Марыя ЗАХАРЭВІЧ: Мама – самае святое і дарагое, што толькі можа быць у чалавека

Душэўны, аксамітны голас народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч на працягу многіх год гучыць у радыёспектаклях, на літаратурных сустрэчах і канцэртах. Ён сагравае слухачоў якімсьці асаблівым, матчыным цяплом. І не дзіўна, бо ў творчасці і асабістым жыцці артысткі вобраз мамы займае асаблівае месца. Аб гэтым напярэдадні аднаго з самых светлых і сардэчных святаў – Дня маці – расказала Марыя Захарэвіч.

– Марыя Георгіеўна, якія эмоцыі выклікае ў вас слова «мама»?

– Для мяне, як і для многіх, гэта самае святое і дарагое, што толькі можа быць у чалавека. Свае думкі, беды і радасці мы звязваем з мамай, таму што яна, як ніхто іншы, вы­слухае, зразумее, падтрымае, дасць параду. Ведаеце, можна толькі пазайздросціць тым людзям, у каго яшчэ жывыя мамы: у гэтай зямной мітусні ў іх ёсць надзейны прытулак душы. Што можа быць даражэй…

– Не сакрэт, што менавіта ў дзяцінстве закладваюцца асновы светапогляду. І, вядома, тут вялікая роля самага блізкага чалавека – мамы. Якой была ваша мама Ганна Іванаўна?

– Мама была нешматслоўнай. Толькі калі пачынала пра штосьці згадваць, вельмі ажыўлялася ў гутарцы. Калі я не мела рацыі, яна ніколі не крыўдзіла мяне – проста казала: «Якая ж ты неразумная». Толькі так. Была вельмі мудрай і спакойнай. А колькі мама ведала малітваў… І зараз прыгадваю, як мяне, маленькую, яна вучыла маліцца перад сном. Я была адзіным дзіцем у сям’і, але не спешчаным, а вельмі свядомым (Усміхаецца.) Нягледзячы на тое што мама шкадавала і аберагала мяне, я сама ва ўсім старалася ёй дапамагаць, хадзіла жаць за яе. Яшчэ дзіцем за дзень я выжынала да шасці сотак. Любіла дапамагаць і ў хатняй працы: наво­дзіць парадак, упрыгожваць усё кветкамі.

– У адным з інтэрв’ю вы расказвалі, што мама была чалавекам творчым: цудоўна спявала, ткала дзіўныя ручнікі і абрусы. Магчыма, гэта неяк паўплывала і на ваш творчы пачатак?

– Так, вядома. У мамы быў звонкі голас, і яшчэ яна была вельмі паэтычнай. Мы вельмі блізкія. Маленькай я любіла сядзець на печы і чытаць. І калі раптам мне штосьці спадабалася, нязменна хацелася падзяліцца гэтым з мамай. Яна, зразумела, была занята работай, а я ўсё не супакойвалася і патрабавала, каб яна прыйшла. І, трэба сказаць, мне гэта ўдавалася.

– Што вы любілі чытаць?

– Я чытала Якуба Коласа і Максіма Танка, з рускай класікі – Ясеніна і Блока. Выбірала чамусьці з усіх твораў найбольш драматычныя. Пэўна, на гэта адклікалася мая душа.
– А які эпізод, звязаны з мамай, запомніўся вам на ўсё жыццё?
– Ніколі не забуду, як у вайну, падчас авіяналётаў, мы хаваліся ў канаве, накрытай дошкамі і травой. Мама хварэла і моцна кашляла, я ж зведвала ў гэтыя моманты такі жудасны страх, што закрывала ёй рот рукой і казала: «Мама, не трэба, не кашляй, інакш пачуюць». Вельмі баялася за яе.

– У вас двое дзяцей: сын Андрэй і дачка Валянціна. Як мацярынства змяніла ваша жыццё?

– Мне нават цяжка падабраць словы, каб перадаць глыбіню сваіх адчуванняў. Напачатку я нават не верыла, што ўсё гэта адбываецца са мной. Адно дакладна – гэта адчуванне шчасця і нейкага неверагоднага цуду.

– Ці часта дзеці звяртаюцца да вас па параду?

– Яны вельмі самастойныя. Калі і даводзіцца мне казаць штосьці павучальнае, імкнуся рабіць гэта вельмі акуратна. Нягледзячы на сваю незалежнасць, мае дзеці вельмі тонка адчуваюць жыццё, ранімыя, таму я імкнуся іх аберагаць, як калісьці мяне – мая мама.

– Ці ёсць у вашай сям’і нейкія звычаі, традыцыі?

– Жыццё было такім насычаным, сумбурным, што не было часу нават спыніцца, не тое што думаць пра якіясьці традыцыі. І гэта вельмі дрэнна, няправільна. Трэба было ўдзя­ляць сям’і больш увагі, але тады я гэтага, на жаль, не разумела.

– Быць маці вам давялося і на сцэне. Якая з роляў найбольш дарагая для вас?

– Па глыбіні эмацыянальнасці мне вельмі запомнілася роля Наталлі Фадзееўны ў спектаклі па паводле п’есы Івана Шамякіна «І змоўклі птушкі». Мая гераіня так трывожылася, клапоцячыся не толькі пра сваіх дзяцей, але і пра ўсіх навокал, што сэрца яе ўрэшце не вытрымала. Такі трагічны мацярынскі лёс.

– На ўсесаюзнай сустрэчы ветэранаў Сталінградскай бітвы вы прачыталі маналог маці так пранікнёна, што расчулілі легендарнага дыктара Юрыя Левітана. Як гэта было?

– Гэта адбылося ў Валгаградзе, на Мамаевым кургане, і стала значнай падзеяй у маім жыцці. Словы, якія я гаварыла, не маглі нікога пакінуць раўнадушным. Галоўная тэма маналогу – каб ніколі не было вайны. Падобныя пачуцці я зведвала і ў Мінску, калі чытала маналог маці з паэмы Анатоля Вярцінскага.

– Марыя Георгіеўна, што б вам хацелася пажадаць чытачам?

– Берагчы сваіх матуль, дарыць ім больш увагі і клопату, каб потым не даводзілася раскайвацца. Бо ва ўсім велізарным свеце няма нікога бліжэй і даражэй за нашага зямнога анёла-ахоўніка – маму.

Вольга ДЗЕМЯНЧУК, БелТА

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий