Наіўны жывапіс Вольгі Пілецкай

Разам са сваімі выхаванцамі Вольга Пілецкая, метадыст па народнай творчасці Клецкага раённага цэнтра культуры, стварае дзіўныя дываны-­маляванкі — накшталт тых, што рабілі беларускія мастакі­-самавукі мінулага стагоддзя. Карэспандэнт «МП» сустрэлася з педагогам і даведалася, ці проста маляваць у «наіўнай» манеры, як забяспечыць даўгавечнасць рукатворных шэдэўраў і ў якіх выпадках можа выратаваць «чароўная канапка».

Чыстыя мастакі

З Вольгай Пілецкай мы сустрэліся ў творчай майстэрні: тут яна праводзіць заняткі для дзяцей, «надае колер і форму» свайму натхненню. Першае, что кінулася ў вочы, — маляваныя дываны на сценах. У якасці асновы — чорная тканіна, а на ёй расцвітаюць райскія сады, гуляюць экзатычныя жывёліны, лётаюць казачныя птушкі. Усё проста, па-дзіцячаму лёгка і непасрэдна. Гэта, кажа Вольга, і ёсць маляванка — прыклад наіўнага, альбо «праўдзівага», мастацтва.

— Чыстыя мастакі — так называлі людзей, якія з фарбамі за плячыма цёгаліся па вёсках і шукалі замовы. Самавукі, яны не ведалі законаў жывапісу і кампазіцыі, не валодалі віртуознай тэхнікай. Немудрагеліста малявалі тое, што бачылі кожны дзень: прыроду, людзей, жывёлін, птушак. Маглі перадаваць праз палотны і свае фантазіі, мары, — кажа метадыст. — Бог даў ім здольнасць бачыць прыгажосць, але не даў магчымасці вывучыцца на мастака. Хай іх творчасць недасканалая, затое сумленная і адкрытая.

За сваю працу мастакі бралі даволі танна: дзе мех бульбы, дзе хлеб з салам. Хто меў магчымасць, плаціў рублём.

— Адны з самых яркіх прадстаўнікоў беларускага наіўнага мастацтва — гэта Язэп Драздовіч з Віцебшчыны і Алена Кіш, якая родам са Случчыны. Мастачку ўвогуле лічылі дзівакаватай, але дываны замаўлялі ахвотна: у іх была прастата, блізкая кожнаму селяніну. Прамых доказаў, што Алена Кіш вандравала і па вёсках Клеччыны, мы не знайшлі, аднак ведаем дакладна: у нас былі свае, мясцовыя наіўныя мастакі, — адзначае метадыст РЦК.

У мінулым годзе Вольга ездзіла ў экспедыцыю па вёскам Клецкага раёна, разам з супрацоўнікамі Музея гісторыі Клеччыны даследавала хаты, вызначаныя «пад знос». Вялікіх адкрыццяў экспедытары не зрабілі, пакуль не завіталі ў Кухчыцы. Тут, на гарышчы адной з пакінутых старэнькіх хат, знайшлі маляваны дыван, якому ўжо пад сотню год! Абы-як скручаны, месцамі пераламаны, ён валяўся, нікому не патрэбны. На такую каштоўную знаходку, кажа Вольга, нават не разлічвала.

А праз некалькі дзён сюрпрыз чакаў яе ў вёсцы Заляшаны. Усё па таму ж сцэнарыю: старая хатка, а на гары — маляваны рарытэт.

— Самае цікавае, што малюнкі на дыванах цалкам ідэнтычныя: алені ў райскім садзе. Калі прыглядзецца больш уважліва, бачна, што гэта рука аднаго майстра! Карыстаўся ён анілінавымі фарбавальнікамі. Складанымі дэкаратыўнымі дэталямі малюнак не аздабляў. Хутчэй за ўсё, гэта наш мясцовы мастак-самавука, — тлумачыць Вольга Пілецкая. — Мяркую, ён быў такі не адзін. Маляваныя дываны карысталіся вялікім попытам.

Пік росквіту наіўнага мастацтва — гэта 1920–1930 гады. Маляванкамі ўпрыгожвалі сцены ў хаце, іх лічылі сямейнымі абярэгамі, дарылі на вяселле і народзіны. Маладыя незамужнія дзяўчаты марылі займець дыван з галубкамі, а паляўнічыя замаўлялі маляванкі з выявай той ці іншай дзікай жывёліны. Але хутка стала не да прыгажосці і абярэгаў…

— Пасля вайны людзям не было чаго есці — якія ўжо тут маляванкі… Думалі, як бы хату адбудаваць ды гаспадарку падняць, — гаворыць Вольга. — На вольных мастакоў больш не глядзелі з павагай: у адзін момант яны сталі гультаямі і дармаедамі. А пасля запрацавалі заводы, фабрыкі з іх канвеернымі таварамі. Маляванкі, да якіх некалі адносіліся з такой пашанай, цяпер кідалі ў гумно на падлогу, шылі з іх мяхі на зерне. Наіўнае мастацтва пачало знікаць за непатрэбнасцю…

Адной левай

Сёння незвычайны від народнага мастацтва прадстаўлены пераважна ў музеях. У тым жа музеі-запаведніку «Заслаўе» захоўваецца некалькі дываноў Алены Кіш. На Міншчыне адраджэннем маляванкі на сур’ёзным узроўні зай­маецца толькі Вольга Пілецкая. Яна стварае дываны на манер тых, што рабілі стагоддзе таму, а яшчэ навучае гэтаму дзяцей.

— Маляванкай цікавілася даўно, але не ставіла сабе мэты займацца ёю грунтоўна. Неяк паехала ў Віцебск на «Славянскі базар». Каб крыху адрознівацца ад усіх, пашыла чорную сукенку ды намалявала на ёй ільва. Мяне, вядома, заўважылі. Пазней кіраўніцтва Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці прапанавала зрабіць некалькі традыцыйных маляванак-дываноў. Я згадзілася, успрымала гэта як часовае захапленне. І толькі экспедыцыя, падчас якой пашчасціла знайсці дзве арыгінальныя маляванкі, мяне пераканала: трэба брацца за працу сур’ёзна і адраджаць наіўнае мастацтва. Яно было распаўсюджана ў раёне і, значыць, павінна сюды вярнуцца.

Нягледзячы на назву, маляваць наіўна, па-простаму, даволі складана. Асабліва чалавеку з мастацкай адукацыяй.

— Наіўнае мастацтва вельмі шчырае і сапраўднае, інтуітыўнае. Мастакі-самавукі малявалі так, як умелі, як адчувалі, — разважае Вольга Пілецкая. — Мне ж трэба яшчэ пастарацца, каб атрымалася зусім проста. Іншым разам нават малюю левай рукой. Разумееце, тут вельмі тонкая мяжа паміж роспісам па тканіне і дыванамі-маляванкамі. Першае — гэта ўсё ж высокае мастацтва, а другое — элементарнае. Дзецям у гэтым сэнсе прасцей, бо яны малююць свабодна — так, як просіцца.

Трэці год запар Вольга кіруе дзіцячым гуртком дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Чердачок». Пастаянна сюды ходзяць 10 дзяцей ва ўзросце ад 5 да 11 год.

— Для меня мае значэнне не ўзрост дзіцяці, а яго адносіны да мастацтва, у тым ліку наіўнага. Я хачу бачыць у вачах выхаванцаў сапраўдную зацікаўленнасць і жаданне займацца творчасцю. Мая мэта і надзея, каб маляванка адрадзілася і колькасць прыхільнікаў наіўнага мастацтва павялічвалася. Дзяцей не абмяжоўваю: малюйце, што падкажа фантазія. Райскі сад, дзівосныя жывёліны і птушкі, міфалагічныя істоты — галоўнае, каб ад душы.

А вось цалкам пераняць тэхніку стварэння маляванак Вольга не імкнецца:

— Фарбы і тканіна — усё, што было ў арсенале наіўных мастакоў. Працавалі яны так: прыб’юць ільняное палатно да падлогі, зробяць на ім накіды, а потым малююць. Ніякай асаблівай падрыхтоўкі.

Як паказаў час, такія дываны недаўгавечныя: фарбы асыпаюцца, на палотнах з’яўляюцца заломы. Прыкладна ў такім жа стане былі знойдзены і клецкія маляванкі.

— Доўга шукала сваю аптымальную «формулу» стварэння дываноў: хочацца ж, каб яны праслужылі як мага даўжэй, — кажа суразмоўца. — Спачатку раблю эскіз мылам, потым замалёўваю яго клеем — інакш тканіна наскрозь прамокне ад фарбаў. Наступны этап — грунтоўка малюнка белай фарбай, толькі пасля — каляровымі. А цяпер уявіце: усё гэта трэба зрабіць сямігадоваму дзіцяці. Для яго здужаць малюнак на палатне памерам метр на метр — ужо по­дзвіг. А трэба ж яшчэ падрыхтаваць тканіну для малюнка! За тыдзень усё не паспець, нават месяца не хапае. Не кожнаму гэта па сілах: бываюць і слёзы, і крыкі. Але для такіх выпадкаў у мяне ёсць спецыяльная канапка. Стаміўся — ідзі адпачні. Чароўны эфект мае: вяртаюцца і спакойна працягваюць работу.

Літаральна два месяцы таму Вольга Пілецкая і яе выхаванцы атрымалі Гран-пры IV абласнога свята-конкурсу дзіцячай творчасці «Калыска талентаў». Перамога яшчэ раз пераканала Вольгу ў тым, што яна займаецца патрэбнай справай.

— Прыемна, калі твае намаганні не дарма, — прызнаецца метадыст. — Шмат ужо зроблена, яшчэ больш трэба зрабіць. Маляванка паціху адраджаецца, вяртаецца да жыцця. Спадзяюся, калі-небудзь яна вернецца ў хаты, упішацца ў сучаснасць і стане такім жа неад’емным упрыгажэннем інтэр’ера, як была калісьці.

Дадаткова

Пік росквіту наіўнага мастацтва — гэта 1920–1930 гады. Маляванкамі ўпрыгожвалі сцены ў хаце, іх лічылі сямейнымі абярэгамі, дарылі на вяселле і народзіны.

Галіна Наркевіч

Фота аўтара

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий