Вады напіцца з Максімавай крыніцы

Фальварак Ракуцёўшчына сабраў паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, народных майстроў, музыкаў і калектывы мастацкай самадзейнасці. Электрычкамі, легкавікамі, аўтобусамі ехалі людзі ў гэты музейны комплекс на Маладзечаншчыне, каб аддаць даніну павагі вечна маладому Максіму Багдановічу.

Старонка лепшая ў штодзённіку жыцця

Народжаны ў Мінску, асірацелы ў Гродне, вывезены ў пяцігадовым узросце з Беларусі, ён на доўгія гады быў адарваны ад роднай зямлі і меў аб ёй уяўленне толькі па кнігах і аповедах цётак.

Выпадак пазнаёміцца з радзімай надарыўся ў чэрвені 1911-га, акурат пасля выпускнога ў гімназіі. Адразу Максім прыехаў у Вільню, а ўжо адтуль супрацоўнікі газеты «Наша Ніва» браты Антон і Іван Луцкевічы «перадалі» маладога чалавека ў надзейныя рукі свайго дзядзькі Вацлава Лычкоўскага і яго сястры Ядвісі на хутар Ракуцёўшчына.

У радках свайго згубленага, а затым адноўленага верша пад назвай «У вёсцы» ён напіша:
«Страніца лепшая ў штодзённіку жыцця!
Зноў з ціхай радасцю цябе чытаю я».

– На маладзечанскай зямлі будучы паэт прабыў усяго два месяцы, але яны сталі надзіва плённымі ў творчасці, – расказвае загадчыца філіяла «Фальварак Ракуцёўшчына» Настасся Сярболіна. –
Тут, сярод беларускай прыроды, Багдановіч напісаў цыкл вершаў «Старая Беларусь» і «Места», паэмы «У вёсцы» і «Вераніка».

Літаратуразнаўцы наогул параўноўваюць ракуцёўскае лета Багдановіча з болдзінскай восенню Пушкіна. Менавіта гэтыя мясціны нарадзілі ў сэрцы паэта радкі, што перажылі стагоддзі і дагэтуль абуджаюць узнёслыя і шчымлівыя пачуцці.

Фальварак – частка жыцця

У філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Фальварак Ракуцёўшчына», дзе штогод праходзіць свята паэзіі і песні, людзі едуць па поклічу душы.

– Спякота, далёка, цяжка, урэшце, яшчэ і немалыя грошы, а я ўсё адно саджуся – і еду, бо не магу без тутэйшых людзей, зямлі, на якой жылі мае продкі, – гаворыць жыхарка Санкт-Пецярбурга праўнучка Вацлава Лычкоўскага Маргарыта Пярова. – Вось так пахаджу гэтымі сцежкамі, падыхаю паветрам, паслухаю птушак – і быццам бы ажыву, памаладзею, набяруся сіл. Так і жыву ад лета да лета, ад свята да свята, запаўняючы вольны час працай над успамінамі, якія стараюся занатаваць. Незадоўга да прыезду ў Беларусь раптам успомніла, як бабуля, Эмілія Шабуня, згадваючы маладога паэта, казала, што жыў ён у невялічкай хатцы паляўнічага, у акно якой грукала галінамі груша, і вельмі любіў піць гарбату з гаспадарамі, ад якіх вучыўся беларускай мове.

Паэты Валянціна Гіруць-Русакевіч, Уладзімір Цанунін і Марыя Кобец

На свята захавальніца сямейнага архіва Луцкевічаў звычайна прыязджае з букецікам валошак. Сёлета ля партрэта паэта, які ўстанавілі на імправізаванай сцэне, паклала яшчэ і вянок з палявых кветак.

Не абмінае свята ў Ракуцёўшчыне і сваячка Максіма Багдановіча па бацькоўскай лініі Вольга Дашкоўская, а таксама ўнучатая пляменніца рэдактара «Нашай Нівы» Аляксандра Уласава Ірына Ніжанкоўская.
– Гэты фальварак – частка майго жыцця, – кажа Ірына. – На мерапрыемства прыязджаю штогод. Хаджу, любуюся наваколлем, стараюся ўявіць, як тут жыў і ствараў паэт. Першы раз мяне сюды прывёў Антон Луцкевіч (беларускі грамадскі і культурны дзеяч, педагог, мемуарыст), ён жа наладзіў экскурсію па фальварку. Канешне, на той час тут было не так прыгожа і ўтульна, як цяпер. За гэта вялікі дзякуй супрацоўнікам музея.

Аднаўленне сядзібы Лычкоўскіх і стварэнне філіяла музея пачалося ў свой час з дома арандатара, у якім паэту вельмі добра пісалася. Цэнтральнае месца тут займае фотаздымак дзевятнаццацігадовага Максіма, побач з якім – ягоны «Вянок».

Драўляны ложак, стол, над ім – саламяная птушка. Здаецца, паэт і не пакідаў гэты пакой, а проста выйшаў у дом гаспадара, дзе яго ўжо чакала гарбата.

– Вось гэтыя кнігі таксама з таго часу? – пытаецца ў мяне хлопчык, разам з якім аглядаем гасцёўню.
– А ты зірні на год выдання, – раю.
– Стары-ыя! – кажа ён і бяжыць да вядра са сцюдзёнай вадой, якую толькі што прынеслі з Максімавай крыніцы. У амаль што 30-градусную спёку яна здаеццца асабліва смачнай!

Музей і творчы дух

– Мы вельмі рады, што людзі не губляюць цікавасці да творчасці Багдановіча, – разважае Настасся Сярболіна. – Год ад году колькасць нашых сяброў расце. Любяць гэтыя мясціны вядомыя беларускія пісьменнікі, паэты і дзеячы культуры.

Гучала музыка, ля мікрафона змянялі адзін аднаго калектывы мастацкай самадзейнасці з Раёўкі, Краснага, Чысці. Былі і творчыя заданні, квесты, займальныя лекцыі, гульні для дзяцей і дарослых, майстар-клас па выцінанцы і інтэрактыўны дзіцячы спектакль у адным з пакояў музея.

А Настасся Сярболіна і Маргарыта Пярова рыхтаваліся тым часам наведаць вясковыя могілкі, каб ушанаваць памяць гаспадара сядзібы Вацлава Лычкоўскага. З цягам часу магілка згубілася, але якраз напярэдадні свята паэзіі яе адшукалі. І зноўку дзякуючы нераўнадушным людзям, якія, як калісьці і Максім Багдановіч, хварэлі сэрцам за бацькаўшчыну і свой край.

Марына СЛIЖ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий