Уладзімір Андрыевіч: «Прыйшлося выдаваць дадатковы тыраж кнігі пра Хатынь»

Хатынь, Трасцянец, Масюкоўшчына… Новы энцыклапедычны праект «Беларусь. Трагедыя і праўда памяці» не толькі прадстаўляе ўнікальныя дакументы і фатаграфіі, што адлюстроўваюць трагедыі гэтых населеных пунктаў, але і расказвае іх перадгісторыю. Напярэдадні выхаду чарговай кнігі серыі карэспандэнты МЛЫН.BY сустрэліся з дырэктарам выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімірам Андрыевічам.

— Уладзімір Уладзіміравіч, сёлета Беларусь святкуе 75-годдзе вызвалення. Выхад серыі прысвечаны гэтай даце?

— Не зусім так. Праект нарадзіўся яшчэ летась.  Калі пачалі працаваць над першай кнігай, задумаліся пра тое, што Хатынь ведаюць толькі ваеннай пары, калі вёска была знішчана, ды пасляваеннай, калі на яе месцы ўзвялі мемарыяльны комплекс. Знайшлі дакументы, якія сведчаць пра тое, што яна існавала яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Калі мы расказалі гісторыю гэтай вёскі ад пачатку і да канца, трагедыя стала ўспрымацца больш эмацыянальна, хаця, здавалася б, куды яшчэ больш. Вы толькі ўявіце сабе: вёсцы было больш за 500 год, у ёй вырасла не адно пакаленне людзей, якія стваралі сем’і, сеялі хлеб, пры гэтым перажылі не адну вайну. Але нашчадкі працягвалі свой род і адраджалі вёску. І раптам прыходзяць карнікі і знішчаюць усё і ўсіх. Калі падыходзіць да гэтага з агульначалавечага пункту гледжання, з пазіцыі кожнай сям’і, то ў гады ваеннага ліхалецця здарылася трагедыя трагедый беларускага народа. Усяго было знішчана больш за 9200 населеных пунктаў Беларусі, многія з якіх так і не адрадзіліся. Хатынь стала сімвалам, набатам памяці! Гэта мы і хацелі данесці да чытача.

— Кнігі маюць даволі невялікі фармат. Чаму ён быў выбраны?

— Каб чытачу было зручна. Гэта функцыянальны фармат. Выданні аздоблены шматлікімі архіўнымі здымкамі, якія раней не публікаваліся. Калі гартаеш, чытаеш, адразу становіцца зразумела, наколькі трагічны лёс чакаў беларускі народ і наколькі мы павінны памятаць тое, што было. Нават вокладка, на якой фрагмент карціны знакамітага мастака Сяргея Далідовіча, кажа сама за сябе. Гэта не бусел ахінае сваіх буслянят, гэта параненая Беларусь абараняе сваіх дзяцей.

Дарэчы, кнігі серыі выдадзены на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Каб пра апісаныя падзеі ведалі не толькі жыхары нашай краіны, але і еўрапейцы, якім многія заходнія гісторыкі і палітыкі даводзяць «сваю праўду» пра Айчынную вайну. Але яна бывае далёкай ад ісціны. Гэта наш народ вынес усе цяжкасці ваеннага ліхалецця, выстаяў, перамог, таму ён валодае праўдай. Кнігі нашай серыі выклікаюць шчырыя чалавечыя эмоцыі, яны заклікаюць, як і званы Хатыні: людзі, памятайце!

— Не думалі над тым, каб рабіць версіі для электронных кніг?

— Канешне, электронныя версіі будуць карыстацца папулярнасцю. Мы гэта разумеем. У першую чаргу працуем над папяровай версіяй, але частку кнігі змяшчаем на нашым сайце. Больш таго, амаль у кожным выданні мы змяшчаем QR-коды, з дапамогай якіх чытачы пераходзяць на сайты музеяў, архіваў і арганізацый, дзе можна больш грунтоўна пазнаёміцца з тэмай.

— «Хатынь. Трагедыя беларускіага народа» разышлася літаральна за некалькі месяцаў. Чаму, на вашу думку, гэтая кніга стала такой папулярнай сярод беларусаў?

— Кніга сапраўды разышлася хутка ў параўнанні з іншымі. Набывалі яе не толькі бібліятэкі. Знікла яна і ў кніжных крамах. Людзі звярталіся да нас у выдавецтва. У выніку праз паўгода нам прыйшлося выдаваць дадатковы тыраж — яшчэ 1500 экзэмпляраў. І яны запатрабаваныя зноў. У нашым грамадстве не знікае цікавасць да ваеннай гісторыі. Значыць, нам баліць і будзе балець заўсёды. Памяць — гэта трывожны набат гісторыі.

— На Беларусі шмат трагічных месцаў, звязаных з Вялікай Айчыннай. Чаму пасля Хатыні пачалі працаваць над кнігай пра Трасцянец?

— Хатынь — сімвал трагедыі беларускага народа, Трасцянец — трагедыя народаў усёй Еўропы, сюды звозілі людзей з Расіі, Польшчы, Славакіі, Аўстрыі і нават Германіі. Я сустракаўся з нашчадкамі тых, каго ў гады вайны прывезлі ў Трасцянец з Вены. Адна жанчына ў свой 50-ы дзень нараджэння вырашыла аднавіць гісторыю сям’і. Пошукі прывялі яе ў Трасцянец. Сёлета яна і іншыя людзі прыязджалі разам з канцлерам Аўстрыі на адкрыццё манумента «Масіў імёнаў». У палонных былі толькі лічбы на целе, таму іх нашчадкі хацелі вярнуць ім імёны. І ў іх гэта атрымалася. У Трасцянцы знішчана больш за 10 тысяч грамадзян Аўстрыі яўрэйскай нацыянальнасці. Думаеш пра гэта, і ўзнікае пытанне: а чаму іх звозілі менавіта на Беларусь? Адказ ёсць у другой нашай кнізе з серыі «Беларусь. Трагедыя і праўда памяці» — «Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы». Кніга, як і пра Хатынь, таксама пачынаецца з гісторыі вёсак Малы і Вялікі Трасцянец, дзе стагоддзямі жылі людзі, гадавалі дзяцей, дапамагалі адно аднаму… Нацызм, генацыд – страшэнная рэч…

— Падчас прэзентацыі пасол Аўстрыі папрасіла падрыхтаваць спецыяльны тыраж на нямецкай мове. Калі ён будзе выдадзены?

— Кнігу плануем прэзентаваць напрыканцы года ў Аўстрыі. Зараз актыўна працуем разам з пасольствам і выдавецтвам, паралельна робіцца пераклад.

— Хатынь, Трасцянец — і раптам Навагрудскае гета, пра якое вядома ў разы менш. Чаму гэтая тэма стала наступнай?

— У цэнтры ўвагі трэцяй кнігі — знішчэнне яўрэйскага насельніцтва Навагрудка. Людзі, якія знаходзіліся падчас  вайны ў гэтым гета, мелі такую прагу да жыцця, што пад носам у нацыстаў здолелі выкапаць 200-метровы ход і ўцячы праз яго ў партызанскі атрад, каб змагацца з ворагам. Гэта прыклад сапраўднага супраціўлення, такой прагі, імкнення да жыцця, які мы таксама вырашылі паказаць. Кнігу мы зрабілі за рэкордны тэрмін: тэкст быў падрыхтаваны літаральна за месяц, столькі ж часу спатрэбілася, каб звярстаць і надрукаваць яе.

— З дня на дзень у крамах павінна з’явіцца чарговая кніга серыі. Якой падзеі яна прысвечана?

— Кніга «Масюкоўшчына. Трагедыя савецкіх ваеннапалонных» ужо выйшла з друку. Яна расказвае пра канцэнтрацыйны лагер Масюкоўшчына, дзе ў гады вайны загінула больш за 82 тысячы савецкіх ваеннаслужачых. Так супала, што гарадская частка лагера размяшчалася на тым самым месцы, дзе зараз знаходзіцца наша выдавецтва. Такіх лагераў на тэрыторыі Беларусі было шмат, у іх загінула за гады ваеннага ліхалецця больш за 810 тысяч савецкіх ваеннапалонных. На ўскрайку Магілёва былі знішчаны дзясяткі тысяч людзей, у Глыбокім, у Слоніме, пад Баранавічамі… У кнігах серыі «Беларусь. Трагедыя і праўда памяці» мы закранём кожную вобласць Беларусі, узяўшы за аснову адзін сімвал, вакол якога раскажам і пра іншыя трагічныя месцы гэтай тэрыторыі, звязаныя з Вялікай Айчыннай. Наступным стане выданне пра Азарычы — канцэнтрацыйны лагер, які знаходзіўся пасярод лесу. Ён існаваў літаральна некалькі тыдняў, там заражалі людзей тыфам, каб праз іх хвароба перадалася савецкім байцам, якія прыйдуць вызваляць гэтых людзей. Усяго да канца года плануем выдаць яшчэ пяць кніг. Такія кнігі — гэта наша Памяць!

Дадаткова

Да 75-годдзя вызвалення Беларусі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» падрыхтавала некалькі новых выданняў. Сярод іх — аўтабіяграфічная кніга разведчыка Генадзя Юшкевіча «Апошні з групы «Джэк», кніга для дзяцей «Летчики Беларуси. Асы Первой мировой и Великой Отечетвенной» і іншыя.

Серыя кніг «Беларусь. Трагедыя і праўда памяці» стала пераможцай Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі — 2019» краін — удзельніц СНД у намінацыі «Перамога».

Юлія Гаўрыленка, Фота Паўла Арлоўскага

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий