Аляксандр Пілінкевіч: Партыя – мая вера

«МП» пабывала ў сапраўднага камуніста

У Налібацкім сельвыканкаме цёпла і па-хатняму ўтульна.
З-за прыадчыненых дзвярэй чую голас, які немагчыма
зблытаць з ніякім іншым. Вось і добра: старшыня на месцы!

– Налета ў Налібаках раённыя «Дажынкі» пройдуць, дык збіраліся з кіраўнікамі, абмяркоўвалі, – тлумачыць Аляксандр Пілінкевіч.
Дзе тое лета, а яны ўжо рыхтуюцца… Што тут скажаш – гаспадары!
Згадваю пра 7 лістапада. Ведаю, што для Аляксандра Іванавіча, які дагэтуль захоўвае членскі білет КПСС і кіруе мясцовай ячэйкай камуністаў, гэты дзень не абы-які.

– Гістарычная каштоўнасць… – Пілінкевіч пераводзіць позірк на акно, за якім згасае кароткі восеньскі дзень. – Як бы ні лічылі, пераварот гэта ці яшчэ нешта, для Беларусі 7-га – значны дзень. З яго пачаўся адлік аднаўлення беларускай дзяржавы.

Увязвацца ў дыскусію з Пілінкевічам – справа рызыкоўная, можна і заначаваць у сельсавеце. Таму скіроўваю размову да зямнога, прыемнага. Прынамсі, для майго суразмоўцы.

– Людзі майго ўзросту памятаюць гэты дзень з дзяцінства, – трапляе на журналісцкі кручок Аляксандр Іванавіч. – Заўсёды вялікае свята, вольны ад вучобы час. Рабілі адно аднаму падарункі, дасылалі паштоўкі. Нешта ж было такое, што і зараз прымушае не забываць 7 лістапада!

Пілінкевіч ці то сцвярджае, ці то пытаецца… Цікава, а сёння?
– Хіба што гэтым днём добра папрацаваць у гародзе, – смяецца старшыня сельвыканкама. – Дарабіць тое, што не паспеў, навесці апошнія штрыхі.

Напярэдадні чырвонай даты стаўбцоўскія камуністы наладжваюць у райцэнтры мітынг. Не сумнявайцеся: Пілінкевіч – у першых шэрагах!
– Як для чаго? – Аляксандр Іванавіч дзівіцца майму пытанню. – Каб абазначыць гэты дзень, нагадаць пра яго людзям.

Ён цвёрда, як сапраўдны камуніст, перакананы, што свята мае права на існаванне. Не надта падабаюцца Пілінкевічу і мае развагі наконт таго, што зараз да помніка Леніну з кветкамі ходзяць хіба што людзі сталага веку.

– Маладых хапае. У нас з 52 чалавек у раёне такіх роўна палова, – трымае ўдар Аляксандр Іванавіч.

– А ў Налібаках?
– Было пяць, стала тры.

Гэта ён пра мясцовую партыйную ячэйку. А што з тымі, двума? Высвятляецца, з’ехалі працаваць за мяжу. Абяцалі вярнуцца, кажа Пілінкевіч. І хто ведае, партыйная дысцыпліна – рэч такая…
Чым жа займаюцца вясковыя камуністы?

– Дапамагаюць наводзіць парадак на зямлі, – кажа Аляксандр Іванавіч. – Каля возера, у вёсцы…

Хітра прыжмурвае вока:
– Па службовым абавязку – гэта адно. А тут – даручэнне партыі.
Нешта малавата ў Налібаках ахвочых узваліць на сябе партыйныя клопаты.

– Няма дастойных, – выкручваецца Пілінкевіч. Потым кажа, што моладзь з’язджае з вёсак і з рэзервам тугавата. Членства ў партыі рабіць кар’еру, як было калісьці, не дапамагае.

– Выгады дакладна ніякай, – усміхаецца Аляксандр Іванавіч. – Наадварот. Трэба ўзносы плаціць, на мітынгі хадзіць. Але чалавек павінен у нешта верыць. Я зразумеў, што не змагу ні ў царкву, ні ў касцёл хадзіць. Для мяне партыя – гэта мая вера.

– Але пры гэтым вельмі добра ладзіце…
– …і з бацюшкам, і з ксяндзом, – смех у Пілінкевіча вельмі заразлівы. – Падтрымліваю іх ва ўсіх пытаннях. Але ў іх вера свая, а гэта – мая. А што да Бога, верыць у яго не шкодзіць людзям. Наадварот. Чаму б гэта не вітаць?

Нават на пераможнае шэсце камунізма па ўсім свеце ў Пілінкевіча свой – аптымістычны – погляд.

– Ідэі камуністычныя паўсюль перамагаюць, асабліва ў краінах з высокім узроўнем жыцця, – спрабуе пераканаць мяне адзін з лепшых на Міншчыне старшынь сельвыканкама. – Толькі адбываецца гэта не пад назвай «камунізм»…

За акном замільгалі ліхтары. Хутка цямнее ўвосень!
– Што не здрадзіў партыі – гэта, лічу, станоўчы момант у маёй біяграфіі, – гаворыць Аляксандр Іванавіч. – Прысягу прымаюць аднойчы і назаўжды. І так, лічу, павінна быць у кожнага чалавека.
Пілінкевіч падсоўвае да сябе кубак з гарбатаю.

– Хіба ёсць што дрэннае ў нашых партыйных прынцыпах? – глядзіць ён на мяне.– Быць карысным людзям, дзяржаве. Ісці насустрач, на дапамогу. Любыя канфлікты вырашаць шляхам перамоў, пераканання…

Ці не адначасова глядзім на сцяну, дзе вісіць лістападаўскі каляндар з чырвонай сямёркай.

– Як добра папрацуем, увечары садзімся за святочны стол. Усе прыязджаюць. Унукі абавязкова, – позірк у Аляксандра Іванавіча заўважна цяплее. – Так у мяне выхаваны дзеці. І нават зяці. Хтосьці з усмешкай, нехта з іроніяй, але віншуюць мяне…

Не грэх у такі дзень і чарку падняць.

– Заўсёды кажу: вып’ем за роўнасць, брацтва і шчасце! – усміхаецца Пілінкевіч.

Мінск – Налібакі – Мінск

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий