Ільняная нітка часу

Унушальных памераў ткацкі станок дызайнер Эліна Шындлер паставіла ў сваёй мінскай кватэры. За кроснамі правяла некалькі месяцаў: пракладваючы чаўнаком ніткі адну за адной, атрымала даматканае палатно. Пражу для тканіны вырабіла з лёну, які вырасціла і апрацавала ручным спосабам, як калісьці яе бабуля.
Што прымусіла сталічную жыхарку прайсці ўсе этапы старадаўняга
ткацкага працэсу, высвятляла «МП».

Ад валакна да палатна

Некалькі стагоддзяў таму немагчыма было ўявіць вясковую хату без ткацкага станка, рамяство майстрых перадавалася з пакалення ў пакаленне. У абавязкі жанчыны ўваходзіў не толькі выраб ільнянога палатна і пашыў адзення, але яшчэ і апрацоўка ды збор лёну. З часам гэты промысел стаў згасаць. У выніку «паўночны шоўк» у вёсках перасталі вырошчваць, станкі зацягнулі на гарышчы.

На шчасце, дзякуючы энтузіястам тэхналогія не згубілася сярод модных трэндаў, працягвае захапляць. Натхніўшыся самым старадаўнім відам жаночага рукадзелля – ткацтвам, Эліна Шындлер самастойна прайшла кожны этап рамяства: ад пасадкі лёну да гатовага вырабу. Эліна Генадзьеўна шмат год захапляецца народнай культурай, займаецца вывучэннем фальклору. У беларускіх творчых колах яна больш вядомая як дызайнер мэблі і інтэр’ераў, з’яўляецца лаўрэатам Нацыянальнай прэміі ў адпаведнай галіне.

Ад вясковых куцюр’е…

Насенне лёну-даўгунцу Эліна купіла на Камароўцы і пасеяла летась у сябе на лецішчы ў вёсцы Слабада Смалявіцкага раёна. Дзялянка заняла каля соткі.

– У Смалявічах жыве мая мама Наталля Вітальеўна, якая ткала да 18 год. Яна працавала тэлефаністкай, але памятае многія сакрэты народнага рамяства, засвоеныя яшчэ ад маёй бабулі. Тады яны жылі ў вёсцы Рахавічы Слонімскага раёна Гродзеншчыны, – распавядае Эліна Шындлер.

Эліна ездзіла ў экспедыцыі па абласцях Беларусі. Вывучала касцюмы, арнаменты, розныя віды ткацтва, карысталася імі ў сваёй працы. Заўважае, што цяпер ніхто не тчэ палатно з самаробных ільняных нітак – толькі з прамысловых:

– Мае даследчыя падарожжы па краіне засведчылі амаль поўнае знікненне льняной хатняй мануфактуры. Рэдка ў каго з рукадзельніц дома ёсць уласныя старадаўнія кросны. Сустрэлася з некалькімі дзясяткамі майстроў ад 22 да 96 гадоў, сфатаграфавала больш за 200 вырабаў узорыстага ткацтва: ручнікі, наміткі, посцілкі, абрусы, святочнае і паўсядзённае адзенне.

Замест персідскага ўзору…

Мінчанка рэканструявала ўвесь ткацкі працэс, аднавіла 15 вытворчых этапаў:

– Гэта пасеў лёну, яго збор, які зваўся «браць лён» – расліна вырываецца з каранямі, абмалот насення, рассціланне лёну, уздым, сушка, пераціранне трасты (лён мялі), трапанне, часанне, ку-
дзяленне, прадзенне, падрыхтоўка пражы (змякчэнне, адбіванне, шліхтаванне), снаванне, навіванне пражы на кросны і ткацтва (у розных тэхніках). Карысталася як даўнейшымі прыладамі (прасніцай, пранікам, калаўротам, чаўнаком, матавілам), якія дасталіся мне ад бабулі, так і вырабамі сучасных умельцаў: рэканструявалі церніцу, кросны з нічальніцамі, сноўніцу, прылады для вырабу нітоў, адра-
дзілі працэс вырабу бёрдаў.

Ільняную нітку з кудзелі Эліна Шындлер спрала на старым калаўроце, які некалі належаў яе бабулі. Аўтэнтычны ткацкі станок па старадаўніх узорах клапатліва аднаўляла разам з мужам-архітэктарам.

– Тчэш ручнік – і жыццё сваё быццам па нітачцы перабіраеш, усе падзеі наноў перажываеш, – заўважае майстрыха. – Сакрэты старажытнага рамяства я пачарпнула таксама і ва ўмельцаў лідскага Дома рамёстваў, да якіх спецыяльна ездзіла практыкавацца.
На думку Эліны Генадзьеўны, увесь працэс вырабу палатна можна разглядаць як рытуал, дзе кожны крок, пачынаючы ад узорвання зямлі, пасеву лёну і заканчваючы выбельваннем, скручваннем палатна ў сувой, меў на мэце вырабіць «здаровую» рэч. Напрыклад, каб адбяліць лён па даўнейшай тэхналогіі, яго трэба шмат разоў запарваць у бярозавым попеле, а потым доўга сушыць на сонцы. Паколькі працэс гэты вельмі марудны, давялося звярнуцца да сучасных хітрыкаў, выкарыстоўваючы кіслароднае адбельванне кужалю. З дапамогай такіх прыродных фарбавальнікаў, як ягады і расліны, «паўночнаму шоўку» лёгка можна надаць любы колер – зялёны, жоўты, ружовы, сіні. Аднак пера спрабавала дзясяткі старажытных метадаў, ды так і не ўдалося атрымаць насычаны чырвоны, як на вырабах нашых продкаў.

Выткала ручнік – атрымала дзесяць

Незвычайны эксперымент выліўся ў магістарскую дысертацыю на тэму ўзорыстага ткацтва, пад кіраўніцтвам прафесара Яўгена Сахуты. Даследчую працу Эліна Шындлер абараніла сёлета ў Нацыянальнай акадэміі навук на дзесяць балаў, а потым паступіла ў аспірантуру на аддзяленне мастацтвазнаўства.

Яна працягвае сеяць лён – сёлета пасадзіла і сабрала яго ў роднай вёсцы Крыніцы, якая ўвайшла ў гарадскую рысу Смалявічаў, дзе жыве яе матуля. А значыць, самаробных нітак хопіць, каб ткаць не толькі ручнікі, але і палатно для пашыву натуральнага льнянога адзення.
Эліна Шындлер марыць, каб у родных Смалявічах з’явіўся Дом рамёстваў, дзе б займаліся адраджэннем народных мастацкіх промыслаў. Яна нават гатова наладзіць яго працу. Для яе важка, каб дзеці не толькі вучыліся ткаць, але і глыбей пазнавалі багатую гісторыю роднага краю і сваёй сям’і.

І працуюць па вечарах у сталічнай кватэры Шындлераў кросны, рытмічна стукаюць драўляныя бёрды. Эліне Генадзьеўне ўсцешна, што старажытным ткацкім рамяством шчыра зацікавілася і яе 22-гадовая дачка, паэтка Кацярына Массэ.

Алена ПАШКЕВIЧ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий