Аркестр Маладзечанскага музычнага каледжа адзначыў 50-­годдзе

Сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага каледжа, які даўно стаў візітоўкай горада, вобласці і нават краіны, адзначыў 50-­годдзе. Прыхільнікаў творчасці музыканты віталі ў Вялікай зале Палаца культуры, дзе не было свабодных месцаў. А юбілейную канцэртную праграму прысвяцілі Году малой радзімы, якая ў жыцці кожнага чалавека мае асаблівае значэнне.

Па 5–6 новых праграм рыхтуе ў год калектыў, якім на працягу апошніх 40 гадоў кіруе Рыгор Сарока, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё міжнародных культурных сувязей Рэспублікі Беларусь», кавалер ордэна Францыска Скарыны.

Разам з сімфанічным аркестрам яны пабывалі ў многіх краінах свету, якія можна назваць Меккай мастацтва. І, падарожнічаючы па Еўропе, не толькі адкрывалі новую геаграфію. Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага нёс людзям сваю культуру, і ў той жа час чуў музыку іншых гарадоў, наладжваў кантакты, знаходзіў сяброў.

— Зірніце на нашых музыкантаў, — кажа яго кіраўнік. — Па сутнасці, многія з іх яшчэ зусім дзеці, і тым не менш працуюць у сур’ёзным калектыве, з вельмі сур’ёзнымі праграмамі.

«Духоўнай старонкай малой радзімы» назвалі яны канцэрт, што стаў сумесным творчым праектам музычнага каледжа, Палаца культуры і Маладзечанскай епархіі, якая ў гэтыя дні адзначае свой 5-гадовы юбілей.

Са знакавымі падзеямі ад імя Мінскага аблвыканкама і ўсяго маладзечанскага рэгіёна віноўнікаў урачыстасці вітаў старшыня райвыканкама Юрый Горлаў. Выступіў і епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел:

— Я вельмі ўдзячны гораду, які мяне ў свой час прыняў, а таксама яго людзям: чыстым, светлым, таленавітым, творчым, улюбёным, як Святлана і Рыгор Сарокі, у справу, якой займаюцца. Разам мы працуем не першы год. За гэтыя пяць годоў былі і сумесныя выставы, і фестывалі, і канцэрты, якія праходзілі на адным дыханні.

У «Духоўнай старонцы малой радзімы» прынялі ўдзел хор музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Веры Каханоўскай, а таксама салісты Кацярына Купрыеўская, Вольга Кохан, Ігар Кісліцкі, Сяргей Ярук, Цімафей Мельнікаў і іншыя.

Дадаткова

Рыгор Сарока родам з вёскі Турэц-­Баяры, што ў Маладзечанскім раёне. Кажа, што і сёння і ў памяці, і ў сэрцы — родныя ваколіцы, дом, вуліца, і вельмі ганарыцца сваякамі, дзецьмі і ўнукамі, якія аддана служаць Беларусі. Ні адзін прадстаўнік іх роду не пакінуў сваёй зямлі. Ні адзін член сям’і ніколі не быў абыякавы да яе лёсу.

Марына Сліж, Фота Яўгена Стэльмаха

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий