Казловіцкаму народнаму хору, найстарэйшаму ў краіне, – 85 год!

За гэты час у складзе вакальнага калектыву пабываў, лічы,
кожны трэці жыхар Казловічаў.
Можна сказаць, што месца ў калектыве перадаецца з пакалення ў пакаленне, як сямейная рэліквія: ад маці да дачкі, а потым да ўнучкі і нават праўнучкі.

Самая галасістая вёска Беларусі

— Як збіраемся на гастролі за мяжу, нас там звычайна чакаюць з асцярогай: калі хору ўжо 85 год, дык колькі ж тады артыстам? Думаюць, што да іх прыедуць стагадовыя бабулі і дзядулі, — смяецца мастацкі кіраўнік Казловіцкага народнага хору Святлана Расіч.

Насамрэч старэйшым удзельнікам вакальнага калектыву ўсяго трошкі за 60, а самай малодшай спявачцы толькі 17. Усе выканаўцы  строга прытрымліваюцца традыцый і правілаў, закладзеных заснавальнікамі гурта.

Сёння ў калектыве спяваюць 28 чалавек. Для большасці артыстаў Казловіцкі хор — справа сямейная.

Кіраўнік хору Святлана Расіч з падарункам ад прыхільнікаў калектыву

— Калі арганізоўвалі юбілейны канцэрт, вырашылі не браць грошай з гледачоў — тут жа амаль усе свае, — расказвае Святлана Расіч. — Можа, гэта нейкая анамалія, але кожны вясковец тут добра спявае. Мы ўжо жартуем між сабой, што Казловічы — самая галасістая вёска Беларусі.

Спрабую даведацца пра сакрэт мясцовых вакалістаў. Мо ў хатніх курыных яйках тут справа? Няўжо  яны лепш за магазінныя ўплываюць на галасавыя звязкі?

— Аніякія яйкі не дапамогуць, калі душа не спявае, — прызнаецца мастацкі кіраўнік Казловіцкага хору. — Вось бывае, у чалавека выдатныя вакальныя здольнасці, але не любіць ён песню, не гарыць творчасцю. У такім выпадку спявай не спявай — не зацікавіш слухача. А здараецца, што прыходзяць да нас сераднячкі — здаецца, і мядзведзь на вуха не наступаў, але і да Шаляпіна далёка. А як пачне працаваць — з часам не саступіць і  іншай  зорцы. У нас жа большасць артыстаў — непрафесіяналы, далёкія ад сферы культуры. У кожнага сваё жыццё, праца, сем’і. Але рэпетыцыі ў нас не прапускаюцца — толькі па выключных прычынах. Самі выканаўцы так вырашылі. Для іх хор — не толькі творчая самарэалізацыя, а ўжо другая сям’я.

А вось для салісткі Аксаны Міхнюк Казловіцкі народны хор сапраўды стаў сямейнай справай. Менавіта тут яна пазнаёмілася са сваім мужам. Год спявалі ў калектыве, а падчас гастроляў ва Украіну зразумелі, што жыць адно без аднаго не могуць. Вяселле маладым зладзілі ўдзельнікі хору. І цяпер кожны год усе разам збіраюцца дома ў Аксаны і яе мужа.

— Нават прыйшлося пабудаваць вялікую альтанку, каб усе 28 чалавек маглі камфортна размясціцца, — смяецца Аксана.

Ад нівы да вялікай сцэны

Самі вяскоўцы ўпэўнены: хоць афіцыйна хору споўнілася 85 год, насамрэч калектыў значна старэйшы. Бо ў Казловічах спявалі заўсёды: і калі працавалі, і калі адпачывалі, і ў горы, і ў радасці. Прычым выконвалі не толькі народныя хіты таго часу, а прыдумвалі свае ўласныя. І спеў быў адмысловы: з падводкай, пералівам, з дакладным захаваннем дыялекту.

Казловіцкая песня прыйшлася даспадобы маладому вясковаму настаўніку Прохару Васілеўскаму, які вырашыў аб’яднаць спевакоў у адзіную суполку. Спачатку адгукнуліся нямногія, чалавек 10. Але Прохар Мартынавіч за справу ўзяўся сур’ёзна. Распрацаваў песенны рэпертуар. Першыя выступленні перад аднавяскоўцамі мелі вялікі поспех, калектыў стаў папулярным і ў суседніх вёсках, а потым і далёка за межамі раёна.

— Спачатку ў хору нават назвы не было. Проста збіраліся аматары, спявалі песні продкаў, прыдумлялі нешта сваё. Можа, гэтым бы ўсё і абмежавалася, калі б не адзін выпадак. У 1939 годзе ўдзельнікаў хору запрасілі ў Маскву на 1-ю дэкаду беларускага мастацтва. Выступленне на такім высокім узроўні надало артыстам натхнення, і дадому яны вярнуліся з цвёрдым намерам развіваць сваю творчую справу, — расказвае Святлана Расіч.

Але надзеям вясковых спевакоў не было наканавана спраўдзіцца. Праз два гады пачалася Вялікая Айчынная. Адправіліся абараняць Радзіму і ўдзельнікі хору. Многія не вярнуліся з фронту. Абарвалася і песня кіраўніка Прохара Васілеўскага. Але яе падхапілі землякі. І пасля Перамогі хор папоўніўся новымі артыстамі, народная песня загучала яшчэ мацней.

Першы склад Казловіцкага народнага хору

Пасля вайны калектывам кіравалі Андрэй Якімовіч, Ігнат Лагун, працаваў са спевакамі і Уладзімір Жлуктэнка, яны дапамаглі адрадзіць Казловіцкі хор у цяжкія пасляваенныя гады. Але найвышэйшай  славы вакальны гурт дасягнуў пры заслужаным работніку культуры Беларусі Арэсце Даўжонку, чалавеку, які прысвяціў 40 год свайго жыцця казловіцкаму калектыву.

— Ён прыехаў сюды па размеркаванню ў 1963 годзе. Прыгадваў, што для маладога спецыяліста не стварылі аніякіх умоў: не далі жылля, пакінулі без дапамогі і загадалі, каб вывеў Казловіцкі хор на высокі ўзровень. А ён баяніст па адукацыі, не харавік, працаваць было складана. Аднак справіўся, — расказвае Максім Сарока, цяперашні кіраўнік Казловіцкага Дома культуры.

Разам з Арэстам Даўжонкам працавала і Людміла Калядка, якая прапела ў калектыве амаль палову стагоддзя. Жанчына ўспамінае:

— Рэпетыцыя – яшчэ палова бяды, удзельнікаў жа трэба было яшчэ сабраць па навакольных вёсках. Тэлефануеш па хатах — нікто трубку не паднімае. Хто ў полі працуе, хто на ферме. Так што садзілася на матацыкл і аб’язджала ўсіх сама. Так за два гады свайго “жалезнага каня” і “ўтупала”. Прыйшлося на “Масквіч” перасесці.

У 60-я гады, час росквіту мясцовай сельскай гаспадаркі, Казловіцкаму хору аказвалі нядрэнную дапамогу. Калектыў шмат гастраляваў, а ў 1965 годзе атрымаў званне народнага.

Старая песня на новы лад

Казловіцкая песня прыйшлася даспадобы не толькі мясцовым слухачам. Выступалі артысты і перад шматлікімі замежнымі дэлегацыямі, якія прыязджалі ў розныя гады на Случчыну. Меладычныя народныя песні ў выкананні хору слухалі госці з Вялікабрытаніі, Аргенцiны, Германii, Грэнады, ЗША, Францыi, Японii. У рэпертуары артыстаў нават з’явіліся песні на кітайскай мове, на ўкраінскай…

— Паехалі мы на гастролі ў Адэсу. Увечары пасля канцэрта пайшлі адпачыць на бераг мора. І так нас уразіла навакольная  прыгажосць, што мы заспявалі. І сабралі вялікую колькасць слухачоў. Так што атрымаўся яшчэ адзін выпадковы канцэрт. Ну ніяк не можам мы без песні, — усміхаецца Святлана Расіч.

Святлана ўзначаліла калектыў у 2011 годзе і  надала народнаму хору сучаснае гучанне. Разам з акампаніятарам Аляксандрам Казловым зрабіла новыя апрацоўкі і аранжыроўкі многіх музычных твораў.

— Хоць мы і выконваем народныя песні, але лічым, што яны павінны гучаць па-сучаснаму. Каб на канцэртах цяжка было ўседзець і старэйшаму пакаленню, і моладзі. За апошнія пяць год наш рэпертуар значна змяніўся. Але ёсць у нас песня-візітоўка — “Сонца”. Яна створана каля 100 год таму першымі ўдзельнікамі хору. Дакладна аўтар невядомы, кожны зрабіў свой унёсак. Гэта сапраўды ўнікальны прыклад творчасці нашага народа, — расказвае акампаніятар Аляксандр Казлоў.

Кацярына ЕЛІСЕЕВА

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий