Маштабна, гучна, непаўторна адзначылі ў Слоніме XXVI Дзень беларускага пісьменства

Знакавай падзеяй свята стала афіцыйнае адкрыццё ў цэнтры горада помніка выдатнаму дзяржаўнаму дзеячу, ініцыятару распрацоўкі фактычна першай еўрапейскай канстытуцыі –Статута Вялікага Княства Літоўскага, старасту Слоніма Льву Сапегу.

1 верасня на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы адбылося ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Журы пад старшынствам доктара філалагічных навук, прафесара Івана Саверчанкі, разгледзеўшы творы больш чым 70 аўтараў, назвала пераможцаў. У намінацыі «Найлепшы твор (зборнік твораў) паэзіі» пераможцам стаў Мікола Маляўка за зборнік вершаў «Сланечнiк». Сярод твораў прозы – аповесць «Геній» Алега Ждана, а ў намінацыі «Публіцыстыка» – кніга «VALE!» Віктара Хурсіка. Даследчая праца Святланы Калядка «Літаратуразнаўчая тэорыя паэтычнай эмоцыі» ўзнагароджана Нацыянальнай прэміяй у раздзеле літаратурнай крытыкі. А самым паспяховым творчым дэбютам журы прызнала кнігу «Сэрца Сакры» маладой пiсьменнiцы Станіславы Умец. Лаўрэатам прэстыжнай дзяржаўнай узнагароды стаў і ўраджэнец Слонімшчыны, дзіцячы пісьменнік Уладзімір Ягоў-
дзік («Крылатыя суседзі», «Зачараваная Свіслач» і «Кветкі дзівасілу»).
А вось у намінацыі «Найлепшы твор драматургіі» сёлета прэмію вырашылі не прысуджаць.

Дзень беларускага пісьменства – нацыянальнае свята, якое адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня. Першым месцам яго правядзення стаў старажытны Полацк. Форум прымалі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Іванава і іншыя гарады Беларусі.

Лаўрэатаў з заслужаным поспехам цёпла павіншавалі міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

Дзень беларускага пісьменства – свята яшчэ і адукацыйнае. Таму яго арганізатары прадугледзелі разнастайныя пляцоўкі для правя-
дзення навукова-даследчых канферэнцый, асветніцкіх круглых сталоў, прэзентацый новых літаратурных твораў.

Пісьменнікаў Азербайджана, Грузіі, Італіі, Казахстана, Кітая, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Узбекістана, Украіны аб’яднаў традыцыйны міжнародны круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго». Прайшоў ён у Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры, недалёка ад Слоніма. На думку дырэктара выдавецтва «Мастацкая лiтаратура», пісьменніка Алеся Бадака, яго правядзенне садзейнічала пашырэнню творчых сувязей, развіццю і папулярызацыі нацыянальных літаратур.

Старажытны Слонім, дзе я даўно не быў, на вачах памаладзеў. Рэканструяваны і адрамантаваны дзясяткі вуліц, дамоў, многія з якіх упрыгожылі тэматычныя графіці. З задавальненнем разам з калегамі прагуляліся па цэнтры горада, палюбаваліся галоўнымі славутасцямі –
добраўпарадкаванымі паркам, каналам Агінскага, гасцініцай «Шчара», арыгінальным, яшчэ дарэвалюцыйных часоў, будынкам пошты, велічным Спаса-Праабражэнскім саборам. Што называецца, з галавой акунуліся ў атмасферу фестывалю кнігі і прэсы, у рамках якога жыва і цікава праходзілі прэзентацыі друкаваных выданняў беларускіх і замежных аўтараў, тэматычныя выставы, у прыватнасці «Друкаваныя выданні на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 20–39 гг. ХХ стагоддзя», «Паэты і пісьменнікі Беларусі на медалях і манетах», шматлікія акцыі, у тым ліку «Мая Радзіма – Беларусь», «Добрая кніга – дзецям».

На інтэрактыўнай пляцоўцы «Друкарскі двор» кожны ахвотны мог на старадаўнім станку аддрукаваць старонку з «Бібліі Скарыны», а таксама на прыкладзе рэдкай калекцыі гісторыка Уладзіміра Ліха-
дзедава ўбачыць, як развівалася тэхналогія друкавання паштовак.
Сапраўднай фішкай свята стала квэст-гульня «Код Сапегi», распрацаваная па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі. Яе ўдзельнікам, каб разгадаць азартную галаваломку, неабходна было выканаць 10 заданняў па ўсім горадзе і мэтанакіравана, паводле сюжэтнай лініі, азнаёміцца ​​з самымі цікавымі і малавядомымі славутасцямі. Навінка відавочна спадабалася ўдзельнікам і гасцям усіх узростаў.

Талісман свята – сімпатычнае львяня Лявон, здаецца, суправа-
джала нас паўсюль, зараджаючы пазітывам. З ім многія хацелі сфатаграфавацца.

А якое ж свята пісьменства без свайго сімвала! Ім стаў «Кніжны зубр», унікальны арт-аб’ект, створаны таленавітым майстрам Гена-
дзем Катлінскім з дэталей старых друкарскіх машын і шрыфтоў.
Тыя, хто стаміўся і злёгку прагаладаўся, кіраваліся да гандлёвых пляцовак, на фестываль нацыянальнай кухні. Многія з задавальненнем заказвалі арыгінальныя «літаратурныя» стравы, пра якія распавядаецца ў творах вядомых беларускіх пісьменнікаў.
Завяршыўся XXVI Дзень беларускага пісьменства вячэрнім канцэртам і ўрачыстай перадачай эстафеты гораду Бялынічы Магілёўскай вобласці, дзе свята пройдзе ў наступным годзе.

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий