У Маладзечна пройдзе 19-ы Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі

19-ы Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі пройдзе незадоўга да святкавання 75-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І гэтая акалічнасць істотным чынам паўплывала на ягоную праграмму, паведамілі «МП» у дырэкцыі «Маладзечна-2019».

Найперш звяртае на сябе ўвагу канцэрт «Песні вайны». Ён адбудзецца 7 чэрвеня ў межах урачыстага адкрыцця фестывалю. Склад удзельнікаў канцэртаў – а гэта, без перабольшання, лепшыя творчыя сілы краіны – абнадзейвае: маладзечанцы і госці горада сапраўды маюць шанц пабачыць яркую і запамінальную праграму.

Адразу некалькі тэматычных падзей адбудзецца ў выставачнай зале Палаца культуры. Беларускі саюз жанчын прэзентуе фотавыставу «Беларусь помніць. Жаночы твар Перамогі» і серыю кніг пра Вялікую Айчынную вайну.

Намеснік старшыні грамадскага аб’яднання, ганаровы прафесар факультэта журналістыкі БДУ Лілія Ананіч распавяла «МП», што будуць прадстаўлены партрэты жанчын-франтавічак, сапраўдных гераінь на вайне. Адна з іх, маладзечанка Алена Пятроўна Галаван, прыме ўдзел у адкрыцці выставы.

Цікавы лёс гэтай жанчыны. Падлеткам пайшла яна ў партызаны, ваявала нароўні з дарослымі на Лагойшчыне ў брыгадзе імя Кутузава. За баявыя заслугі ўзнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі «За адвагу», «Партызану Вялікай Айчыннай вайны», «За перамогу над Германіяй». Летась Алене Пятроўне споўнілася 90 год.

Што да кніг пра вайну, то гэта будзе навукова-папулярная серыя «Беларусь. Трагедыя і праўда памяці». Тры новыя энцыклапедычныя выданні, якія расказваюць пра Хатынь, Трасцянец, Халакост і супраціўленне ў Навагрудку, прадставіць доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Каваленя.

Варта таксама не абмінуць выставу плакатаў ваеннага часу і твораў жывапісу беларускіх аўтараў. Экспазіцыю «Пра вайну і Перамогу» разгорнуць тут жа, у выставачнай зале Маладзечанскага Палаца культуры. Падрыхтавалі яе супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага музея.

Можна толькі вітаць старанні арганізатараў фестывалю прапаноўваць думаць, абмяркоўваць важныя для кожнага беларуса пытанні і праблемы.

Ігар СЯРГЕЕЎ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий