У Маладзечне прайшоў ХІХ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі

Пра некаторыя падзеі творчага свята — наш аповед. Два дні на пачатку лета тут, здаецца, усё  патанае ў фестывальным настроі. Грандыёзны форум беларускай песні і паэзіі даўно ўжо стаў візітнай карткай горада і Міншчыны, падзеяй у музычна-паэтычным  жыцці краіны.

Юрый БОНДАР, міністр культуры Рэспублікі Беларусь:

— Фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне сапраўды можна лічыць культурным сімвалам як Мінскай вобласці, так і ўсёй Беларусі. Ён — наш брэнд, унікальная па свайму фармату падзея, выдатная творчая пляцоўка для маладых талентаў краіны. Хто любіць родную мову, жадае прыгарнуцца да роднай культуры, спрабуе сябе ў паэзіі, робіць першыя крокі на сцэне — такіх людзей найперш чакае Маладзечна.

Іван МАРКЕВІЧ, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама:

— Маладзечанская зямля славіцца гасціннасцю. Тут пануюць  творчы дух і каларыт, якія збіраюць на мастацкія форумы гасцей з усёй краіны і замежжа. Прыемна назіраць за таленавітай моладдзю, якая заяўляе  пра сябе ў творчасці. Перакананы, што Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі для многіх стане пачаткам плённага шляху на айчыннай эстрадзе.  Хочацца пажадаць, каб квітнелі таленты, каб больш песень было сваіх, беларускіх, пра родны край і зямлю.

Алена АТРАШКЕВІЧ, старшыня Беларускага саюза кампазітараў:

— Ад 1993 года не прапусціла ніводнага конкурсу: працавала ў якасці члена журы, прысутнічала як выкладчык, кампазітар. На Беларусі  шмат таленавітых маладых людзей — сённяшні конкурс гэта яшчэ раз пацвердзіў. Мне падаецца, што год ад году конкурс будзе толькі набіраць моц. А  Мінская вобласць яшчэ неаднойчы скажа сваё важкае творчае слова.

Народны артыст Беларусі Міхаіл ФІНБЕРГ, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра, прафесар, старшыня журы:

— З кожным годам на конкурсе маладых выканаўцаў усё болей падрыхтаваных салістаў, штораз становіцца больш складана вызначыць пераможцаў. Гэта радуе — у беларускай культуры і музыкі ёсць вялікі патэнцыял і будучыня. Нам важна ўбачыць маладыя таленты, падтрымаць іх. І ў гэтым сэнсе Нацыянальны фестываль мае сваё, неацэннае значэнне.

Людміла КАМІНСКАЯ, жыхарка Маладзечна:

— Маладзечна, куды я прыехала больш як паўстагоддзя таму, памятаю яшчэ правінцыяльным гарадком. Тады не было ні добрых дарог, ні добрай гасцініцы, ні дагледжанага парку. Затое заўсёды праходзіла вельмі шмат канцэртаў, розных мерапрыемстваў, конкурсаў. Такім жа спеўным, творчым  застаецца горад і сёння. З задавальненнем схадзіла на гала-канцэрт “Маладзічок” запальвае зоркі”, паслухала маладых выканаўцаў эстраднай песні,  гуляла па “Горадзе майстроў”… Цудоўна!

Яна МАРМЫШ, уладальніца Гран-пры фестывалю:

Хацела паказаць усё, што ўмею

Родам дзяўчына з горада Дзятлава Гродзенскай вобласці. Вырасла ў сям’і настаўніцы і юрыста.

— І ў таты, і ў мамы  прафесіі сур’ёзныя, — смяецца Яна. — А я, відаць, пайшла ў дзядулю, які ў маладосці вельмі хацеў стварыць музычны калектыў. У яго не атрымалася, а я вось ужо каторы год удзельнічаю ў розных фестывалях, конкурсах. Адчуваю, што знайшла сваё месца ў жыцці. Люблю музыку, здаровы дух спаборніцтва, радуюся вопыту, які набываю, і спадзяюся, што стану  добрым педагогам.

Прафесійным вакалам  Яна займаецца з 14 гадоў.  Пачынала  ў гродзенскай вакальнай студыі Viva. Мае дыпломы І ступені  прэстыжных музычных конкурсаў, у тым ліку і міжнародных. Кажа, што канкурэнцыя на сёлетнім рэспубліканскім конкурсе маладых выканаўцаў вялікая. Перамагчы, канешне ж, хацелася б, але пасля няўдалага леташняга выступлення крыху была ў разгубленасці. Таму вырашыла, што проста пакажа ўсё, што ўмее. І вось яна, перамога! У руках дыплом Гран-пры і спецыяльны прыз Уладзіміра Мулявіна — хрустальная гітара.

 — Мой педагог па вакалу — вядомы беларускі кампазітар, а з нядаўняга часу старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Віктараўна Атрашкевіч, — гаворыць Яна. — На конкурсе выконвала песню на яе музыку “Кропелька на далоні”, якая стала для мяне такой шчаслівай!

Яна прызнаецца: больш за ўсё ёй даспадобы  творы вясёлыя альбо пра каханне. Пра гэта — і вершы, якія піша дзяўчына. Зрэшты, а пра што, калі Яне  18 год і ўсё яшчэ наперадзе.

Ён ператварыў  Маладзечна ў  адну суцэльную творчую пляцоўку: літаратурныя сустрэчы, пленэры, спектаклі, выставы, канцэрты… Асаблівае месца займае Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Галоўны крытэрый для ўдзельнікаў —талент, пры гэтым мець музычную адукацыю зусім неабавязкова. Прадстаўнік Магілёўскай вобласці Раман Трапачоў, напрыклад, інжынер-электрык, а Павел Лашчэўскі з Гродзеншчыны пакуль вучыцца ў  10-м класе.

Міншчыну на конкурсе прадстаўлялі Уладзіслаў Сазонаў, Яна Мармыш і Наталля Ламака. Пра нашых землякоў “МП” падрабязна расказала ў нумары за 31 мая.

На другім этапе конкурсу яго ўдзельнікі — па тры ад кожнай вобласці і Мінска — выконвалі песні пад “мінус”, на трэцім — спявалі ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра. Імёны пераможцаў агучылі толькі падчас урачыстага адкрыцця фестывалю. Так мы і даведаліся, што галоўны прыз у Яны Мармыш!  Уладальніцай першай прэміі стала прадстаўніца Магілёўскай вобласці Дар’я Часлаўская, другой — Ульяна Пяшкова з Мінска. Адметна, што трэцяя прэмія ў нашага земляка Уладзіслава Сазонава.

Па-беларуску мне скажы і праспявай

Галоўнай падзеяй першага фестывальнага дня, апроч вызначэння пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў, стала прэм’ера канцэрта “Песні вайны”. У перапоўненым амфітэатры  Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам  Міхаіла Фінберга атрымаў заслужаныя авацыі. Гледачы з задавальненнем падпявалі салістам Дзмітрыю Качароўскаму, Галіне Грамовіч, Яўгену Цымбалісту, Таццяне Глазуновай. Добра знаёмыя ўсім “Кацюша”, “Бамбардзіроўшчыкі”, “Над дарогай баявой маёй” гучалі па-беларуску. За гэта — асобны дзякуй паэту Васілю Жуковічу, які вельмі творча і адказна, удала пераклаў вядомыя радкі на родную мову.

Актывісты жаночага руху Святлана Сарока, Надзея Ермакова і
Лілія Ананіч на прэзентацыі праектаў Беларускага саюза жанчын

Гучала матчына мова і ў Палацы культуры, дзе ў рамках сваёй аўтарскай тэлепраграмы “Суразмоўцы” пісьменнік Навум Гальпяровіч сустракаў  драматурга Аляксея Дударава і паэта-песенніка Уладзіміра Мазго. Гаварылі аб праблемах сучаснага развіцця беларускай літаратуры, ролі роднай мовы ў штодзённым жыцці беларусаў.  

— Гэта тое, як я размаўляю з дзецьмі і ўнукамі, блізкімі і сябрамі, пішу вершы і прозу, раблю праграмы на радыё і тэлебачанні, чым жыву. Гэта як паветра для чалавека, —  зазначыў Навум Гальпяровіч.

Народная артыстка Беларусі Надзея Мікуліч прыняла ўдзел у праекце “Асоба эпохі”. Творчая сустрэча са спявачкай, якую старэйшае пакаленне памятае як салістку вядомага вакальна-інструментальнага ансамбля “Верасы”, прайшла радасна і цёпла.  Дабрыні і шчырасці дадалі песні, большасць з якіх “жанчына з гітарай” выканала на роднай мове.

Пра вайну і Перамогу

Фестывальныя дні былі вельмі насычаныя. Многіх удзельнікаў і гасцей зацікавілі адкрыццё выставы плакатаў ваеннага часу і твораў жывапісу беларускіх аўтараў “Пра вайну” і прэзентацыя праекта Беларускага саюза жанчын “Беларусь памятае. Жаночы твар Перамогі”.

— На Беларусі шмат жанчын здабывалі Перамогу ў тыле ворага, на франтах і ў падполлі, зберагаючы галоўнае — жыццё і дзяцей, —  падкрэсліла  намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Лілія Ананіч. — Наш саюз робіць усё магчымае дня таго, каб маладое пакаленне ведала пра іх подзвіг, ганарылася гэтымі людзьмі.

Ёсць пакуль  час паглядзець  унікальныя дакументы эпохі. Неўзабаве з гэтымі праектамі змогуць пазнаёміцца  жыхары іншых гарадоў Міншчыны. Актывісты жаночага руху хочуць, каб іх убачыла як мага больш людзей.

У добрым родзе ўсё ў згодзе

Удзельнікі VІІ абласнога фестывалю сямейнай творчасці сустрэліся ў Маладзечне якраз на свята беларускай песні і паэзіі. Прыехалі 26 калектываў з 14 раёнаў Міншчыны.  

“Крону” — а гэта нашчадкі роду Лямбовічаў з мястэчка Ракаў —выпеставала нераўнадушная да спадчыны свайго краю жыхарка Валожынскага раёна Лізавета Пятроўская.  Разам з ёю спяваюць сёстры Ядвіга, Хрысціна, а таксама дзеці і ўнукі.

Захапленне творчасцю тут перадаецца з пакалення ў пакаленне. Прадзед Лізаветы — Клімент Лямбовіч стварыў у свой час гліняны арган. Гармонікі, на якіх іграў на вяселлях, рабіў дзед Міхась. Ягоны самы малодшы сын Эдзік арганізаваў квартэт баяністаў, выкладаў у кансерваторыі. І нават вучыў народнага артыста Беларусі Міхася Казінца.

Акрамя таго, практычна ўся іх радня мае талент да вязання, вышыўкі, ткацтва, малявання. Удзельнікі “Кроны” самі шыюць строі, стрыманыя  і такія прыгожыя — не  адвесці вачэй.

—  Калектыў здаўна займаецца рознымі відамі мастацтва, рамесніцтва, — расказвае Лізавета Пятроўская. — І ўсе яны ўласцівыя нашаму раёну. Жанчыны ўмеюць плесці карункі, мужчыны асвоілі кавальства. Але больш за ўсё ганарымся сваімі паясамі, што маюць статус гісторыка-культурнай спадчыны краіны.

«Жыццё як творчасць, творчасць як жыццё» — дэвіз народнага сямейнага ансамбля “Жывіца” з Пухавіцкага раёна. Сёлета роўна 25 год,  як яго ўдзельнікі выйшлі на сцэну. У рэпертуары народнага калектыву — абрады, танцы, аўтэнтычныя, а таксама беларускія, рускія, украінскія, цыганскія, іспанскія песні, з якім яны выступалі ў Мінску, Нясвіжы, Чэрвені, Таліне, Санкт-Пецярбургу, Маскве.

Цёпла прымала  “Жывіцу” і маладзечанская публіка.

 — Што ні кажы, а няма лепшага інструмента, як цымбалы і гармонік,  —дзеліцца ўражаннямі госця горада Ларыса Станкевіч. — Устаць бы вось з лавак ды патаньчыць разам з удзельнікамі, якія падарылі столькі бадзёрасці і гонар за краіну і людзей!

Ой, сэрца-лянок!

Сімвалу стваральнай працы, знаку дабрабыту і дабра — лёну  прысвяцілі арт-фэст  “ЛянОК”. Гэта, можна сказаць, навінка Нацыянальнага фестывалю. У фэсце бралі ўдзел айчынныя дызайнеры, самадзейныя майстры і рамеснікі з усёй Беларусі.

Два дні сваю прадукцыю ў Маладзечне прадстаўлялі прадпрыемствы Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай абласцей, а таксама Маладзечна. Яны ж наладзілі і дэманстрацыю мадэлей адзення “ЭкаСтыль”, у тым ліку з лёну. 

— Лён для Беларусі — нацыянальнае багацце, — разважае жыхарка Маладзечна Вольга Супрановіч. —  Многія яшчэ берагуць вышытыя ўмелымі рукамі нашых бабуль ручнікі, сурвэткі. Шмат зараз прадукцыі з лёну. Ёсць незвычайныя — лялькі, упрыгожанні, абярэгі.

Замест эпілога

Завяршыў фестывальныя дні Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Валянціна Дудкевіча. “Зорны карагод” з удзелам лепшых выканаўцаў  айчыннай эстрады стаў лагічнай фінальнай кропкай, пасля якой радасна на душы і адначасова шкада, што ўсё скончылася так хутка… Да сустрэчы, “Маладзечна-2020”!

“МП” выказвае шчырую ўдзячнасць фестывальнай дырэкцыі і яе кіраўніку Святлане Сарока за дзейсную арганізацыйную падтрымку.

Марына СЛІЖ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий