Найлепшую юшку выбіралі на свяце азёр у Мядзеле

Свята «Краса майго краю» сабрала ў апошнюю суботу ліпеня мядзяльчан і гасцей горада. На беразе возера Мястра сустракалі азярніц, вучыліся лячыцца травамі і фарбаваліся ў розныя колеры.

Пабачыўшы тэатралізаванае адкрыццё з удзелам азярніц, наведвальнікі маглі пазнаёміцца з традыцыямі і гісторыяй краю на адной з тэматычных пляцовак. Жадаючыя фатаграфаваліся ля брамы «Мядзельшчына гасцінная», падыходзілі да траўніцы.

— Адраджаем народныя традыцыі: вучым лячыцца травамі, якія дапамагаюць пры прастудзе, іншых хваробах, — адзначае дырэктар Старагабскага СДК Людміла Грузд. — Пра кожную травінку, ягаду, што ў нас ёсць, магу расказаць.

Непадалёку ўжо гатавалася юшка — некалькі на выбар. Шмат хто вырашыў пачаставацца.

— У юшцы — лінь, лешч, некалькі відаў рыб, — гэта надае ёй смаку, — тлумачыць Алена Жолнер з экскурсійна-турыстычнага комплексу «Аптэкарскі сад».

— А ў нашай юшцы рыба з нарачанскіх азёр: плотка, акунь, шчупак. Сакрэт такі: трэба, каб у ёй абавязкова драпежная рыба прысутнічала, — расказваюць прадстаўнікі каманды дашкольных устаноў горада. — Пастараліся аформіць прыгожа: кроп, пятрушка, агурок. А піць юшку можна праз пер’е цыбулі.

Госці свята маглі не толькі паспытаць юшкі, але і прагаласаваць, чыя смачнейшая. Пераможцы атрымалі падарункі ад раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын.

На галоўнай сцэне выступілі аматарскія калектывы Мядзельскага і Вілейскага раёнаў, удзельнікі праграмы «Шансон над возерам» і ансамбль «Гуляй, казак!».

Падлеткі чакалі адкрыцця фестывалю фарбаў, каб пад музыку расфарбаваць ва ўсе колеры вясёлкі сябе і кожнага навокал.

Змыць фарбы можна было без цяжкасці. Не толькі пад дажджом, што раз-пораз церушыў, але і ў час воднай феерыі. Гэта нязменная фішка свята — калі ўверх і ў бакі ляцяць струмені вады, а дзятва весяліцца пад імі.

Традыцыйна не абышлося без кірмашу рамеснікаў. Свае вырабы паказалі народныя майстры з Мядзельшчыны і іншых куткоў Беларусі. Завяршылася свята азёр дыскатэкай.

Аляксандр Высоцкі, фота аўтара

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий