У Строчыцах пад Мінскам «куст вадзілі»

Рэканструкцыю старажытнага абраду «ваджэнне куста» зладзілі студэнты-этнафоназнаўцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, выбраўшы месцам правядзення музей народнай архітэктуры і побыту, што ў Строчыцах. 

Унікальны матэрыял збіраўся падчас творчых экспедыцый па Брэстчыне, у Лунінецкім раёне, дзе да нашага часу на другі дзень Троіцы вяскоўцы ўпрыгожваюць «дзяўчыну-куст», а затым ходзяць па дварах, жадаючы гаспадарам шчасця і дабрабыту.

— Абрад стаў тэмай майго дыплома, — расказала студэнтка 4 курса Дана Струнеўская. — Зразумела, што прадэманстраваць яго аднаму чалавеку немагчыма, а таму вялікую дапамогу ў рэканструкцыі аказалі аднагрупнікі, студэнты малодшых курсаў нашага факультэта, малыя і дарослыя артысты калектыва «Мілавіца» на чале з мастацкім кіраўніком Марыяй Снітко, дзіцячага гурта «Явар» з іх педагогам Святланай Балцэвіч. Непасрэдны ўдзел у абрадзе прымалі выкладчыкі кафедры этнафоназнаўства, якія адначасова ацэньвалі падрыхтаваны матэрыял. Ну а найлепшым асяроддзем і фонам для дзеяння стаў музей у Строчыцах з яго непаўторным вясковым каларытам.

На другі дзень Троіцы на Брэстчыне традыцыйна ўшаноўваюць памяць продкаў. «Куст», які ўпрыгожваюць удзельнікі цырымоніі, выбраўшы для гэтага жанчыну, дзяўчыну ці нават дзяўчынку, у залежнасці ад складу самой працэсіі, з’яўляецца сімвалам сувязі паміж памерлымі і жывымі. Галінкі, прычэпленыя на адзенне куста, — гэта і ёсць продкі, што глядзяць на нас з неба, а вяночак з кляновых лістоў на галаве сімвалізуе новае жыццё, будучыню.

— З такім кустом хадзілі па дварах, суправаджаючы яго ваджэнне куставымі песнямі, — распавядае Марыя Снітко. — На ганку працэсію абавязкова сустракала гаспадыня і, праслухаўшы рэпертуар, аздоблены шчодрымі пажаданнямі, абавязкова адорвала гасцей свойскімі прысмакамі — салам, каўбасой, выпечкай, квасам ці гарэлкай. Так, ад хаты да хаты, працэсія збірала багатыя пачастункі, якімі затым ласавалася ўся вёска, сабраўшыся на прыродзе. Песні, танцы, карагоды — неад’емная частка абраду, што працягваўся да позняга вечара. Усё гэта пастараліся паўтарыць і мы. Дзеткі і іх бацькі з задавальненнем танчылі, вучылі словы куставых песень, далучаючыся тым самым да нашай багатай беларускай спадчыны.

Алена Харэвіч, фото аўтара

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий