Паўстанне ў азёрным краі. Як нарачанскія сяляне змагаліся за беларускае мора

Беларускае падполле часоў міжваеннай Польшчы звычайна насіла палітычны, але збольшага негвалтоўны характар. Аднак іншы раз польскія ўлады даводзілі жыхароў «крэсаў» да адчаю. У чарговай частцы праекта «Адзін народ — дзве краіны» — гісторыя стыхійнага сялянскага супраціву, які стаў сімвалам барацьбы беларускага народа міжваеннага часу.

Традыцыйны занятак

Мабыць, менавіта нарачанскія землі з’яўляліся самымі шматпакутнымі ў Беларусі на пачатку ХХ стагоддзя. На экватары Першай сусветнай вайны ў ваколіцах легендарнага возера праходзіла  так званая Нарачанская аперацыя — наступ войскаў расійскай арміі на нямецкія пазіцыі. Бой, які працягваўся з 5 па 17 сакавіка 1916 года, стаў апошнім для амаль 120 тысяч жаўнераў з абодвух бакоў. Мясцовым жыхарам, што воляй лёсу апынуліся ў самым пекле баявых дзеянняў, засталіся толькі галеч і пустэча.

Ваенныя і палітычныя ўзрушэнні на беларускай зямлі прывялі да таго, што ў 1921 годзе нарачанскі край увайшоў у склад міжваеннай Польшчы. Яшчэ спакон вякоў жыхары рэгіёна славіліся працавітасцю. Некалькі кароў, курэй ды пару сотак арандаванай зямлі — для тагачаснага селяніна гэта быў не столькі спосаб заробку, колькі сродак забяспечыць сям’ю харчаваннем.

З іншага боку, жыхарам нарачанскіх ваколіц крыху пашанцавала. Найвялікшае беларускае возера было багатае на рыбу. Сяляне гэтым, зразумела, карысталіся, тым больш што рыбная лоўля пры любой уладзе не забаранялася і стала традыцыйным заняткам. Тым самым мясцовыя маглі хоць неяк палепшыць сваё фінансавае становішча. У Заходняй Беларусі рыбу лавілі ўсёй сялянскай грамадой, пасля чаго прадавалі на кірмашы ў Вільні. Такі расклад збольшага задавальняў усе бакі: у рыбакоў быў невялікі прыбытак, а польскія ўлады не мелі сацыяльных прэтэнзій з боку беларусаў. Аднак сітуацыя змянілася літаральна за некалькі дзён.

Возера для Яблонскага

Трохі ачуняўшы ад наступстваў Першай сусветнай і канфлікту з Савецкім Саюзам, польскія ўлады пачалі паступова адбудоўваць дзяржаўныя інстытуцыі і ўпарадкаваць маёмасць. Адным з такіх крокаў стаў прыняты ўрадам закон аб нацыяналізацыі рэк і азёр, які закрануў і Нарач. Возера адышло да Віленскай дзяржаўнай дырэкцыі лясоў. Што гэта азначала? Фактычна забарону свабоднай рыбнай лоўлі, але з некаторымі ўмовамі. На промысел хадзіць дазвалялася, аднак чалавек павінен уладкавацца на працу да арандатара, які абавязваўся плаціць селяніну грошы. У сваю чаргу дзяржава мела з гэтага нядрэнны прыбытак. На паперы такая прапанова выглядала нібыта няблага. Сяляне ж выступілі адназначна супраць — парушаўся шматвяковы традыцыйны ўклад іх жыцця. Рыбакі прыводзілі наступны аргумент: за кошт гандлю яны атрымлівалі значна большыя грошы.

Так ці іначай, арандатар на Нарачы з’явіўся толькі ў 1935 годзе. Ім стаў мясцовы памешчык Яблонскі. Прадпрымальнік адразу навёў “парадкі” і на агульным сходзе прапанаваў жыхарам працаваць ужо на яго возеры за невялічкую плату, а ўсю рыбу цалкам здаваць яму. Безальтэрнатыўная прапанова абурыла людзей. Рыбакі здавацца не збіраліся і сталі рыхтавацца да лакальнай партызанскай вайны.

На зімовай рыбалцы. Возера Нарач, 1936 г.

Чатыры гады супрацьстаяння

На пачатку чэрвеня 1935 года абмежаванні па свабоднаму выхаду на возера набылі юрыдычную сілу. Тым не менш рыбакі праігнаравалі патрабаванні і арганізавана адправіліся на промысел. Яблонскі адразу выклікаў паліцыю. Тая, у сваю чаргу,  стала ганяцца за рыбакамі па ўсім возеры і спрабавала адабраць рыбу. Буксіруючы да берага чарговы човен, паліцэйскія недаацанілі градус пратэсту. На зямлі іх ужо чакалі жонкі рыбакоў, якія літаральна за некалькі секунд перакулілі лодку. Гэта дазволіла сялянам адчапіць свае чаўны і адагнаць іх на сярэдзіну возера. Паліцыя амаль перастала публічна ўдзельнічаць у аблавах, а ў дачыненні да рыбакоў пачаліся рэпрэсіі. Некалькі чалавек асудзілі да пэўных турэмных тэрмінаў. Каб неяк змякчыць супрацьстаянне, на Нарач прыбыў нават віленскі ваявода, які просьбамі прапанаваў людзям уладкавацца на працу да арандатара. Узамен сяляне патрабавалі забяспечыць іх надзеламі добрай зямлі, аднак у выніку ўсё засталося на сваіх месцах.

Першыя месяцы пратэст меў пераважна стыхійны характар. Прыкладна напрыканцы чэрвеня інфармацыя пра стачкі дайшла да кіраўніцтва Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), актыў якой стварыў забастовачны камітэт і выступіў са  зваротам да рыбакоў.

Праз два месяцы супрацоўніцтва адбыўся шматлікі сход рыбакоў, на якім прынялі некалькі рэзалюцый. У прыватнасці, сяляне задэкларавалі намер выгнаць Яблонскага з возера, вызваліць палітычных вязняў і стварыць атрады самаабароны, каб не дапусціць на працу тых, хто пагадзіўся з умовамі арандатара. Зразумела, што ключавым патрабаваннем стала магчымасць свабодна і арганізавана лавіць рыбу.

Літаральна на наступны дзень дзясяткі рыбакоў накіраваліся на рыбалавецкую базу Яблонскага (між вёскамі Мікольцы і Пасынкі) з рашучай мэтай прагнаць пана. Пад націскам натоўпу Яблонскі адступіў, аднак забарона працягвала дзейнічаць. Больш таго, паліцыя пачала новую хвалю рэпрэсій, што, зрэшты, на пратэстны рух сур’ёзна не паўплывала.

Чуткі пра непадпарадкаванне нарачанскіх рыбакоў дайшлі ў іншыя куткі Заходняй Беларусі. Адпаведныя метады барацьбы пачалі выкарыстоўваць сяляне з-пад Браслава. У выніку рыбацкі рух актыўнымі дзеяннямі падтрымала каля пяці тысяч чалавек. Перманентна стачка ішла да 1939 года, калі патрабаванні пратэстантаў часткова выканалі — дазволілі пэўную долю ўлову пакідаць для ўласных патрэб. Такім чынам, нарачанскае выступленне стала насамрэч арганізаваным пратэстам супраць польскіх уладаў, які завяршыўся частковай перамогай.

Культурны аспект і цэнзура

Выступленне нарачанскіх рыбакоў стала, калі казаць сучаснай мовай, аб’ектам масавай культуры. Аднак са сваімі асаблівасцямі. Максім Танк, які на той час жыў у Заходняй Беларусі, прысвяціў паўстанцам паэму “Нарач”. З-за ідэалагічнай кан’юнктуры апублікаваць такі твор было амаль немагчыма, таму прыйшлося звярнуцца да хітрыкаў. Некаторы час у часопісе “Калосьсе” публікаваліся фрагменты паэмы. Максім Танк пазбягаў асабліва вострых урыўкаў. Тактыка працавала нядоўга: праз некалькі месяцаў польская паліцыя канфіскавала з продажу нумары выдання. Ёсць сведчанні, што цалкам аднавіць паэму Танку ўдалося ў 1940 годзе, пасля ўз’яднання Беларусі.

Дадаткова

Нарачанскае паўстанне знайшло ўвасабленне  і ў жывапісе. Мастак Віталь Цвірка ў 1957 годзе стварыў карціну пад назвай «Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач».

Адзін з самых актыўных удзельнікаў паўстання Міхаіл Субач, асуджаны польскім судом да чатырох год зняволення, пасля Вялікай Айчыннай вайны некаторы час быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Ёсць сведчанні, што Субач і Максім Танк сябравалі. Лічыцца,  што менавіта Міхаіл стаў прататыпам героя паэмы «Нарач».

Аляксандр Навахрост

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий