Магічная сіла «крываножкі»

Наталля Хаванская з вёскі Сакаўшчына Валожынскага раёна мае абярэгі на ўсе выпадкі жыцця. Каля 10 год яна займаецца ткацтвам паясоў – кажа, найлепшых«абаронцаў» ад хвароб і няшчасцяў на свеце няма. Жанчына валодае ўнікальнай тэхнікай ткацтва «на ніту», і кожны яе выраб эксклюзіўны. Бо абярэгі Наталля Феліксаўна тчэ спецыяльна» пад чалавека». Гаспадыні – з сімвалам Берагіні, заступніцы сям’і; вандроўніку – з сімвалам падарожнага; жанчыне, якая не можа зацяжараць, – з сімвалам жыцця.

Універсальны ахоўнік

Апошнія восем год Наталля Хаванская кіруе дзіцячым гуртком па ткацтву «Чароўныя паясы» пры Сакаўшчынскім сельскім цэнтры культуры. Сюды мы і завіталі, каб сваімі вачамі ўбачыць, як нараджаюцца эксклюзіўныя валожынскія абярэгі. Прызнацца, думалі ўбачыць майстэрню, застаўленую ткацкімі прыстасаваннямі, але памыліліся.

– І тут іх не знойдзеце! – адразу расставіла ўсе кропкі над «і» Наталля Феліксаўна. – Валожынскія жанчыны не любілі сядзець без справы, ткалі ўсюль, дзе давядзецца: падчас перапынку ў полі, едучы на возе. Умовы, канешне, не самыя спрыяльныя: каб стварыць нацяжэнне, аснову будучага пояса трэба замацаваць на якім-небудзь нерухомым прадмеце – а дзе ты ў полі яго шукаць бу­дзеш? Вось і прыдумалі ткаць «на назе», або «на ніту». Ніткі чаплялі за талію і, адпаведна, выцягнутую нагу. Не скажу, што лёгка было: праз гадзіну-другую спіна амаль не разгіналася, ногі зацякалі. Але пакуль пояс не быў гатовы, справу не кідалі.

Разам з Наталляй Хаванскай заходзім у невялікі пакой-музей пояса Валожынскага раёна. На сцяне мо з паўсотні тканых матузоў на любы густ: доўгія і кароткія, шырокія і вузенькія, яркія і цёмныя, нават чорныя. Яны сабраны з усяго Валожынскага раёна, некаторым больш за 100 год.

Рукадзельніца прыносіць кошык з клубкамі рознакаляровых баваўняных нітак. Тут жа – загатоўка для будучага пояса, на якой «пасвіўся конік». Так Наталля Феліксаўна называе невялікую драўляную палачку з наматанымі на яе нітамі.

– Калі не баіцеся выпацкацца, сядайце побач, – выцягнуўшы адну нагу наперад, майстрыха ўселася на падлогу. У руках – тая самая загатоўка. – Абярэжны пояс рэч сур’ёзная, і перш чым за яго брацца, трэба дасканала прадумаць арнамент. Ад гэтага залежыць колькасць нітачак, іх колер. Тут у мяне аснова белая, дадатковыя ніткі сіняга, жоўтага ды ружовага колераў. І кожны мае сваю сілу. Белы колер аберагае ад усяго благога, не дае злу завалодаць чалавекам. Сіні – гэта сімвал мужчынскага пачатку, жоўты і ружовы колеры ўвасабляюць энергію Сонца. Добры пасыл мае зялёны колер, ён сімвалізуе прыроду, усё жывое. Значна радзей, але ўсё ж можна сустрэць паясы на «чорнай нітцы»: у гэтым выпадку чорны колер сімвалізуе Зямлю.

Аднак самым моцным абярэгам, кажа Наталля Хаванская, спрадвеку лічыцца чырвоны колер. Ён «адказвае» за здароўе, шчасце і багацце, засцерагае ад сурокаў і надзяляе жыццёвай энергіяй. Менавіта чырвонаму колеру аддавалі перавагу майстрыхі: казалі, што гэта ўніверсальны абярэг на ўсе выпадкі жыцця.

– Што яшчэ важна: нельга садзіцца ткаць абярэжны пояс проста так, знянацку. Гэта адказная справа, і да яе трэба рыхтавацца, – тлумачыць рукадзельніца. – Я абавязкова пачынаю з малітвы, а калі ўжо раблю сам пояс – нагаворваю на яго пэўную інфармацыю. Вядома, яна скіравана на ўсё добрае. Калі пояс будзе насіць школьнік, зычу яму здароўя і поспехаў у вучобе, калі падарожнік – лёгкага і шчаслівага шляху. І абавязкова вярнуцца дамоў жывым і здаровым. Самае цікавае, што гэта насамрэч працуе. Я ўжо не раз упэўнівалася: якія думкі ў пояс закладзеш, так і будзе.

Пра што раскажа «капыцік»

Накінуўшы загатоўку на нагу, Наталля Феліксаўна разгладзіла нітачкі, падправіла «коніка» і пачала жвава перабіраць пальцамі. Адной рукой перакідвае ніткі – другой тут жа іх прыціскае. На першы погляд – нічога складанага, галоўнае не заблытацца ў колерах і не збіцца з ліку. Любая памылка – і ўсё давядзецца разбіраць. Абярэжны пояс павінен быць ва ўсіх сэнсах дасканалым: гэтаму Наталлю вучыла вядомая валожынская ткачыха, народны майстар Беларусі Марыя Стасяловіч.

На жаль, тры гады таму Марыі Мікалаеўны не стала, але свой неацэнны вопыт яна паспела перадаць нашчадкам.

– Сама Марыя Мікалаеўна вучылася ткаць «на ніту» ад бабулі і маці. А першы пояс зрабіла ўжо ў восем год, – кажа Наталля Хаванская. – Нічога дзіўнага: раней кожная дзяўчына павінна была саткаць сабе пасаг, а гэта каля сотні паясоў. Без яго дзеўку не хацелі браць у жонкі. Разважалі так: калі не забяспечыла сябе пасагам, значыць, гультая­ватая! А такая гаспадыня навошта мужыку? Вось каб не застацца навек у «дзеўках», і ткалі паясы з малых год.

– Навошта так многа? – з недаверам пытаюся ў майстрыхі.
– Хіба ж гэта многа? – шчыра здзіўляецца Наталля. – Лічыце самі: трэба было адарыць жаніха, усю ягоную радню, сватоў, музыкаў, сябровак. Карацей, усіх гасцей на вяселлі. Увогуле, з паясамі было звязана шмат народных звычаяў. Напрыклад, калі маладая сям’я пераходзіла ўжо ў сваю хату, жывёлу ў хлеў нельга было заганяць дубцом. Ткалі адмысловы пояс, з арнаментам, які сімвалізаваў дамавічка. Пояс чаплялі скаціне на шыю і так вялі яе ў хлеў. Пасля пояс вешалі на сцяну: лічылася, што ў свойскай жывёлы з’явіўся асабісты абярэг. Спецыяльны пояс «спавівік» ткалі перад нараджэннем дзіцяці. Паясы выкарыстоўвалі і пры пахавальным абрадзе.

Дарэчы, дзякуючы менавіта Марыі Стасяловіч адрадзілі старадаўнюю тэхніку ткацтва «на ніту». У 2013 годзе традыцыі ткацтва паясоў у Валожынскім раёне быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Некалькі год Марыя Мікалаеўна вяла дзіцячы гурток «Чароўныя паясы» ў Сакаўшчынскім сельскім цэнтры культуры, вучыла вырабляць паясы аднавяскоўцаў.

Асобная навука, кажа Наталля Хаванская, – прыдумаць новы ўзор, які б складаўся з абярэжных арнаментаў. Калі ёсць час, яна спрабуе стварыць нешта сваё, адметнае. Дзеля гэтага нават завяла спецыяльны сшытачак. Кажа, паколькі Марыя Мікалаеўна Стасяловіч даверыла ёй кіраўніцтва дзіцячым гуртком, трэба працягваць і развіваць мясцовыя традыцыі ткацтва.

А калі падрыхтавала сабе змену, адышла ад спраў: юных ткачыкаў узяла пад сваё крыло Наталля Хаванская. Цяпер пад яе наглядам дзятва вучыцца ткаць унікальныя валожынскія абярэгі.
На пытанне, у чым жа гэтая ўнікальнасць, Наталля Феліксаўна здзіўлена працягвае паясок:

– А вы хіба не бачыце? Яны тонкія і вузкія, іх шырыня не перавышае 2 сантыметры. Звярніце ўвагу на арнамент: ён выключна геаметрычны. На валожынскіх паясах вы не ўбачыце раслін, жывёлін і іншых выяў навакольнага свету. Словы «калодачка», «казіны ступеньчык»,«вароніна вочка», «пруцік», «жучок», «капыцік», «лукатка», «гусіная лапка», «рачок», «крываножка» вам нічога не скажуць, а між тым валожынскія ткачыхі ўкладвалі ў іх вялікі сэнс. Гэта ўсё назвы арнаментаў, і такіх вы болей нідзе не пачуеце.
Прызнацца, для мяне ўсе гэтыя ўзоры-арнаменты на адзін манер, а вось Наталля Хаванская ўмее іх чытаць і разбіраць:

– Бачыце невялікі крыжык і побач дзве рысачкі: гэта сімвал хлеба. А вось пераплеценыя грабелькі, што нібы чапляюцца адно за адно, – гэта сімвал Сонца. Кожны пояс абавязкова пачынаецца з узору «канапелька» – ён лічыцца сімвалам засеянага поля. Нярэдка на паясах можна бачыць вышытыя ромбы з кропкамі ўнутры: гэта знак Зямлі, сімвал багатага ўраджаю.

Наталля Феліксаўна адзначае: паясы як абярэгі зноўку вяртаюць свае пазіцыі. На цудадзейную сілу ткацкіх вырабаў спадзяюцца не толькі людзі сталага ўзросту, але і моладзь.

– Звярнуўся да мяне байкер: папрасіў сат­каць абярэжны пояс з выявай зоркі Алатыр, або крыжа Сварога, – расказвае рукадзельніца. – У славянскай традыцыі абярэг Алатыр лічыцца адным з самых магутных, паколькі вядзе сваё паходжанне ад стварэння свету. Ён не толькі дае ўладальніку надзейную ахову, але і здольны змяняць ягоны лёс. Хлопец сам выбраў колеры для пояса: белы і сіні. Хаця і раіла яму чырвоны, ён настаяў на сваім. А неяк на кірмашы падышоў да мяне ксёндз – папрасіў абярэжныя чырвона-чорныя паясы з пэўнымі сімваламі. Таксама матулі звяртаюцца: іх цікавяць паяскі для дзетак. І для кожнага ўзросту падбіраецца свой абярэжны сімвал.

Галіна НАРКЕВІЧ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий