Сямейныя планёркі, або Жалеза добра – дрэва лепш

Ёсць у нашым календары Дзень маці, ёсць і музей, прысвечаны ёй, складзена шмат песень і вершаў у яе гонар. А вось бацька крыху застаецца ў цяні. Хаця яго роля ў жыцці сям’і, дзяржавы не менш важная. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь вырашылі сітуацыю выправіць і сталі ініцыятарамі стварэння музея «Ад бацькі да Бацькаўшчыны».
Ён першы такі ў Беларусі, а прапіску атрымаў у СШ №25 горада Барысава.

Асобнае месца ў музеі адведзена працоўным дынастыям і іх заснавальнікам. Адзін з такіх – Антон Валейніс. Больш за 40 год ён працаваў слесарам-рамонтнікам на Барысаўскім дрэваапрацоўчым камбінаце. Услед за бацькам на прадпрыемства прыйшлі і сыны. Потым – яго ўнучкі, а зараз ужо і праўнук.

– Вельмі здзівілася, калі арганізатары музея папрасілі даць фатаграфіі, дакументы, расказаць пра гісторыю нашай сям’і, – згадвае Святлана, унучка Антона Валейніса. – Але прыемна – на камбінаце нас добра ведаюць і паважаюць калегі, цяпер пра нас змогуць даведацца і па-за прахадной.

Агульны стаж дынастыі на Барысаўскім дрэваапрацоўчым камбінаце складае 230 год. Акрамя Антона Валейніса яшчэ дзевяць членаў сям’і звязалі сваё жыццё з прадпрыемствам.

– Усё пачыналася ў 1945-м, тады быў зроблены першы запіс у працоўнай кніжцы майго дзядулі, – кажа Святлана. – Але ён яшчэ да вайны працаваў тут 19 год. Дзядулю ўсе паважалі, ён любіў завод, любіў сваю справу, быў прыкладам для многіх.

У тым ліку і для сваіх дзяцей, з жонкай яны гадавалі шасцярых.
У 50-х гадах Антон Іванавіч прывёў на прадпрыемства сваіх сыноў Івана і Эдуарда. Тут Эдуард пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Дарэчы, у 2013 годзе пара адсвяткавала залатое вяселле. Усе тры дачкі – Валянціна, Алена і Святлана – таксама пайшлі па слядах бацькоў, а ў 2014 годзе сюды прыйшоў праўнук заснавальніка дынастыі – Максім Смагін.

– Няма такой работы, якую мой бацька не мог бы рабіць, – кажа Святлана. – Яго дзядуля ўсяму навучыў: свой дом тата пабудаваў сам, нават усе камунікацыі падключыў самастойна, не кажучы ўжо пра рамонтныя работы. І тэхніку, на якой ездзіў, заўсёды рамантаваў сам. Сёлета бацьку споўнілася 80 гадоў. Мы вельмі ганарымся ім.
Святлана – галоўны тэхнолаг прадпрыемства, яе муж – слесар кантрольна-вымяральных прыбораў.

– Мужа сабе выбірала, каб быў, як бацька, – смяецца жанчына. – Ён таксама многае ўмее рабіць сваімі рукамі. Мы жывём у прыватным доме, работы заўсёды хапае. Нашаму сыну 22 гады, як і бацька, ён займаецца спортам. Больш за ўсё мае мужчыны лю­бяць футбол. Дачцэ 9 гадоў, Юра дапамагае ёй з урокамі, накорміць, калі я затрымліваюся на працы. З мужам мне пашанцавала.

І вышэйшую адукацыю атрымала дзякуючы яму. Спачатку ўгаварыў паступаць, а потым сядзеў з пяцімесячным дзіцём, пакуль я ез­дзіла на сесіі. Нават не перажывала, ведала, што справіцца.
На пытанне, чым так прываблівае праца на камбінаце сям’ю Валейніс, Святлана адказала так:

– Па-першае, мы ўсе вельмі любім дрэва і ўсё пра яго ведаем. Яно жывое, гэты пах ні з чым не параўнаць. Па-другое, прадпрыемства пастаянна развіваецца. 30 год працую тут і ўвесь час пазнаю нешта новае. Мой бацька быў перайшоў на завод «Аўтагідраўзмацняльнік», але хутка вярнуўся назад. Казаў: «Жалеза – добра, але дрэва лепш».

Алёна ДРАЗДОЎСКАЯ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий