Класічная музыка гучала ў храмах — на Мядзельшчыне прайшоў фестываль «У Шэметаве ў Шастаковічаў»

У чацвёрты раз у Мядзельскім раёне прайшлі канцэрты ў рамках міжнароднага фестывалю класічнай музыкі «У Шэметаве ў Шастаковічаў». Прысвечаны ён выдатнаму кампазітару і музыканту ХХ стагоддзя, аўтару сімфоній, канцэртаў, опер і балетаў, твораў камернай музыкі, музыкі для кінафільмаў і тэатральных пастановак Дзмітрыю Шастаковічу.

Месца для фестывалю выбралі невыпадкова: прадзед кампазітара па бацькоўскай лініі Пётр Шастаковіч (1808—1871) нарадзіўся і некаторы час жыў ў маёнтку Калодна каля Шэметава. Сцвярджаюць, што яго хрысцілі ў Шэметаўскім касцёле. Збяднелы шляхціц вучыўся ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі на ветэрынарнага ўрача. Потым ён апынуўся на Урале. Там, у Екацярынбургу, нарадзіўся дзед кампазітара — Баляслаў-Артур.

Упершыню канцэрт памяці Дзмітрыя Шастаковіча ў касцёле ў Шэметаве  адбыўся ў 2016 годзе, у 110-ю гадавіну з дня нараджэння кампазітара. Ініцыятарам мерапрыемства стаў прадстаўнік беларускай дыяспары ў Францыі, вядомы еўрапейскі оперны спявак, старшыня асацыяцыі «Францыя-Беларусь. Сяброўства» Аркадзь Валадось.  А цяпер фестываль класічнай музыкі «У Шэметава ў Шастаковіча» стаў міжнародным. Праходзіць ён пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Францыі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Мядзельскага райвыканкама і партнёраў.

Фестываль пачаўся 20 ліпеня канцэртам у касцёле святога Андрэя Апостала ў аграгарадку Нарач. Прагучалі творы Моцарта і Шастаковіча.

У фестывалю ёсць такая традыцыя: разам з таленавітымі беларускімі выканаўцамі ў ім удзельнічаюць вядомыя замежныя музыканты. Так было і 21 ліпеня ў касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў вёсцы Шэметава. Разам з  беларускімі музыкантамі выступіў лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, саліст Парыжскага сімфанічнага аркестра, прафесар Парыжскай вышэйшай кансерваторыі, кларнетыст Філіп Беро. Слухачамі сталі і мясцовыя парафіяне, і аматары класічнай музыкі, якія прыехалі з розных населеных пунктаў Мядзельшчыны, Мінска ды іншых мясцін. Недарэмна падчас адкрыцця канцэрта заўважалі: знамянальна, што ў Год малой радзімы ў Шэметаве збіраюцца аматары музыкі, каб аддаць даніну памяці і павагі вялікаму чалавеку, чыя асоба і творчасць аб’ядноўвае людзей розных краін.

Пад сутарэннямі храма гучалі творы Моцарта, Брамса, Глазунова і ,вядома ж, Шастаковіча. А праз расчыненыя дзверы касцёла велічная музыка разносілася па наваколлі. Гралі музыканты натхнёна, за што гледачы іх шчыра віталі. Нават жартавалі, што Філіпу Беро пасля такога прыёму ў Шэметаве будзе нялёгка выступаць у Парыжы. Госць з Францыі прызнаўся, што яму спадабалася атмасфера канцэрта ў храме і выступленне з беларускімі музыкантамі.

Усе чатыры гады на фестывалі прысутнічае народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафесар, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Жыновіча Міхаіл Казінец:

— Прыязджаю сюды, таму што, па-першае, мы знаёмыя з Аркадзем Валадосем яшчэ са студэнцкіх год. Па-другое, дзякуючы таму, што наш французскі беларус стварыў такую выдатную імпрэзу, як фестываль Шастаковіча. Безумоўна, прывабліваюць музыканты, якія прыязджаюць сюды. І ўжо не гаворачы пра тое, што фестываль адбываецца на радзіме, дзе жылі продкі Шастаковіча. Вялікае імя Шастаковіча — вялікі гонар гэтай зямлі.

Для Аркадзя Валодося Шэметава і наваколле — зямля продкаў генія.

— Калі вы ўпершыню прыехалі ў Шэметава, ці думалі, што фестываль стане традыцыйным?

— Спадзяваўся. І не меркаваў толькі адзін канцэрт рабіць, таму што, калі з Алінай Грышкевіч гэта пачыналі, то думаў рабіць фестываль. Прыехалі, паглядзелі вёску Шэметава, касцёл, навакольныя мясціны — і тады ўсё пайшло.

— Рады, што фестываль адбываецца штогод?

— Безумоўна. Спадзяюся развіваць яго надалей.

— Так што працяг свята класічнай музыкі на Мядзельшчыне будзе…

— Я веру ў гэта!

Аляксандр Высоцкі, фота аўтара

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий