«Гліняны звон» адбыўся ў Івянцы

Старажытнае мястэчка Івянец сустракала ў суботу, 24 жнiўня, рамеснікаў з усёй Мінскай вобласці. У колішнім цэнтры ганчарнага мастацтва адбылося дзевятае абласное свята-конкурс «Гліняны звон».

Форум, асноўнай часткай якога стаў пленэр керамістаў, прайшоў у сядзібе Пятра Дарагунцава, колішняга ўладара Івянца. Схаваўшыся ад гарачага жнівеньскага сонца пад шатамі цяністых векавых дрэў, майстры стваралi збаны і збаночкі, глечыкі, свістулькі і нават цэлыя кампазіцыі.

— Сёння ў гэтым гістарычным месцы сабраліся людзі, якія прадстаўляюць старажытнае мастацтва гліны і агню — ганчарства, — сказаў, адкрываючы свята, старшыня Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, прафесар, доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута. — Дзявяты раз праходзіць яно на тэрыторыі сталічнага рэгіёну. Памятаю, як сустракаліся мы ў Любані, Лагойску, Радашковічах. Так бы, напэўна, і падарожнічалі з горада ў горад, каб не ўзяў свята-конкурс пад сваю апеку старажытны ганчарны цэнтр — Івянец. І тут проста нельга не сказаць дзякуй кіраўніцтву Валожынскага раёна, якое, разумеючы каштоўнасць і ўнікальнасць гэтага віду мастацтва, робіць усё магчымае для таго, каб цікавасць да конкурсу не гасла. Сёлета на «Гліняны звон» прыехала больш за паўсотні ганчароў з усёй Міншчыны. Па колькасці ўдзельнікаў гэта адно з самых маштабных святаў у сваёй гісторыі.

Нясвіж, Клецк, Слуцк, Лагойск, Барысаў, Вілейка, Салігорск, Дзяржынск, Івянец і іншыя гарады вобласці былі прадстаўлены на мерапрыемстве. Побач з масцітымі майстрамі працавалі толькі-толькі пачынаючыя і нават зусім юныя, што на думку члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, былога дырэктара Івянецкага музея традыцыйнай культуры Алега Раманоўскага дае падставу спадзявацца, што не звядуцца ганчары на нашай зямлі, не адыйдуць у нябыт, у тым ліку і івянецкія збаночкі, якія збіралі ў свой час на кірмашах чэргі з жанчын-пакупніц.

Івянецкая кераміка зарадзілася яшчэ ў XVI ст. Напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ ст. тут працавалі майстэрні па вытворчасці посуду, кафлі, ваз, падсвечнікаў. Выпускалі мясцовыя ганчары пераважна паліваны посуд з размалёўкай карычневага ці белага колеру. Атрымліваліся ў іх і карнізы для печак, цацкі, сярод якіх асаблівай папулярнасцю карысталіся свістулькі.

Гісторыкі расказваюць, што ў 1886 годзе ў мястэчку Івянец было 17 ганчарных майстэрняў, на змену якім з часам прыйшлі арцель, а затым — завод мастацкай керамікі. А з нядаўняга часу тут зноў пачалі з’яўляцца прыватныя майстэрні. Мае яе і член Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці Алег Капуста, які ў рабоце стараецца прытрымлівацца мясцовых традыцый і ў той жа час падтрымлівае івянецкую фляндроўку. Пазнаюць яе звычайна па зялёных і белых палосках на посудзе. Гэта і ёсць фірмовы знак мясцовых творцаў.

Мужчына кажа, што прыдумаць што-небудзь новае ў кераміцы вельмі цяжка. Бо ўсё, што можна, ужо ўвасобілі ў жыццё продкі. Таму ён звычайна бярэ якую-небудзь рэч і дадае штосці ад сябе, злучыўшы ў адно мінулае і сучаснасць.

Наталля Цэван прыехала на «Гліняны звон» з Заслаўя. Далікатныя кубачкі, зробленыя яе рукамі, а таксама вясёлыя талерачкі, «зачапілі» практычна кожную гаспадыню. Куплялі ў яе мясцовыя жанчыны і збаночкі, а таксама керамічныя куфэрачкі для ўпрыгожванняў.

— Прывезла сваю прадукцыю не дзеля таго, каб зарабіць, — смяецца Наталля. — Захацелася проста пабыць сярод людзей, адчуць атмасферу свята, датыкнуцца да калектыўнай творчасці. Па адукацыі я педагог, выкладаю кераміку і маляванне ў Мінскім дзіцячым палацы дзяцей і моладзі. Сядзець склаўшы рукі не люблю і не ўмею, таму пастаянна чымсці займаюся: малюю, ляплю, вырабляю посуд. Дарэчы, ён універсальны. Хочаце — можаце ўпрыгожыць распісанымі кубачкамі і талеркамі кухню, ёсць жаданнне — можаце з іх есці і піць. Посуд глазураваны, таму сачыць за ім і мыць лёгка.

Наталля кажа, што яна ў сям’і першапраходца. Да гэтага часу ніхто з Цэванаў ганчарствам не займаўся. А вось шаўцы ў сям’і — былі. У 1990-я гады бацька, інжынер па адукацыі, шыў людзям шапкі, а на пенсii стаў плесці папяровыя кошыкi.

Каб іх удасканаліць і зрабіць больш прывабнымі, жанчына лепіць маленькія, велічынёй з фасоліну, грыбочкі з гліны і прымацоўвае на кошыкi. Прыгожа так, што вачэй не адвесці.

— Без справы быць не люблю, — кажа Наташа. — Мару аб уласнай майстэрні, дзе было б шмат месца і прастору. Там бы працавала сама і адначасова вучыла падрастаючае пакаленне. Бачыце, колькі сёння на конкурсе маладых людзей, школьнікаў! Значыць, інтарэс да ганчарнай справы ёсць.

Падцвярджае гэта і Яна Стош, удзельніца свята-конкурсу з Лагойска. Дзяўчына займаецца ў гарадскім Доме рамёстваў з выкладчыцай Таццянай Сямёнаўнай Раманчук. Робiць на конкурс мадэль вяндлярні, якая знаходзіцца ў палацава-паркавым комплексе Храптовічаў, дзе не раз працавала ў якасці валанцёра.

— Арыгінальная пабудова створана на мяжы XIX — XX стагоддзяў з чырвонай цэглы, — кажа ўдзельніца конкурсу. — Яна круглая, вежападобная, мае высокі гонтавы дах.

Тры гадзіны былі адведзены канкурсантам на стварэнне шэдэўра. За іх працай сачылі як члены журы, так і шматлікія госці свята, якіх у час адкрыцця мерапрыемства павітаў загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама Вікенцій Адамовіч.

Працэдура ўзнагароджання пераможцаў праходзіла тут жа, у сядзібе Дарагунцавых, дзе была ўстаноўлена сцэна. Адзін за адным паднімаліся на яе прадстаўнікі сталічнага рэгіёну, а таксама мясцовыя, івянецкія майстры. І для кожнага ўдзельніка ў членаў журы знаходзіліся цёплае слова і падарунак.

За зберажэнне і творчае развіццё мастацкіх традыцый ганчарства ўзнагароду атрымалі выхаванцы студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Скарбніца» з Салігорскага раёна, у намінацыі «Лепшы настаўнік» перамагла Таццяна Раманчук з Лагойскага раёна, лепшым сямейным калектывам прызнана сям’я Скрыпкаў з Валожынскага раёна.

Пераможцы былі названыя ў больш чым 10 намінацыях, а самая высокая ўзнагарода, гран-пры конкурсу, дасталася Мікалаю Стрэльчанку з Лагойска.

— Працую ў раённым цэнтры рамёстваў, выкладаю дзецям урокі па гліняным майстэрстве, — расказвае мужчына. — На свістулькі, розны посуд за 30 гадоў перавёў каля 15 тон гліны. Люблю фігуркі жывёлін, гумарыстычныя вобразы, кубкі для гарбаты, стараюся пасябраць з белай глінай, якую можна яшчэ і расфарбаваць.

У вольны час майстра стварае яшчэ і самабытны гліняны посуд. Ды такі, што люба і сабе, і людзям паглядзець!

Марына Сліж

Фота аўтара

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий