Упершыню ў Беларусі выступіць фолк-рытуал-гурт «Кулгрында» з Літвы

Гурт заўважна вылучаецца ў шэрагу шматлікіх у Літве аўтэнтычных калектываў, што стылёва і ашчадна інтэгруюць літоўскі фальклор у сучасную музычную культуру.

«Кулгрында» выконвае аўтэнтычныя літоўскія і старапрускія народныя песні ў суправаджэнні музычных інструментаў, якія прыйшлі да нас са старажытнасці. Гэта дуда, канклес-гуслі, барабаны старажытнага тыпу, колавая ліра.

Яшчэ адзін складнік музычнага твару гурта – гімны, звернутыя да літоўскіх і балцкіх багоў і багіняў. Яны далікатна рэканструяваны на грунце звестак з фальклору і захаванай у ім старажытнай міфалогіі.

На радзіме «Кулгрында» асабліва цэніцца. Музыкі бяруць удзел у мерапрыемствах дзяржаўнага і нават міжнароднага маштабу. Яны выступалі на інаўгурацыі прэзідэнта Літвы. Абавязкова ўдзельнічаюць у агульнанацыянальным Свяце песень і танцаў.

Узначальвае «Кулгрынду» Інія Трынкунене – лідарка Літоўскай супольнасці балцкай веры «Рамува». У Літве «Рамува» лічыцца носьбітам нацыянальнай спадчыны. Яе падтрымліваюць і ў парламенцкай урадавай кааліцыі, што кіруе ў краіне цяпер.

З беларускага боку тандэм «Кулгрындзе» складзе музычны гурт «Дайнава» (Dainava). Гэты калектыў таксама можна вылучыць сярод беларускіх фолк- і постфолк-фармацый. Ён нясе досыць чысты стыль і эмоцыю старажытнай спадчыны беларускай зямлі. Творчае аблічча гурта вельмі пазнавальнае. Гэта найперш аўтэнтычныя каляндарныя песні і дудавая музыка. У складзе «Дайнавы» – кіраўнік студэнцкага этнаграфічнага таварыства Ганна Сілівончык, мультыінструменталістка і экс-удзельніца «Старога Ольсы» Кася Радзівілава, майстар народных музычных інструментаў Сяргей Чубрык, знаўца і практык народных традыцый Святлана Клепікава.

Жаданы канцэрт адбудзецца 20 верасня ў Маладзёжным тэатры эстрады ў Мінску.

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий