Барысаўскія мастакі прадстаўляюць у Маладзечне вырабы са шкла і хрусталю

Іх работы былi ў калекцыях Клінтана і Брэжнева. Прамысловыя распрацоўкі гэтых людзей эскпанаваліся ў Парыжы і Нью-Дэлі, творы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Жоржа Пампіду і Надзеі Лежэ, а эксклюзіўныя экспазіцыі ўпрыгожваюць інтэр’еры ААН у Нью-Ёрку. У Беларусі цуд, створаны рукамі Пятра і Таццяны Арцёмавых, можна сустрэць у чатырох месцах: Нацыянальным мастацкім музеі, Барысаўскім аб’яднаным, а таксама абласных Віцебскім і Мінскім, дзе ўвесь ліпень будзе працаваць выстава «Гармонія шкла».

Каля сотні аўтарскіх работ, пачынаючы з мініяцюрных статуэтак да ваз ростам з дашкольніка, прадстаўляюць мастакі ў Маладзечне.  Усе яны — дэкаратыўныя, і лёгка могуць упрыгожыць як кватэру, дом, так і офіс.

—  Ёсць рэчы на час, а ёсць — назаўсёды, — кажа Таццяна Арцёмава. — Апошняе акурат пра прадукцыю Барысаўскага хрустальнага завода, якая захоўваецца практычна ў кожным доме. Цукерніцы, вазы, фужэры, графіны, падсвечнікі, распрацаваныя яшчэ ў перыяд СССР, людзі перадаюць з пакалення ў пакаленне. Яны — носьбіт часу, паказчык стылю, і адначасова рэч, якую немагчыма выкінуць.

Навуковы супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея Наталля Палтавец за творчасцю мастакоў назірае даўно.

—  Талент і стваральная сіла гэтых двух людзей нараджалі шэдэўры, —  кажа яна, і запрашае бліжэй пазнаёміцца з працамі, якіх не ўбачыш на паліцах магазінаў.

«Парад планет» мяжуецца з  «Зорным бюракратам», «Бутоны» з «Прышэльцамі». Прыслухаешся — пачуеш «Нараджэнне чыстага гука», прыгледзешся — убачыш «Крыштальны танец» і адчуеш, як ступае па зямлі «Сакавік», падымаючы настрой і нараджаючы пачуцці.

Арцёмавы ніколі не скардзіліся на недахоп ідэй. Наракалі хіба што на адно: немагчымасць запусціць асобныя свае работы ў серыйную і масавую вытворчасць. Але яны таксама не засталіся незаўважанымі. Кампазіцыі «Купалле» і «Парад планет», створаныя сямейнай парай, сталі падарункам для прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Біла Клінтана, працы былі ўручаны пад час першага афіцыйнага візіту дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у ЗША. Ёсць работы барысаўскіх мастакоў, якія выстаўляліся ў Будапешце, Брно, Познані, Варшаве, Лондане, Токіа, Хельсінкі, і ў асабістых калекцыях Леаніда Брэжнева, Ціма Сарпанева, Алены Абразцовай.

Пётр і Таццяна  — прадстаўнікі мінскай школы мастацкага шкла. Абое закончылі Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, абое пачыналі на Барысаўскім заводзе, які на той час насіў імя Дзяржынскага. Адмовіўшыся ад дробнай, мальцаўскай грані, якая на той час прымянялася ў апрацоўцы шкла, маладыя спецыялісты пачалі працаваць на кантрасце шурпата-матавых  і гладка-бліскучых паверхняў, ствараючы мастацкія вобразы за кошт формы, колеру, геаметрычнага гранення і шліфавання.

—  Абое мы родам з Расіі, — расказвае жанчына. — Карані мужа ў Калужскай вобласці, мае — Стаўрапольскім краі. Але за час, што жывём у Беларусі, ні разу нават не падумалі пра змену месца жыхарства, бо прыраслі і да гэтых месцаў, і да людзей, сярод якіх жывём, а таксама культуры, мовы. Я, напрыклад, заўсёды з задавальненнем чытала творы Купалы, Коласа, Мележа, Шамякіна, якія дапамагалі разумець сутнасць беларускага народа, яго душу. А жывучы на дачы, сярод вяскоўцаў, старалася як мага больш размаўляць па-беларуску і, нават, запамінаць ёмкія мясцовыя слоўцы, дыялекты. Усё гэта напаўняла душу нейкім унутраным светам і сэнсам, які дапамагаў тварыць, прыдумваць вобразы і ствараць працы, якія падабаліся людзям.

І нельга было адвесці вачэй ад «Яблыневага цвету», вазы «Урачыстасць», а таксама «Залатога пеўня», якога яны з мужам прыдумалі ў якасці прыза для пераможцаў конкурса маладых выканаўцаў міжнароднага фестывалю «Славянскі базар-95».

Талент гэтых людзей адзначаны дзясяткамі медалёў, Ганаровых грамат, падзячных пісьмаў. Іх работы экспанаваліся на рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выставах.

—  Людзі падыходзілі, размаўлялі, прасілі прадаць тую альбо іншую рэч, прычым — за любыя грошы, —  кажуць Арцёмавы. — Мы былі непахіснымі, таму што хочам застацца ў памяці перш за ўсё на сваёй зямлі. Дый пра што можа нагадаць работа «Купалле» замежніку, калі свята наша, спрадвечна беларускае.

Марына Сліж, фота аўтара

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий