Беларусы, татары, армяне, грэкі: як лепшыя сябры

Беларусы, татары, армяне, грэкі , украінцы, яўрэі – прадстаўнікі каля 130 нацыянальнасцей і народнасцей спакон веку жывуць на Міншчыне ў згодзе ды міру. Падтрымліваючы адно аднаго, дапамагаючы, паважаючы традыцыі і культуру. Гэта чарговы раз пацвердзіў абласны фестываль нацыянальных культур.

Пра што спяваюць украінцы, пра тое і беларусы

Фестываль пачаўся з выставы, на якой прадстаўлены работы народных майстроў і нацыянальная літаратура. Тут жа праходзіла дэгустацыя страў украінскай кухні.

Мы пазнаёміліся з прадстаўнікамі культурна-асветніцкага аб’яднання «Краяны», Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Ватра», якое на працягу апошніх 16 год у Мала­дзечне ўзначальваў Леанід Лысакабылка.

– Два месяцы таму перадаў свае абавязкі Ясеніі Мікуліч, – паведамляе апошнія навіны Леанід. – Менавіта яе стараннямі падрыхтаваны і сённяшняя выстава, і дэгустацыйны стол, дзе можна пазнаёміцца з нашымі нацыянальнымі стравамі.

– Частуйцеся, – запрашае Ясенія. – Сало і ковбасы, творожныкі. А на салодкае – торт з нашай нацыянальнай сімволікай.

– Не было яшчэ выпадку, каб мы прапусцілі гэтае мерапрыемства, – кажа Леанід Лысакабылка. – Да фестывалю звычайна рыхтуемся загадзя, прадумваем, як найлепш прадставіць культуру свайго таленавітага, песеннага народа, а таксама расказаць пра яго звычаі, быт і традыцыі.

Сам ён родам з Палтаўшчыны. У знакамітай Дзіканьцы, якую праславіў у свой час Гогаль, сёння жыве яго сястра. Бывае ён там кожны год, а назад абавязкова вязе ў цяпер ужо родны беларускі горад дыскі з украінскімі песнямі, кнігі аб сваёй краіне і дорыць знаёмым, сябрам, перадае ў бібліятэкі. І ў той жа час прызнаецца, што гісторыю Беларусі ведае куды лепш, чым гісторыю Украіны, паколькі шмат год быў дырэктарам курсаў па падрыхтоўцы экскурсаводаў, ды і самому даводзілася спрабаваць сябе ў гэтай ролі.

– У беларусаў і ўкраінцаў агульнага шмат? – пытаюся.
– Канешне, – смяецца ён. – І мовы ў нас падобныя, і песні. Пра што спяваюць украінцы, пра тое і беларусы. І наадварот.

Паводле нацыянальнай прыкметы? Не толькі

Наша краіна спрадвеку была і за­стаецца ўтульным, гасцінным домам для прадстаўнікоў шматлікіх нацыянальнасцей, якія, не губляючы сваёй самабытнасці, дадаюць непаўторных фарбаў у шматколерную палітру беларускіх традыцый. Прыклад таму – народнае аматарскае аб’яднанне прадстаўнікоў нацыянальных культур «Шматгалоссе» з Барысаўскага раёна.

– У снежні мы адзначым свае 17-я народзіны, – кажа яго кіраўнік Наталля Кавалеўская.

І тут жа згадвае, як марозным зімовым днём у Касцюкоўскі сельскі Дом культуры прыйшлі 23 ініцыятыўныя асобы – жыхары гэтай вёскі, кіраўнікі Польскага дома ў Барысаве і яўрэйскай абшчыны «Святло меноры». Ідэя стварэння аб’яднання, якая выношвалася дастаткова доўга, была падтрымана.

Цяпер у яго ўваходзяць прадстаўнікі 12 нацыянальнасцей. Украінцы, армяне, азербайджанцы, расіяне, яўрэі, якія сваім прыкладам паказваюць, што людзі павінны аб’ядноўвацца не толькі паводле нацыянальнай прыкметы. У першую чаргу іх яднае жаданне падзяліцца душэўнай цеплынёй. А гэта самае дарагое.

– Мы сустракаемся, сябруем, раімся, дапамагаем адно аднаму, падтрымліваем. І ніколі не думаем пра тое, адкуль карані чалавека – з Ізраіля, адзінай краіны, дзе на вайсковую службу прызываюць дзяўчат, ці з Азербайджана, дзе гарбату п’юць з варэннем, прыпраўленым чаборам, мятай і ружавай вадой.

Узрост людзей, што аб’яднала «Шматгалоссе», розны. Ёсць тыя, каму за 70, а таксама юнакі і дзяўчаты, якія толькі ўчора адзначылі свае 25. Малодшай дзяўчынцы, што ўвесь час хадзіла за ручку са сваёй мамай – туркменкай Алеанай Меледжаевай, не больш за тры.

Хто паедзе на рэспубліканскі фестываль?

Тэматычны канцэрт «Міншчына – адзіная сям’я» запомніўся пранікнёнымі мелодыямі і песнямі, іскрамётнымі танцамі, а таксама парадам прадстаўнікоў нацыянальных дыяспар вобласці.

Сваімі выступленнямі прысутных парадавалі вакальны гурт «Івянчанка» Івянецкага гарпасялковага аддзела грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі», сямейны дуэт Таццяны і Ганны Язэпчык (Саарбекян) з Нясвіжскага раёна, цыганскі ансамбль «Эльпіс» Слуцкага ГДК і многія іншыя.

Па выніках фестывалю журы, якое ўзначальваў народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча прафесар Міхаіл Дрынеўскі, вызначыць лаўрэатаў. Яны прадставяць вобласць на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, што пройдзе налета ў Гродне, дзе проста на вуліцах можна будзе пакаштаваць польскія бігас і галушкі, грузінскія хачапуры і чурчхелу, закружыцца ў агністым цыганскім танцы.

Марына СЛІЖ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий