Рыгор Сарока: Жыву неспакойна, з вечным пытаннем: што яшчэ трэба зрабіць?

Неяк асабліва вызначае шматгранную асобу Рыгора Сямёнавіча непараўнальнае ўменне сябраваць і тонкае пачуццё гумару. Прызнацца, на тое і разлічвалі, калі спрабавалі дзеля святочнага інтэрв’ю «ўціснуцца» ў надзвычай шчыльны гэтымі днямі
працоўны графік маэстра.

ВІЗІТОЎКА «МП»

Рыгор САРОКА

  • Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Дырэктар УА «Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.-К. Агінскага». Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага.
  • Старшыня Мінскага абласнога аддзялення Беларускага саюза музычных дзеячаў. Старшыня праўлення дабрачыннага фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага». Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «За ўклад у развіццё міжнародных культурных сувязей Рэспублікі Беларусь».
  • «Чалавек года Міншчыны – 2012». Ганаровы грамадзянін горада Маладзечна і Маладзечанскага раёна. Ганаровы грамадзянін горада Рытавас (Літва).

– Рыгор Сямёнавіч, 75 – гэта многа ці мала?

– Як я пачуваюся, то яно быццам і нямнога. А глянеш у пашпарт, то ўжо крыху сумнавата. На паперы гэтая лічба выглядае надта сур’ёзна. (Смяецца.)

– Дык не глядзіце!

– Застаецца толькі так і рабіць. Дый доктар кажа: па стану арганізма можна смела адымаць 15 год. Так што мне 60 насамрэч. (Смяецца.) Пажадаў бы ўсім у такім узросце захаваць імпэт да жыцця, да творчасці.

– Здаецца, ведаю сакрэт вашай творчай і фізічнай маладосці…

– Так-так, цікава…
– Музыка, каханне і здаровы лад жыцця.
– Абсалютна дакладна! Трэба працаваць над сабой з юнацтва. Памятаю, яшчэ з войска – турнікі, спартыўныя залы. Пешшу шмат рухаюся: 20 кіламетраў не праблема.

Што да музыкі, у мяне не было пошуку прафесіі. Мама мая, звеннявая па вырошчванні льну ў калгасе «Светлы шлях», хацела, каб быў ветэрынарам. Усё ж даходная справа. А бацька граў і на гармоніку, і на скрыпцы, і на домры. Ён хацеў, каб я быў музыкантам. А я таксама аб гэтым мроіў. Таму ішоў гэтаю дарогай без усялякіх ваганняў. Толькі наперад!

І каханне… На жаль, мноства сямейных пар жыве у адзіноце. А гэта яшчэ горш, чым аднаму – быць у адзіноце ўдваіх. І не заўсёды муж і жонка сябры… Святлана і я – аднадумцы, сябры. Што тут гаварыць?

– Зусім забыўся пра ваша апантанае захапленне гульнёй у більярд..

– (Смяецца.) Так, так… Як толькі дача з’явілася, кінуўся не ў гароды – хаця садзік ёсць і нешта расце, радуе вока, – а на другім паверсе дома ўсталяваў більярдны стол. Калі няма партнёра, то магу і сам з сабою згуляць партыю-другую. Вельмі цікавая гульня, дарэчы.

БЛІЦ «МП»

  • Музыка і выканаўцы, якія захаплялі ў дзяцінстве…
  • – Оперы і сімфоніі
  • …і цяпер?
  • – Пётр Ялфімаў, Пласіда Дамінга, Лючана Павароці, Хасэ Карэрас, Дзмітрый Хварастоўскі, Вячаслаў Сулімскі
  • Любімыя акцёры
  • – Георгій Жжонаў, Вячаслаў Ціханаў, Васіль Ланавой, Эліна Быстрыцкая
  • Кім вас бачылі настаўнікі?
  • – Паэтам. Бо пісаў вершы і шмат чытаў
  • Першы працоўны дзень?
  • – У 15 год, быў баяністам. Акампаніраваў самадзейным танцорам
  • Самае незабыўнае падарожжа?
  • – На Салавецкія астравы. Уразілі манастыр, суровая прырода і шторм, у які трапілі
  • Краіны, дзе пабывалі з аркестрам?
  • – Польшча, Германія, Венгрыя, Францыя, Іспанія, Галандыя, Чэхія, Расія, Украіна, Літва, Латвія, Эстонія
  • Любімы колер?
  • – Белы, чорны і зялёны
  • Найсмачнейшая страва?
  • – Цэпеліны, рыба с гароднінай, дранікі
  • Напой?
  • – Грэйпфрутавы сок, чорная гарбата
  • Жаночае імя
  • – Святлана

Аднак калі больш сур’ёзна, то самае вялікае захапленне, што мяне трымае ў цікавасці да жыцця, – гэта кнігі. Я страшэнны кнігалюб. Чытаю штодня. Зараз перачытваю апавяданні Уладзіміра Караткевіча, «Родныя дзеці» Ніла Гілевіча. І кніжкі не электронныя, папяровыя – каб быў пах старонак, каб патрымаць у руках, дзе-небудзь зручна прылегчы… Кнігі – маё выратаванне. Яны зрабілі мяне чалавекам: літаральна з дзяцінства заўсёды з кнігай.

– Якія плюсы і мінусы вашага ўзросту вызначыце?

– У нас няма да сталых людзей, як недзе ў іншых краінах, вялікай павагі, а прысутнічае нейкая іронія. Я ж лічу, – а педагагічнай працы гэта датычыць асабліва, – калі няма на педсавеце сівых галоў, дык гэта не педсавет, а дзіцячы сад. Талент і вопыт – вельмі важныя рэчы, прынамсі, у нашай справе. Спяшаешся перадаць свае веды маладым людзям як мага лепш. У мяне ёсць вучні, паслядоўнікі. Той жа аркестр – гэта маё дзецішча, творчая магутная лабараторыя.

– Як не памыліцца і выбраць правільную, менавіта сваю дарогу ў жыцці?

– Трэба усё ж такі слухаць сэрца. І бацькам бы раіў… Бываюць сітуацыі: дзіця ўлюбёнае ў музыку, а дарослыя пачынаюць меркантыльныя разважанні. Можа, зарплата не такая ці яшчэ што.
Толькі не ўсё вымяраецца грашыма. Калі чалавек жыве з любоўю да сваёй прафесіі, ідзе на працу з задавальненнем – гэта вялікае шчасце, якое ні на што нельга прамяняць.

– Некаторыя ўжо ў 30 гадоў стамляюцца жыць. Ці магчыма асцерагчыся такой апатыі, душэўнай млявасці?

– Сёння сапраўды многа маладых «старэчаў». Юных, але такіх панурых, змучаных… Гэта праблема насамрэч.

Жыве нармальна і доўга, са смакам, напэўна, той чалавек, які ўмее радавацца кожнаму дню. Жыве з падзякай Богу, прыродзе за тое, што дадзены такі цуд. Сёння пасля працы я прыляцеў на дачу, бо мяне чакалі 7 катоў, свае і чужыя. Купіў каўбасы, каб іх накарміць. Па дарозе думаў: колькі ўсяго прыгожага ў нашым жыцці! Трэба гэта ба-
чыць і радавацца.

– Згадваючы людзей ці падзеі, якія адыгралі нейкую ролю ў вашым жыцці, часта гаворыце: «Мне пашанцавала…» Вы сапраўды такі шчасліўчык?

– Заўсёды кажу: сябры, рабіце добрыя справы! Бачыце праблемы – працягніце руку насустрач. Бумерангам ўсё вяртаецца чалавеку. Па сабе ведаю.

– Разумею, што гэта немагчыма і ўсё-такі… Ці хацелі б нешта ў сваім жыцці перапісаць на чыставік?

– Думаю часам, як пашанцавала таму, у каго бацькі музыканты і дзіця з шасці год ужо займаецца… Вельмі позна я пайшоў вучыцца. З-за мяне бацька нават будаваў дом у Маладзечне, каб я мог ажыццявіць сваю мару. Зрабіў бы больш, канешне, калі б усё раней пачалося.

– Некалі дзіцячая мара стаць музыкантам вывела вас на такі шырокі і, напэўна, зайздросны для многіх жыццёвы шлях. Ці марыце сёння пра нешта?

– (Смяецца.) Мае кажуць: калі ў яго скончацца гэтыя ідэі?! Альбо яшчэ так: з ім цяжка, але не сумна. Я такі, ведаеце, генератар. Здаецца, зроблена тое, другое. І не так жа проста ўсё даецца. А ў мяне нешта новае з’яўляецца.

Трэба было, напрыклад, узяцца за форум маладых кампазітараў краін СНД. А гэта – мадэрновая музыка, рознага кшталту складанасці. Але ж цікава!

Я жыву неспакойна, з адвечным пытаннем: што яшчэ трэба зрабіць у мастацтве, у сваёй установе і ўвогуле дзеля таго, каб Маладзечна стала найлепшым і найпрыгажэйшым.

Прапануем зараз стварыць фестываль беларускай і кітайскай музыкі. Ідзе вялікае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі – чаму ж не ажыццявіць такі праект?

(Смяецца.) Ужо ведаюць: калі што задумаў – самае неверагоднае – усё спраўджваецца. Так, як з музычным дворыкам у каледжы, помнікам Міхалу Клеафасу Агінскаму, мемарыяльнай дошкай ў Фларэнцыі… Усё рэалізавалася!

– Як казаў адзін кінагерой, нейкі вы занадта ідэальны атрымліваецеся…

– (Смяецца.) Яно ж вядома: ідэальных людзей няма. І ў мяне хапае усяго. Увогуле лічу, што не варта акцэнтаваць увагу на недахопах. Наадварот, трэба прыцягваць увагу да таго добрага, што ў кожным чалавеку ёсць. Падхвальваць яго, а не таптаць за нейкі недахоп. Менавіта так будую свае адносіны з людзьмі, з падначаленымі. У нас ва ўстанове добры мікраклімат, такі своеасабліы псіхалагічны аазіс. І гэта ўрэшце дазваляе паспяхова працаваць.

– Дзякуй за размову! Ад імя чытачоў «Мінскай праўды», сваіх калег дазвольце павіншаваць вас, шаноўны Рыгор Сямёнавіч, з 75-годдзем. Зычым вам добрага здароўя, новых творчых здабыткаў, спраўджаных ініцыятыў.
– Вялікі дзякуй, сябры!

Гутарыў Ігар ГАНЧАРУК

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий