Прысвячэнне матулям

«Мамачка, матуля… Ты бываеш розная: добрая і строгая, вясёлая і стомленая. Але ў любым настроі і ў любых абставінах ты любячая і адзіная». Так цёпла прэзентавала свой малюнак Дар’я Шастак з Барысаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Яе карціну «Хатнія клопаты», як і творы іншых навучэнцаў установы, можна бачыць у фае прэс-цэнтра Дома прэсы, дзе працуе выстава «Самая лепшая маці на свеце». Ініцыятарам мерапрыемства выступіла намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын Лілія Ананіч.

– Месяц таму ў галерэі «З’ява» Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І. Х. Каладзеева мы адкрывалі выставу «Барысаўская Вясёлка-2019». Гэта ў нейкім сэнсе справаздача аб нашых дасягненнях у адукацыйным працэсе за 2018/2019 навучальны год, – расказаў дырэктар Барысаўскай дзіцячай школы мастацтваў Сцяпан Клімчук.

Разам са сваёй вучаніцай ён прыехаў у Мінск на адкрыццё выставы. – Мы прэзентавалі найлепшыя работы выхаванцаў, выкананыя ў розных тэхніках: выяўленчае мастацтва, бацік, роспіс па шкле, саломапляценне, дзіцячая друкаваная графіка… Мерапрыемства наведала Лілія Станіславаўна Ананіч. Яна высока ацаніла поспехі дзяцей, прапанавала выставіць іх мастацкія работы ў Мінску. І так супала, што падставай для гэтага паслужыла цудоўнае свята, прысвечанае матулям.

Сцяпан Клімчук прывёз у сталіцу 18 малюнкаў розных год. Іх аўтары – школьнікі, якія яшчэ вучацца ў Барысаўскай дзіцячай школе мастацтваў, і тыя, хто ўжо скончыў яе. Адной з першых выставу наведала Лілія Ананіч.

– Экспазіцыя «Самая лепшая маці на свеце» – гэта ода ў гонар усіх маці Беларусі. Без вас не бу­дзе моцнай сям’і, не будзе будучыні ў краіны. Вы выхоўваеце дзяцей сваёй любоўю, сваёй увагай, далучаеце да мастацтва і творчасці, – адзначыла намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын. – Важную ролю тут адыгрывае сямейнае чытанне.
Лілія Ананіч звярнула ўвагу на зборнік беларускіх народных казак «Не сілай, а розумам», выдадзены ў рамках сацыяльна-творчага праекта Беларускага саюза жанчын «Сямейнае чытанне». Праект быў распачаты пры падтрымцы міністэрстваў інфармацыі і адукацыі Беларусі.

Сваімі меркаваннямі наконт ролі жанчыны-маці ў грамадстве падзялілася і старшыня Беларускага саюза жанчын, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыя­нальнага сходу Рэспублікі Беларусь Марыянна Шчоткіна:

– Нашы жанчыны даволі сціплыя і працавітыя, яны таксама маюць патрэбу ў добрых словах, падтрымцы. Для гэтага мы прапаноўваем новыя праекты, акцыі, – падкрэсліла Марыянна Шчоткіна. – Нішто так не аб’ядноўвае, як агульная справа. Нішто так не развівае, як культура і духоўнасць. Калі ёсць культура і духоўнасць – грамадства будзе моцным. Моцнае грамадства – гэта падрыхтаваныя пісьменныя лю­дзі, патрыёты. А патрыётаў неабходна выхоўваць. Пачынаць трэба яшчэ з маленства – чытаць дзіцяці кнігі, бо ў іх закладзена народная мудрасць.

Галіна НАРКЕВІЧ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий