Сёлета Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Якуба Коласа спаўняецца 60 год

На другім паверсе Дома-музея Якуба Коласа (знаходзіцца ён ля Акадэміі навук у Мінску) інтэр’ер застаўся такім, якім быў пры жыцці гаспадара. Тут захоўваюцца асабістыя рэчы пісьменніка, сярод якіх шмат падарункаў. Што прэзентавалі Песняру сябры і якія рэчы народны паэт прывозіў з камандзіровак сваім родным – у аглядзе карэспандэнта «МП».

З любоўю з Парыжа

Клапатлівы муж і бацька, Колас ніколі не вяртаўся дадому з падарожжаў без падарункаў. У 1935 годзе класіку беларускай літаратуры давялося ў складзе савецкай дэлегацыі выступіць на Міжнародным кангрэсе пісьменнікаў у абарону культуры, што праходзіў у Парыжы. Кангрэс сабраў 260 літаратараў з 38 краін, сярод якіх былі Генрых Ман, Анры Барбюс, Бертольд Брэхт. З Парыжа паэт прывёз для жонкі пазалочаны гадзіннік. Да сваёй каханай Марыі Дзмітрыеўны Канстанцін Міхайлавіч быў уважлівы ўсё жыццё, называў яе не іначай як «мілы друг мой», «яснюсенькая зорка», «мая добрая дружачка», «мая святыня». Рабіць для любай прыемныя сюрпрызы было шчасцем для паэта. Напрыклад, у 1939 годзе ў Вільні ён набыў для жонкі элегантную сумачку са змяінай скуры.
Любіў парадаваць Колас і сваіх сыноў. Падчас таго ж парыжскага кангрэса паэт купіў для аднаго з іх фотаапарат Zeiss. А паляўнічую стрэльбу, якая таксама захоўваецца ў музеі, Колас прывёз з Масквы для сына Юркі, які займаўся спартыўнаю стральбою і захапляўся паляваннем.

У Доме-музеі захоўваецца кішэнны гадзіннік паэта з незвычайнай гісторыяй – ён належаў тром Міцкевічам: Якубу Коласу, які затым падарыў яго малодшаму брату Міхасю, а той, калі эмігрыраваў за мяжу пасля Вялікай Айчыннай вайны, перадаў гадзіннік пляменніку Уладзіміру Міцкевічу, сыну сястры Міхаліны.

Экспануецца тут і маленькая кніжачка (байкі Крылова), якую падарыў у дзяцінстве Кастусю яго дзядзька Антось. Менавіта ён і прывіў будучаму паэту любоў да навукі.

Тытунь у срэбры

Як вядома, Якуб Колас вельмі шмат курыў. Ёсць звесткі, што маленькі Костусь упершыню паспрабаваў тытунь у шэсць год. Максім Лужанін у кнізе «Колас расказвае пра сябе» піша:
«І Пятрусь (дзядзька Коласа) быў дружбацкі чалавек – употайкі даваў мне малому закурваць». Пасля заканчэння школы Костусь перастаў хаваць гэтую звычку ад маці.

Якуб Колас быў сціплы ў побыце чалавек. Паэту Сяргею Гарадзецкаму ён пісаў: «Мой нязменны спадарожнік жыцця – барометр, брытвенны прыбор ды розныя пачкі танных папярос, пачынаючы з 65-капейкавых да двухрублёвых. Вышэй гэтага мае курэцкія запросы не падымаюцца».

Аднак на 60-годдзе народнаму паэту падарылі шыкоўны партсігар са срэбра 875-й пробы. Ішла Вялікая Айчынная вайна. Якуб Колас, як і шмат хто з беларускіх пісьменнікаў і навукоўцаў, жыў у эвакуацыі ў Ташкенце. Пісаць даводзілася на злабадзённыя тэмы і часта не па-беларуску. Тым не менш Коласаў юбілей быў адзначаны. Так, выйшаў зборнік ягоных вершаў у перакладзе на ўзбекскую мову, а ў Доме Чырвонай Арміі арганізавалі ўрачыстую вечарыну. Партсігар Коласу ўручыў Старшыня Вярхоўнага Савета БССР Наталевіч. Гравіроўка на верхняй створцы: «Народнаму паэту Якубу Коласу ў дзень 60-годдзя ад ураду БССР. 3/XI-42 г.»

Паэт карыстаўся партсігарам нядоўга. Пасля жыцця ў чужым клімаце, страты любімай жонкі здароўе ў яго пагоршылася. Пачалося запаленне лёгкіх. Ён быў вымушаны спачатку абмежаваць курэнне, а пасля зусім ад яго адмовіцца. У 50-я гг. паэт не курыў, але, як піша М. Лужанін, з задавальненнем глытаў дым.
Пасля смерці Коласа партсігар трапіў да яго малодшага сына Міхася, які і перадаў рэч у музей.

Каб шлюб быў люб!

Сваю «ваенную гісторыю» маюць дзве антыкварныя сярэбраныя чарачкі з 84-й старажытнай пробай, якая адпавядае 875-й
сучаснай. Год вырабу – 1863. Гэта падарунак Якубу Коласу і Марыі Дзмітрыеўне ад Янкі Купалы і Уладзіславы Луцэвіч на сярэбранае вяселле, якое сям’я Міцкевічаў святкавала ў маі 1938 года. Унізе на чарках – гравіроўка: рымская лічба XXV (магчыма, 25 гадоў сумеснага жыцця) і літары МКМ (Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч), а на донцы – МД (ці не Марыя Дзмітрыеўна?).

24 чэрвеня 1941 года нямецкая авіяцыя бамбіла беларускую сталіцу. Значная частка Мінска ператварылася ў руіны. Згарэў і дом на Вайсковым завулку, дзе жыла сям’я Коласа. Паэт і яго родныя спешна пакінулі палаючы горад, сабраўшы ў дарогу толькі самае неабходнае. Дома, замкнёныя ў сейфе, засталіся рукапісы і некаторыя сямейныя рэліквіі. Пасля пажару знаёмы Коласа адвёз абгарэлы сейф у іншы канец Мінска – на вуліцу Прыгожую, дзе і закапаў яго каля свайго дома. Калі сейф адкапалі і адчынілі (ключ захаваўся ў гаспадара), убачылі ў ім… пясок, мокрую гліну, сатлелыя абрыўкі кніжных старонак, рукапісаў, сямейных папер ды некаторыя рэчы. «У прыскрынку знайшлі аправу ад твайго залатога гадзінніка, яшчэ адзін маленькі гадзіннік з ланцужком і мужчынскі гадзіннік, срэбраны партсігар, дзве купалаўскія чаркі і яшчэ дзве чарачкі, што я колісь купіў у Маскве. Пачысціўшы, чаркі яшчэ могуць служыць, а рэшта – няшчасны лом. Толькі клопату нарабіў гэты сейф нам і людзям», – пісаў Колас у пісьме да жонкі. Ад высокай тэмпературы чаркі дэфармаваліся, пагнуліся. Пасля іх выраўнаваў старэйшы сын паэта Даніла.

Рог на 70-годдзе

У Доме-музеі захоўваецца шмат падарункаў ад сяброў паэта –
пісьменнікаў, мастакоў, навукоўцаў, дзеячаў урада. Напрыклад, у сталовай можна ўбачыць шклянкі і бутэльку з самшыту, што прэзентавалі Пятрусь Броўка і Пятро Глебка, а набор для крушону – ад Янкі Маўра. Знаходзіцца тут і сувенірны рог, падораны Якубу Коласу на 70-гадовы юбілей Петрусём Броўкам, які цесна сябраваў з Песняром. Рог, край якога абрамляецца ў белы метал, быў выраблены ў Мінску невядомымі майстрамі.

У 1942 годзе, калі сям’я Коласа была ў эвакуацыі ў Ташкенце, па даручэнню ўрада Беларусі Пятра Броўку з фронту накіравалі ва Узбекістан павіншаваць Якуба Коласа з 60-годдзем. Калі пісьменнікі адправіліся на прагулку па горадзе, Марыя Дзмітрыеўна, якая ўгаварыла Пятра Усцінавіча пераапрануцца ў цывільнае, за час іх адсутнасці вымыла і выпрасавала яго вайсковую вопратку. Пасля прагулкі госць убачыў на канапе сваё чыстае абмундзіраванне. Гэты ўчынак жонкі Якуба Коласа вельмі яго ўразіў. У сваіх успамінах Броўка піша: «Гэта яна зрабіла сама, пакуль мы гулялі. Другі раз у новым прыпірышчы дзядзькі Якуба ў мяне набеглі слёзы. Я цалаваў яе рукі, як роднае маці». Усё гэта гаворыць пра цёплыя чалавечыя адносіны паміж паэтамі і іх сем’ямі.

«Лясная дарога» з Сан-Францыска

У рабочым кабінеце Коласа на стале ляжыць недапісаны ліст – за ім абарвалася жыццё паэта. Тут жа каляндар 1956 года, адкрыты на даце апошняга пражытага дня – 13 жніўня. Тут і ўнікальны пісьмовы набор, зроблены па заказу калег-пісьменнікаў у Ленінградзе ў 1947 годзе: чарніліцы і падстаўка для алоўкаў выкананы ў выглядзе дубовых пянёчкаў, як памяць пра самае любімае дрэва пісьменніка.

Тут жа і сувенір, які ў 1955 годзе Пятро Глебка, удзельнік сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у ЗША, прывёз Якубу Коласу ў падарунак. Гэта малюнак лясной дарогі пад павелічальным шклом у драўляным корпусе. На адваротным баку этыкетка: «CALIFORNIA» REDWOOD» (ЗША, Сан-Францыска).

Паэты сябравалі яшчэ з перадваенных гадоў. Сумесны адпачынак Якуб Колас, Пятро Глебка і Пятрусь Броўка праводзілі на Пухаўшчыне. Аб тых сустрэчах сведчаць вершы Коласа: «Петрусям», «Маім Петрусям», «Падбярэжжа», «У Сабачым Вусе» і інш. Часта, калі Канстанцін Міхайлавіч бываў далёка ад Беларусі, узгадваў прыгожыя пухавіцкія мясціны, сваіх сяброў. Так, у лісце да Глебкі ён піша: «…у вочы мне заглядае сонца. Рады яму, бо даўно не бачыў яго. Яно мімаволі нагадвае мне дубы на Свіслачы, Падбярэжжа, Вусце і Балачанку і дарагога мне Пятра Глебусімуса з яго добрым смехам і маленькімі разумнымі вочкамі, якія зусім хаваюцца пад рыжаватымі бровамі, калі ён часамі весела засмяецца. І хочацца мне пабыць там, дзе дубы над Свіслаччу, пад якімі колісь Пятро праходзіў з вудамі».

За дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу аўтар выказвае ўдзячнасць намесніку дырэктара па навуковай рабоце Дома-музея Якуба Коласа Ірыне Казловіч.

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий