Сёлета Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Якуба Коласа спаўняецца 60 год

Якуб Колас сеяў жыта пад акном сваёй гарадской сядзібы, садзіў дубы і вырошчваў тытунь. Да канца жыцця паэт даглядаў свой малады сад, давяраў народным прыкметам, жыў клопатамі вёскі. Ён выдатна гатаваў наліўкі і саліў грыбы. А дом яго заўсёды поўніўся сваякамі, сябрамі, знаёмымі людзьмі – блізкімі і дарагімі сэрцу. Гэтыя нататкі дазволяць паказаць знакамітага пісьменніка зусім з іншага боку – як руплівага і дбайнага гаспадара…

Жыта на гаманлівым праспекце

Павярніце з ажыўленага праспекта Незалежнасці ў Мінску на вуліцу Акадэмічную і вы хутка апыняцеся на ціхім падворку былой сядзібы Якуба Коласа. Менавіта тут, на сядзібе песняра ў цэнтры горада, побач з шумнай магістраллю, дзе гул машын заглушае шчабятанне птушак, адчуваеш сапраўдную повязь з часам, у які жыў і пісаў свае творы народны паэт Беларусі.

На коласаўскім падворку кожная расліна мела сэнс – ад блакітнавокіх незабудак да стромкіх сосен. У летні дзень пасля абеду паэт любіў адпачыць на свежаскошаным сене, пасядзець з сябрамі ў двары дома пад соснамі. І хоць сосен было няшмат, яны нагадвалі мілыя з часоў дзяцінства лясы Стаўбцоўшчыны, любыя сэрцу маляўнічыя мясціны ў Пухавіцкім раёне, дзе Колас часта праводзіў летні адпачынак да вайны. Гаспадар заўсёды сачыў, каб своечасова былі нарыхтаваны дровы для ацяплення дома. Іншым разам, нягледзячы на ўзрост і хваробы, нават сам пілаваў іх і сек.

Пад адным з вокнаў Колас садзіў тытунь. Але пасля таго як дактары забаранілі пісьменніку курыць, духмяная расліна была бязлітасна знішчана. Традыцыйна шмат расло кветак – ружы, півоні, усходнія макі, флоксы. Але гаспадару больш падабаліся палявыя, лугавыя і лясныя кветкі. Падчас апошняй паездкі на малую радзіму, 30 красавіка 1956 года, незадоўга да смерці, Якуб Колас прывёз вясновую кветку, якую ў Мікалаеўшчыне называюць «сон», і пасадзіў на сваёй сядзібе. На жаль, яна не прыжылася.

У рабочым кабінеце паэта вісіць барометр. Якуб Колас цікавіўся надвор’ем, вельмі непакоіўся, калі ўлетку не было дажджу, бо ў душы заставаўся селянінам, жыў клопатамі вёскі. Паэт быў не толькі тэарэтыкам, але і практыкам.

У 1952–1953 гадах пасеяў пад акном свайго гарадскога дома жыта і нават зрабіў вядомы дослед па сумесным вырошчванні гэтай культуры і ячменю, пра што прачытаў у дарэвалюцыйным часопісе. Вынікі цікавага пісьменніцкага эксперыменту, якія, дарэчы, былі вельмі добрыя, публікаваліся ў «Вестях АН БССР» і рэспубліканскіх газетах.

У зялёных карунках прысад

Дом-музей абступае цяністы сад, дрэвы якога некалі былі пасаджаны руплівымі рукамі паэта. Адразу пасля пераезду ў Мінск у 1945 годзе Колас пасадзіў у гонар членаў сваёй сям’і дубкі і бярозку. Чатыры дубы сімвалізуюць самога паэта і трох яго сыноў – Данііла, Міхася і сярэдняга Юрыя, які не вярнуўся з вайны. Бярозка атаясамлівалася з пяшчотнай спадарожніцай жыцця, жонкай пісьменніка – Марыяй Дзмітрыеўнай. Шкада, але няўмольны час забірае не толькі людзей: некалькі год таму бяроза загінула.

Якуб Колас пастаянна ўдасканальваў уласную сядзібу.
У маі 1945-га тут з’явілася шмат дэкаратыўных дрэў, сярод іх вяз, пад якім на лаўцы часта адпачываў гаспадар. У кастрычніку таго ж года пасаджаны яблыні.

У 1947 годзе пладовы сад пашырылі: на месцы спілаваных, абгарэлых у вайну дрэў укараніліся прывезеныя з Лошыцкага гадавальніка саджанцы вішань, чарэшань, сліў, груш, агрэсту, парэчак, маліны. На сядзібе «прапісаліся» ліпы, клёны, каштаны, піхта, серабрыстыя елкі, дрэвы маньчжурскага арэха, арабіны, бэз, язмін, вінаград і любімы Коласам ядловец.

Фішка ад жонкі Марыі

«Мілы друг мой», «мая зорка», «мая добрая дружачка», «мая святыня», «яснюсенькая зорка» – так Якуб Колас называў сваю жонку Марыю Дзмітрыеўну. З ёй Канстанцін Міхайлавіч пабраўся шлюбам у 1913 годзе. Яна нарадзіла паэту трох сыноў.

Марыю Дзмітрыеўну ведалі як выдатную гаспадыню. Звычайна яна гатавала любімыя стравы мужа, але несупынна выдумляла і штосьці арыгінальнае. На дэсерт у Міцкевічаў заўсёды былі тарты, цукаты. Рабіла гаспадыня і «Цыганскую мазурку» – выпечку з арэхамі і сухафруктамі.

Часта падаваліся і далікатэсы. Аднойчы пасля галоўнага застолля гасцям прынеслі «вараныя яйкі», ачышчаныя ад шалупіння. Прысутныя як выхаваныя людзі не выказалі здзіўлення і вырашылі з’есці нестандартны дэсерт. А гэта было бланманжэ – жэле з малака, цукру і жэлаціну, якое з таго часу стала кандытарскай «фішкай» жонкі Коласа.

Калі Янка Купала адзначаў 20-годдзе літаратурнай дзейнасці, спецыяльна да ўрачыстасці Марыя Дзмітрыеўна спякла нямецкі торт Баумкухен, або «дрэва-пірог». Кавалак торта на зрэзе нагадвае зрэз дрэва з гадавымі кольцамі. Для яго выпякання выкарыстоўваецца драўляны конус, таму справа досыць карпатлівая і лічыцца вяршыняй кулінарнага майстэрства.

Марыя Дзмітрыеўна віртуозна гатавала мяса. Ведала ўсе сакрэты самаробнай паляндвіцы, каркавіны, сялянскіх каўбас, зельцаў, крывянак. Рабіла калдуны, зразы, верашчаку, грыбы марынаваныя і салёныя розных гатункаў і спосабаў засолкі. Наведаўшы сям’ю Міцкевічаў падчас эвакуацыі ў Ташкенце, сябар Коласа, рускі паэт і перакладчык Сяргей Гарадзецкі ўспамінаў той беларускі стол, які для яго накрыла гасцінная сям’я: печань ментуза, грыбы, беларускія сыры і паляндвіца.

Пасля вайны ў Мінску Якуб Колас жыў ужо без любай жонкі, яе не стала ў 1945 годзе. Аднак традыцыі прыгатавання многіх страў і гасціннасць заўсёды захоўваліся ў сям’і Міцкевічаў. Дом Коласа быў своеасаблівым цэнтрам духоўнага жыцця сталіцы, дзе панавала творчая і сяброўская атмасфера. Тут частымі гасцямі былі вядомыя пісьменнікі, мастакі, артысты, музыканты, вучоныя. Дарагімі і жаданымі былі перш-наперш калегі, беларускія пісьменнікі Янка Маўр, Максім Лужанін, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Кандрат Крапіва, Максім Танк. Сардэчны прыём у доме знаходзілі літаратары з Масквы, Ленінграда і Кіева, калі прыязджалі ў Мінск з нагоды розных юбілейных дат. Сярод іх былі Аляксандр Твардоўскі, Аляксандр Фадзееў, Сяргей Гарадзецкі, Сяргей Міхалкоў, Міхаіл Ісакоўскі, Максім Рыльскі, Мікола Нагнібеда і іншыя.

Наліўкі са склепа

Склеп на тэрыторыі сядзібы – самая старая пабудова, што засталася яшчэ з даваенных часоў. Супрацоўнікі музея аднавілі яго па ўзоры 1950-х гадоў. У склепе пры жыцці паэта захоўвалі свежую і кансерваваную гародніну, была лядоўня.

Якуб Колас меў дружную патрыярхальную сям’ю. Гэта значыць, што прынамсі хаця б раз на дзень усе дамачадцы збіраліся за адным сталом. Класік беларускай літаратуры любіў ежу вясковую, якая нагадвала яму пра дзяцінства. Асноўнае меню складалі бульба з кіслым малаком, верашчака з грыбамі і яечня са скваркамі.
Ва ўспамінах сучаснікаў і блізкіх сяброў Якуб Колас заўсёды выглядае руплівым і дбайным гаспадаром, заўзятым грыбніком і рыбаловам.

Любімым заняткам Песняра быў збор грыбоў. «Баравіковае паляванне» было лепшым адпачынкам. Таму ў хаце заўсёды меліся грыбныя нарыхтоўкі. Паэт нават жартаваў, што хацеў бы ўзначальваць Міністэрства грыбной гаспадаркі. Пісьменнік добра ведаў грыбныя мясціны і час, калі з’яўляюцца грыбы. На старонцы адрыўнога календара за 10 жніўня 1953 года ёсць запіс Коласа: «Павінны з’явіцца баравікі».

Некалькі слоў пра алкагольныя напоі, якімі таксама частавалі гасцей. Некаторыя наліўкі – гэтую «амброзію боскую», як называў паэт такі напой у трылогіі «На ростанях» – Колас выдатна рабіў сам. І да гэтага часу захаваўся ў сям’і Міцкевічаў адмысловы рэцэпт «Міхасёўкі». Сакрэтам вытворчасці валодае малодшы сын паэта Міхась, аднак нікому яго не выдае.

За дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу аўтар выказвае ўдзячнасць дырэктару дома-музея Якуба Коласа Зінаідзе Камароўскай і намесніку дырэктара па навуковай рабоце Ірыне Казловіч.

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий