыве ў Фаніпалі. І ў свае 94 гады жыва цікавіцца ўсім, што адбываецца ў краіне, станам сельскай гаспадаркі. А яшчэ піша мемуары: былому кіраўніку ёсць чым ганарыцца і чым падзяліцца. Яго працоўныя поспехі не раз адзначаліся самымі высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі, ён мае тры ордэны – «Знак Пашаны», Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

Ганна ХАЛДЗЕЕВА

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий