Наспявалі на аўтобус. Галоўны прыз XVI фестывалю «Напеў зямлі маёй» паехаў на Валожыншчыну

Напевы зямлі нашай 16-ы раз гучалі ў Мар’інай Горцы. Сёлета, на жаль, абласны фестываль народнай творчасці праходзіў без яго арганізатара і натхняльніка, народнага артыста СССР і Беларусі Ігара Міхайлавіча Лучанка. Але музыка Маэстра, як і фестываль, будуць жыць доўга! Традыцыйна ў ім удзельнічалі шматлікія аматарскія калектывы Міншчыны. Аўтарытэтнаму журы на чале з народным артыстам Беларусі прафесарам Міхаілам Дрынеўскім вельмі цяжка было вызначыць пераможцу. Галоўны прыз – новенькі мікрааўтобус – заваявалі калектывы Валожынскага раёна.

XVI фестываль «Напеў зямлі маёй» чарговы раз сабраў у Мар’інай Горцы ўдзельнікаў найлепшых аматарскіх калектываў Мінскай вобласці.
У мінулую суботу ў зале Мар’інагорскага раённага цэнтра культуры было цяжка знайсці вольнае месца. Акрамя гасцей і жыхароў райцэнтра пагля­дзець канцэртную праграму і падтрымаць сваіх на конкурсе-аглядзе прыехалі прадстаўнікі каманд з усіх рэгіёнаў.
Конкурсныя нумары былі самымі разнастайнымі, але іх аб’ядноўвала адна галоўная тэма: «Мая зямля – маё каханне».
Да глыбіні душы кранулі ўсіх прысутных выступленні ўзорнага тэатра танца «Пёстрый мир» Бярэзінскай дзіцячай школы мастацтваў, узорнага харавога калектыву «Мара» Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў, народнага хэаграфічнага ан­самбля «Кордэс» Слуцкага гарадскога Дома культуры. Іх нумары прысвячаліся падзеям Вялікай Айчыннай вайны.
Здзівілі крэатыўнасцю і талентам юныя дзяржынскія артысты. Для таго каб пака­заць свой арыгінальны нумар «Усе мы родам з Беларусі», яны нават не выйшлі, а выехалі да гледачоў на роліках!
Як адзначыў старшыня журы, народны артыст Беларусі Міхаіл Дрынеўскі, вельмі цяжка было вызна­чыць пераможцу, бо ўсе аматарскія калектывы пра­дэманстравалі высокі ўзровень мастацтва. Многія з выканаўцаў атрымалі спецыяльныя дыпломы. Галоўны ж прыз – мікрааўтобус – адправіўся ў Валожын. Самадзейныя артысты Валожыншчыны прывезлі на конкурс праграму «Дуда», якая вельмі ўразіла журы і гледачоў.
Падчас урачыстага закрыцця XVI фестывалю народнай творчасці «Напеў зямлі маёй» прагучала прапанова ад членаў журы прысвоіць яму імя народнага артыста Савецкага Саюза і Беларусі Ігара Міхайлавіча Лучанка. Удзельнікі і госці свята падтрымалі ідэю гучнымі апладысментамі, а потым ушанавалі памяць выдатнага земляка і кампазітара хвілінай маўчання.

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий