Таямнічы рыдыкюль дзеда Арсеня

Гэты старэнькі рыдыкюль Арсень Асіповіч адкрыў акурат напярэдадні свайго 90-годдзя. Выцягнуў на свет божы дзеля маладзенькіх дзяўчатак, што завіталі ў дом і папрасілі расказаць пра традыцыі вёскі. Дзед нават і не падумаў, што гарадскія гаварухі арганізуюць выставу, дзякуючы якой землякі ўбачаць застылыя ў часе Кучкі і вяскоўцаў – маладых і шчаслівых.

– У двор да дзеда Арсеня нас накіравалі мясцовыя жанчыны, – расказвае кіраўнік этнаграфічнага клуба «Кола» Маладзечанскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Вольга Трубач. – Што ён для нас проста знаходка, зразумелі адразу: сыпаў вершамі, напяваў песні, распавядаў, як жылі і сустракалі некалі святы. Паклікаў у хату, дзе дапоўніў усё гэта дэманстрацыяй старых фотаздымкаў. Што іх трэба паказаць іншым, не сумнявалася ніводнай хвіліны. Заставалася толькі вызначыцца з датай і месцам выставы, каб яе маглі пабачыць як мага больш людзей.

Сустрэцца з мінулым

Экспазіцыю да канца лета размясцілі ў Маркаўскім сельскім Доме культуры. Адкрылі яе 21 ліпеня, якраз у дзень нараджэння Арсеня Васільевіча Асіповіча.

Экспазіцыя з сямейнага фотаархіва жыхара вёскі Кучкі Арсеня Асіповіча адкрылася ў Доме культуры вёскі Маркава

– Забягае моладзь, – расказвае дырэктар Людміла Асіповіч, – прыходзяць вяскоўцы больш сталага веку. Ім, канешне, цікавей, бо многіх людзей, што пазіраюць са старых фотаздымкаў, яны ведаюць і памятаюць з дзяцінства ці маладосці. Разам вучыліся, працавалі, гулялі вяселлі, хрысцілі дзяцей.

«Родная сястра дзеда Арсеня Ірына Васільеўна Асіповіч (1927 г. н.) і стрыечная сястра Анастасія Мікітаўна Траска (да шлюбу – Асіповіч, 1932 г. н.)», – чытаем пад адной з картачак. З наступнай на мяне глядзіць прыгожая дзяўчына ў вясельнай сукенцы. Не магу стрымаць усмешкі, заўважыўшы на здымку сумна-напружаныя твары вясковых музыкаў…

Родная сястра дзеда Арсеня Ірына і стрыечная – Анастасія

– А вось гэты хлопец, што на веласіпе­дзе, і ёсць сам Арсень Васільевіч, – паказвае мясцовая жыхарка Марыя Баран. – Бачыце, які прыгожы ў маладосці! Хоць ён і цяпер на свой узрост не выглядае: бадзёры, вясёлы, штодня ў клопатах і справах. Нядаўна адзначалі свята яго роднай вёскі, дык з нашай «Маркаўчанкай» усе песні пераспяваў. А колькі цікавага ведае!

Зямля святая

Усё сваё жыццё дзед Арсень пражыў у Кучках. Развітваўся з імі хіба што восенню, на колькі дзён, калі, замовіўшы грузавік, вазіў прадаваць яблыкі ў Маскву, Рыгу альбо Санкт-Пецярбург ці Сергіеў Пасад. Што меў з тых паездак – не ведае ніхто. Але між сабою вяскоўцы пагаворваюць, што рабіў ён гэта не дзеля заробку. Летуценнік па натуры, Арсень выпраўляўся ў дарогу, каб адчуць дух вандровак, паглядзець, як жывуць людзі, пастарацца чымсьці дапамагчы ім.

Ён і цяпер, у свае 90, рэдка бывае дома. Вось і тым днём, калі завітала ў вёску, дзверы ў хату пільнаваў новенькі бліскучы замок, хоць напярэдадні наш герой быццам бы нікуды не збіраўся. Што тут зробіш – характар! Аднавяскоўцы кажуць, што па настроі можа паехаць у Мінск на Камароўску альбо ў Радашковічы – купіць курачак. Часам наведвае пляменнікаў у суседняй вёсцы. У выхадныя і святы абавязкова ідзе ў Маркаўскую царкву.

Машыны былі рэдкасцю. І веласіпед не ў кожным двары стаяў. Таму дзень, калі Арсень Асіповіч набыў свайго двухколавага каня, нельга было не пакінуць у памяці. Фатограф заняты здымкай, а тым часам шчаслівага ўладальніка падтрымлівае з кустоў сябар Пётр Васюта.

– Бацька Арсеня Васільевіча ў свой час адпяваў нябожчыкаў, дык ён таксама пачаў гэта рабіць для людзей, – кажа Марыя Баран. – Здарыцца бяда – у любы час едуць да яго, просяць, каб дапамог правесці як належыць цырымонію развітання з родным чалавекам. Нікому не адмаўляе і робіць усё талкова, як некалі…

Паважаюць і ведаюць Арсеня ва ўсіх вёсках Маркаўскага сельсавета. Дый не толькі там.

– Ідзём неяк з дзедам Арсенем ад шашы, размаўляем, – успамінае Вольга Трубач. – Дзесяць метраў не паспелі адмераць, як машына побач спынілася. Кіроўца выбег, клункі з нашых рук забраў, да самага дома давёз.

Калі ў Кучках адзначалі свята вёскі, самых ганаровых і шаноўных гасцей сустракаў хлебам-соллю Арсень Асіповіч. Колькі ўжо населенаму пункту, першая згадка пра які датуецца сярэдзінай XVIII стагоддзя, не ведае. А чаму так называецца, патлумачыў.

Паводле яго слоў, пачыналася вёска калісьці з васьмі хатак. У голым полі, якое абдзімалі з усіх бакоў вятры, стаялі яны шчыльненька, кучкай, быццам падтрымліваючы адна адну. Ішоў час, прыязджалі новыя людзі. У канцы 60-х – пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя ўжо было 69 двароў і больш за 200 жыхароў. Але назва вёскі такой і засталася.

– Я таксама адсюль, – гаворыць Людміла Асіповіч. – Асела ў Маркаве, але сэрца ўсё адно час ад часу просіцца ў Кучкі, дзе лю­дзі жылі дружна, душа ў душу. А як спявалі! Выйдуць у якое свята ды як грымнуць усёй вёскай – здаецца, наваколле трасецца…

Хрусь-хрась крапіва

Без перабольшання, Арсень Асіповіч – самы што ні ёсць носьбіт мясцовых звычаяў і традыцый.

– Вы б чулі, колькі вершаў і песень ён ведае, – кажа Вольга Трубач. – Пад настрой сыпле імі як з рога – толькі паспявай запісваць. Iншым разам нахмурыцца: маўляў, ідзіце, дзяўчаты, няма ў мяне на вас часу. Ведаеце, вельмі цікава за ім назіраць… Як ён, напрыклад, рэжа тупым нажом індыкам крапіву і пры гэтым шэпча пад нос нешта накшталт: «Хрусь-хрась, крапіва…»

У дамку, што патрабуе рамонту і дужых рук, зразумелы толькі яму аднаму «мужчынскі» парадак. Сярод рарытэтаў – дыван, намаляваны майстрам Сахутам у 1943 годзе. Рэч дасталася гаспадару ад сястры, калі тая пайшла замуж з бацькавай хаты.

– Сам ён доўга не жаніўся, – кажуць у вёсцы, намякаючы на нешчаслівае каханне ў маладосці. – Працаваў у калгасе газаўшчыком, увесь час быў навідавоку і з людзьмі, але так нікога сабе і не прыгледзеў. Стварыць сям’ю адважыўся ў 54 гады, пабраўся шлюбам з мясцовай жанчынай. Разам былі нядоўга. Неўзабаве Ніна вярнулася ў сваю хату. Арсень не забывае яе, ходзіць у госці…

Кажуць, ён мала думае пра матэрыяльнае. Любіць наведваць царкву, дапамагае землякам, не прапускае ніводнага мясцовага фэсту. Арсень Васільевіч стараецца запаўняць свае дні чымсьці карысным. Можа на спадарожных машынах з’ездзіць у райцэнтр альбо да сваякоў у суседнюю вёску. Ці, стаміўшыся, дастаць стары і таямнічы рыдыкюль з фотаздымкамі і «пайсці» сцяжынкамі юнацтва і маладосці…

Марына СЛІЖ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий