Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Міншчыны будзе дапоўнены

У мастацкую галерэю Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці з’ехаліся носьбіты ўнікальнай спадчыны продкаў. Упершыню на выставе былі прэзентаваны ўсе 12 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Міншчыны. 

Як адзначыла эксперт ад Беларусі ў Міжурадавым камітэце па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА Ала Сташкевіч, паняцце “нематэрыяльная культурная спадчына” з’явілася пасля прыняцця гэтай міжнароднай арганізацыяй у 2003 годзе адпаведнай Канвенцыі. Беларусь адна з першых краін свету падпісала дакумент. Працэс ідэнтыфікацыі нашай культурнай спадчыны распачаўся ў 2014 годзе. Мінула пяць год — і ў Спіс было занесена 126 элементаў.

Спадчына Міншчыны таксама ў гэтым Спісе — 12 элементаў. Напрыклад, стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых песень аўтэнтычнымі фальклорнымі гуртамі Любанскага раёна; абрад пераносу свечкі ў Вяляцічах Барысаўскага раёна, які адбываецца ў дзень Святога Міхаіла 21 лістапада; традыцыя шанавання Святога каменя ў Крамянцы Лагойскага раёна…

Добра вядомы не толькі на Міншчыне калядны абрад “Цары”, якім славіцца вёска Семежава Капыльскага раёна. Варта нагадаць, што ў 2009 годзе гэтая мясцовая традыцыя была ўключана ў Спіс ЮНЭСКА.

Свой брэнд мае і Валожыншчына — адметную тэхналогію ткацтва паясоў “на ніту”. Раней гэтая тэхніка была досыць распаўсюджана ў Беларусі, яе сакрэты захаваліся дзякуючы Марыі Мікалаеўне Стасяловіч з вёскі Сакаўшчына. Цяпер эстафету ўнікальнага рамяства прынялі ў Ракаве.

Статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны мае і абрад “Цягнуць Каляду на дуба” (Бярэзінскі раён).

У спісе і “Будслаўскі фэст”. Штогод тысячы пілігрымаў пешшу пераадольваюць сотні кіламетраў, каб стаць удзельнікамі хрысціянскага свята на Мядзельшчыне. Людзі прыязджаюць цягнікамі, на асабістым транспарце, заказнымі аўтобусамі не толькі з нашай краіны, але і з Расіі, Літвы, Польшчы, Славеніі, Украіны, Італіі, плывуць на байдарках, дабіраюцца на роварах.

Да гэтага часу ў вёсцы Рог Салігорскага раёна беражліва захоўваюць калядны абрад “Шчадрэц”. Некаторыя яго атрыбуты (лялька-каза, абрадавыя касцюмы) дэманстраваліся на выставе. Ён праводзіцца на Багатую куццю 13 студзеня. Гурт калядоўшчыкаў ходзіць па вёсцы з усходу на захад — «па Сонцы», не прапускаючы ніводнай хаты. Абмінаюць толькі тыя, дзе нядаўна была жалоба. Гучаць віншавальныя «шчадроўскія» песні для гаспадара і яго сям’і, для дзяўчыны на выданні. Весяліць публіку «Каза».

Крыху містыкі і інтрыгі прыўнеслі ў абласное мерапрыемства культработнікі з Дзяржынскага раёна. Увагу гасцей выставы прыцягвала фігурка “Ката”, падвешаная на тканым поясе пад столлю. Вушкі з сала і вочкі з чарніц, хвост — са свойскай каўбасы, а вусы — з макароны. Гэта галоўны элемент абрадавай гульні “Ката пячы”, што праводзіцца ў аграгарадку Скірмантава напярэдадні посту перад Раством Хрыстовым.

У Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Міншчыны ўключаны і рэпертуар казак Лідзіі Міхайлаўны Цыбульскай з вёскі Магільнае Уздзенскага раёна. Яна ўмела імправізаваць, дапаўняла казачны сюжэт песнямі, этнаграфічнымі замалёўкамі. Гэтай таленавітай жанчыны ўжо няма ў жывых, а добрая памяць пра яе творчасць, неардынарныя здольнасці застаецца. Загадчыца аддзела культурнай дзейнасці і адпачынку Уздзенскага РДК Людміла Цвірко прачытала прысутным казку Лідзіі Цыбульскай і заўважыла:

— Мясцовая супольнасць ганарыцца казкамі, якія сталі своеасаблівай культурнай жамчужынай раёна. Лідзія Міхайлаўна валодала ўнікальнай апавядальнай манерай. Тэкст чытала разважліва, павольна, але разам з тым інтанацыйна-выразна і эмацыянальна. Сюжэты казак пераняла ад бацькоў. Зараз яе творы ўваходзяць у рэпертуар дзіцячага фальклорнага гурта “Калыханка” Міханавіцкага Дома фальклору Мінскага раёна.

А на Старадарожчыне шануюць спеўныя традыцыі міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы. Тут захаваліся старажытныя калядныя, веснавыя, жніўныя напевы, сямейна-абрадавыя, вясельныя. Характэрнай асаблівасцю мясцовага спеўнага мастацтва лічацца тэмбравая напружанасць, спецыфічнае ўнісоннае спалучэнне галасоў. Носьбітамі гэтага стылю з’яўляюцца жыхары вёсак Прусы і Баранава. Шырока прэзентуюць унікальную традыцыю ўдзельнікі народных фальклорных калектываў “Набіліцы” і “Прусаўчанка», апошні, дарэчы, адрадзіў абрады “Гуканне вясны”, “Зажынкі”, “Радзіны”, “Заручыны”.

У мастацкай галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці падчас выставы многія пільна сачылі за спрытнымі рукамі майстрыхі з Капыльшчыны. Яна, працуючы за станком, раскрывала сакрэты закладной тэхнікі ткацтва ручнікоў, якімі славіцца вёска Семежава. Для іх вырабу ўжывалася ўточная нітка, яна закладвалася ўручную, а не чаўнаком, як звычайна. Закладныя тканіны ткалі ў 2 ці 4 ніты. Пры гэтым ніткі рознага колеру не злучаліся, а заварочваліся на суседніх ніцях асновы. Арнамент складалі ромбы, квадраты, прамавугольнікі, трохвугольнікі, крыжы… Гэтая тэхніка адна з найбольш старажытных на Беларусі. Раней яна была шырока распаўсюджана, а цяпер яе выразны лакальны варыянт захаваўся толькі на Капыльшыне.

— Разам усе 12 элементаў нематэрыяльнай спадчыны дэманструюцца ўпершыню. Гэта паспрыяе прыцягненню ўвагі грамадскасці да народных традыцый, многія з якіх у XXI стагоддзі маюць патрэбу ў зберажэнні, — заўважыла дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Пазняк. — Зараз рыхтуюцца дакументы яшчэ на два аб’екты, якія набудуць статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Гэта абрад выпякання хлеба ў вёсцы Жораўка Любанскага раёна і рухаўскія дываны Старадарожчыны.

Алена Пашкевіч, фота Павла Арлоўскага

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий