Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч распавёў пра свята беларускага пісьменства

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч у эксклюзіўным інтэрв’ю «МП» распавёў пра адметнасці свята ў Слоніме, пра тое, ці прыме ўдзел у гістарычным квэсце і якую кнігу атрымае Гродзенскі ўніверсітэт у падарунак.

– Аляксандр Мікалаевіч, як вам талісман сёлетняга Дня – львяня з прыгожым імем Лявон?

– Яго вынайшлі там, на Гародзеншчыне, дзякуючы шырокаму грамадскаму абмеркаванню. Як ідэя, як традыцыя – гэта проста выдатна!

– Такая вясёленькая жывёлінка атрымалася!

Заўсёды процьма розных меркаванняў і думак, і гэта не абавязкова павінна падабацца абсалютна ўсім. Але, бачыце, ідзе паўсюднае брэндзіраванне. Мы ўжо ведаем, як адрэагавалі на талісман ІІ Еўрапейскіх гульняў. У нас увогуле шмат сімвалаў, што звязаны не толькі з жывёламі, але і з нашымі спрадвечнымі традыцыямі і прыярытэтамі. Таму мне гэтая ідэя і яе рэалізацыя падаецца вельмі сімпатычнай.

Свята беларускага пісьменства мае адносна багатую гісторыю, вядзе адлік з 98-га года. За гэты час склаліся пэўныя традыцыі, формы. З аднаго боку, гэта нядрэнна. Але калі паглядзець з  іншага, то існуе пэўная прадказальнасць, губляецца адчуванне навізны, інтрыга…

– Я так не казаў бы… Ідзе пастаянны пошук. Навізна можа быць і ў традыцыйна –сутнасным выкладанні. Пагадзіцеся, важна тое, якая менавіта па зместу кніга будзе абгорнута ў вокладку. Навацыі звязаны не проста з канцэртам альбо з ўрачыстым адкрыццём свята. Яны маюць дачыненне да таго, што робіцца ў рэгіёне, як прэзентуюць галіну кнігавыдання, якія увогуле сацыяльна-выхаваўчыя прыярытэты ўкладваюць ў змест свята.

Дасье «МП»

Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня. Традыцыйна свята праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.
Упершыню Дзень беларускага пісьменства адбыўся ў 1994 годзе ў старажытным Полацку. Чатыры разы ён праводзіўся на Міншчыне – ў Нясвіжы, Барысаве і двойчы ў Заслаўі. Летась юбілейны, 25-ы па ліку, Дзень беларускага пісьменства прымаў горад Іванава Брэсцкай вобласці. Мяркуецца, што ў 2021 годзе свята зноў завітае на Міншчыну.

Сёлета мы па традыцыі і ўсё ж па-новаму паглядзелі на кніжны гандаль. Падчас «трылогіі» малой радзімы звярнулі пільную ўвагу на прысутнасць тут краязнаўчай, асветніцкай літаратуры. У Слоніме ёсць некалькі прыватных кнігарняў, але адкрыццё на пачатку чэрвеня кніжнай крамы «Санет у тэставым рэжыме, а зараз, 31 жніўня, ужо  афіцыйна, стварае для Слоніма, Гародзеншчыны такое знакавае культурніцкае месца. У той самы чэрвеньскі дзень, калі запрацаваў «Санет», упершыню правялі фестываль «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку». Удзячны Міністэрству культуры, музейнай дырэкцыі за падтрымку нашай ініцыятывы. Без усялякіх штучных намаганняў вельмі істотна адгукнулася кнігавыдавецкая супольнасць. Дай Бог, каб фестываль стаў традыцыяй!

Як бачыце, Гародзеншчына становіцца такім кніжным рэгіёнам, узнаўляе свае гісторыка-асветніцкія традыцыі. Вельмі прыемна, што наўмысна да свята беларускага пісьменства выпушчана цэлая серыя кніг – фактычна створана бібліятэка гародзенскага краязнаўства. Гэта адбылося дзякуючы супольным намаганням Гродзенскага аблвыканкама, Міністэрства інфармацыі і дзяржаўных кніжных выдавецтваў. Вось таксама па-свойму пэўная навацыя…

Гродзенскі аблвыканкам абвясціў конкурс на лепшую публікацыю ў друку да Дня беларускага пісьменства. Такога ніколі не было.

Увогуле, уся Гродзеншчына рыхтуецца да свята. І гэта заўважна нават па тым настроі, які сёння пануе ў Слоніме.

У прафесійным пісьменніцкім і журналісцкім асяродку існуюць дзве супрацлеглыя думкі. Адны выказваюцца за тое, каб свята ўсё ж заставалася святам, другія хочуць, каб было больш нейкіх дзелавых момантаў: дыскусій, абмеркаванняў…

– У пярэдадзень свята, у суботу, на ўсемагчымых пляцоўках Слоніма і ваколіц, перш за ўсё маю на ўвазе Жыровічы, будуць праходзіць розныя мерапрыемствы. Гэта і фінал конкурса «Жывая класіка», які крочыць па краіне пад эгідай Міністэрства адукацыі, Саюза пісьменнікаў, «Сталічнага тэлебачання» і Міністэрства інфармацыі, Дзеці-дэкламатары чытаюць найлепшыя творы беларускай літаратуры.

Традыцыйная навукова-практычная канферэнцыя гэтым разам прысвечана асветніцкім аспектам Гародзеншчыны і Слонімшчыны. Гэты праект рэалізуецца сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук. Мне прыемна, што вельмі сур’ёзна нашы навукоўцы ставяцца да яго, імкнучыся штораз здзівіць нейкімі адкрыццямі.

Як вядома, да Слоніма кіруе навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», якая завершыць сваю місію літаральна на галоўнай сцэне свята.

У Жыровічах пройдзе адно з ключавых мерапрыемстваў – круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго». Мае быць даволі прадстаўнічы форум, так?

– Пацвердзілі свой удзел прадстаўнікі 15 краін. Гэты праект заснаваны ў 2007-м і, на мой погляд, з’яўляецца яркім прыкладам літаратурнай дыпламатыі. Да нас прыязджаюць добрыя сябры беларускай літаратуры альбо новыя перакладчыкі, вядомыя дагэтуль хіба што віртуальна пісьменнікі. Але ўсе яны непазбежна становяцца сябрамі Беларусі і папулярызуюць нашу культуру за мяжой.

Да нас далучыцца вельмі самавіты госць – вядомы польскі літаратар, публіцыст, падарожнік Яцэк Палкевіч. Ён аб’ездзіў усю постсавецкую прастору, краіны Азіі і Афрыкі, падарожнічаў праз акіян на лодцы…

Апошнім часам дзякуючы гэтай пляцоўцы з’явіліся кнігі беларускіх пісьменнікаў у Чэхіі, Славакіі. Шмат твораў, у тым ліку класічных, перакладзена на мовы народаў постсавецкіх краін. У Таджыкістане выйшла кніга Максіма Багдановіча. У перакладзе на татарскую і чувашскую мовы, у Дагестане надрукаваны санеты Янкі Купалы. А ў нас на Дні беларускага пісьменства яны – усе 22 – будуць прэзентаваны кніжкаю на 17 мовах свету. Некалі такое выданне было на сямі мовах. І вось – новы прасцяг, рух наперад.

Так што, вяртаючыся да вашага пытання, зазначу, што спрачацца можна пра што заўгодна. Галоўнае, каб да гэтых дыскусій дадавалася мэтанакіраваная праца.

Асабіста для сябе якія імпрэзы Дня беларускага пісьменства вылучаеце?

– Канешне, з цікаўнасцю буду ўглядацца ў фестываль кнігі і друку, прэзентацыі беларускіх выдавецтваў. Будзе гістарычны квэст, які, спадзяюся, прыцягне ўвагу моладзі.

– Паўдзельнічаеце?

– Паспрабую. (Усміхаецца.) Прачытаў некалькі кніг пра Слонімшчыну, таксама і тыя выданні, што рыхтаваліся нядаўна да друку. Увогуле гэты край – вядомае асяроддзе ў культурнай гісторыі Беларусі.

Адной з самых цікавых падзей на свяце стане прэзентацыя Статута Вялікага Княства Літоўскага. Гэты фаліянт выдадзены напярэдадні Першай сусветнай вайны, яго знайшоў мецэнат-кніжнік. І такі вось падарунак будзе зроблены Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту.

З задавальненнем таксама пазнаёмлюся з абноўленым Слонімам.

Дзень беларускага пісьменства – гэта ўсё ж нацыянальнае свята. Падзеі першых вераснёўскіх дзён у Слоніме і Жыровічах знойдуць нейкі грамадскі водгук у іншых мясцінах Беларусі?

– Мы пастараліся ў мас-медыйнай прасторы, наколькі гэта магчыма, шырока расказаць пра традыцыі Дня беларускага пісьменства. І тое, што зрабілі выдавецтвы, рыхтуючыся да свята, гэта, безумоўна, для ўсёй нашай краіны, для ўсяго грамадства.

– Ці вядома, які горад прыме духоўна-асветную эстафету ў Слоніма? Пасля Заслаўя ў 2014 годзе нешта даўно свята не было на Міншчыне…

– Бялынічы. Што да сталічнай вобласці, то ведаю гэты клопат. Не буду падрабязна каментаваць, але хачу сказаць, што па абласцях будзе вытрымлівацца алфавітны парадак. І вось якраз Гродзеншчына перадае эстафету Магілёўшчыне. А ўжо наступнае свята адбудзецца на тэрыторыі Мінскай вобласці.

– Што пажадаеце ўдзельнікам і гасцям, гаспадарам свята ў Слоніме?

– Любіце сваю Айчыну, працалюбівы беларускі народ! І няхай у гэтым вашымі заўсёднымі спадарожнікамі будуць родная мова і тыя вялікія гістарычныя традыцыі, што ёсць за плячыма ў беларусаў.

– Дзякуй за размову!

Гутарыў Ігар ГАНЧАРУК

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий