Сёння «Мінскай праўдзе» — 69 год!

Попыт на праўду. Мінскую

Кожны аўторак і пятніцу жыхарка Мар’інай Горкі Кацярына Малішэўская па дарозе на працу спыняецца каля кіёска «Белсаюздрука». Менавіта для таго, каб набыць свежы нумар «Мінскай праўды». З газетай яна пазнаёмілася некалькі год таму. Прыхільнасць да яе тлумачыць разнастайнасцю тэм, цікавасцю да меркаванняў журналістаў. Падабаецца і сучасны дызайн выдання. Але іншы раз газету не ўхапіць: вельмі хутка разбіраюць! З Кацярынай пагаджаецца прадавец Любоў Куляшова. Кажа, яшчэ не было таго дня, каб у кіёску застаўся хоць адзін экзэмпляр.
Чаму «МП» расхопліваюць як гарачыя піражкі, у дзень нараджэння газеты расказалі нашы пастаянныя чытачы.

Горад яшчэ бачыць апошнія сны, а шапікі «Белсаюздрука» ўжо загараюцца яркімі агеньчыкамі. Традыцыя адкрываць акенцы газетных кіёскаў ад сямі гадзін раніцы – з даінтэрнэтаўскіх часоў, калі ўсе апошнія навіны людзі атрымлівалі з перыядычных выданняў.

– І хто ж гэта сказаў, што ахвотных купіць газетку або часопіс яшчэ па дарозе на працу больш няма, – жартуе кіяскёр з Маладзечна Вольга Вашкевіч. – Часам яшчэ нават не паспею раскласці тавар, а людзі ўжо стукаюць у акенца – прабачце, маўляў, бягу на гарадскі аўтобус, не маглі б вы мне хуценька даць што-небудь са свежай перыёдыкі.
Кіёск, у якім працуе дзяўчына, знаходзіцца на вуліцы Багдана Хмяльніцкага, каля самага ўваходу на рынак. Жыццё тут кіпіць з самай раніцы і амаль да вечара. Хтосьці купіць каляндар, камусьці спатрэбяцца алоўкі, спадабаецца цацка для дзіцяці.

– А вось газеты набываюць у асноўным толькі жыхары мікрараёна, – кажа Вольга. – Ёсць сярод іх і прыхільнікі «Мінскай праўды». «Мне абласную», – просіць звычайна мужчына з дома насупраць. Ці проста кладзе на прылавак грошы і паказвае вачыма на вялікі стэлаж за маёй спінаю, дзе чакае свайго пакупніка і ваша выданне. «Мая любімая газетка яшчэ ёсць?» – маючы на ўвазе газету цэнтральнага рэгіёна, пытаецца адна з чытачак. У пастаянныя пакупнікі яна запісалася да мяне мо месяцаў шэсць таму. І не прапусціла ніводнага нумара.
Менавіта з «Мінскай праўды» пачынаецца кожны пятнічны вечар і ў жыхаркі Маладзечна Таццяны Гарашкевіч. З газетай яна сябруе даўно, але па яшчэ студэнцкай звычцы не выпісвае, а менавіта купляе ў кіёску.

– У першую чаргу шукаю на старонках выдання матэрыялы пра свой горад, – кажа жанчына. – Люблю чытаць пра людзей культуры, мастацтва, якія зараджаюць пазітывам, здзіўляюць талентам.
Адклала артыкул пра народнага майстра з Івянца Алега Капусту, што робіць цудоўныя рэчы з гліны. Сама, напэўна, я да гэтага не дайду ніколі, хаця паспрабаваць хацелася б, але ўлетку, падчас Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі, паспрабую знайсці ганчара ў «Горадзе майстроў», набыць у яго што-небудзь з посуду. І збаны, і гаршкі, і найпрыгажэйшыя дэкаратыўныя талеркі паедуць на дачу.
Таццяна кажа, што ніколі не абмінае рубрыку «А ў нас, у раёне», матэрыялы пра сад і агарод, і чакае ад «МП» новага праекта –
пра дачы і дачнікаў. Адрасы людзей, якія ўласнымі рукамі ператварылі свае сем сотак у кветкавы рай, можа назваць хоць сёння.
Маўляў, неяк цікавей і весялей, калі ты ведаеш, што чалавек, аб якім распавядае газета, жыве побач, у Вілейскім альбо Мядзельскім раёне. І ты, калі захочаш, нават можаш з’ездзіць да яго на экскурсію, каб нечаму навучыцца, штосьці пераняць.
– Сёння ў нас вельмі шмат крыніц інфармацыі, і гэта, напэўна, добра, – разважае жанчына. – Але сур’ёзныя, аўтарытэтныя выданні, такія, як ваша, не проста інфармуюць. Яны даюць яшчэ і пажытак для роздуму. Я рада, што нашы меркаванні аднойчы супалі.

Жыхар Маладзечна Віталь Мароз да пастаянных чытачоў нашай газеты сябе не адносіць. Кажа, купляе яе пад настрой, час ад часу. У першую чаргу праглядвае матэрыялы пра спорт, армію, не супраць пасядзець над крыжаванкамі і пазнаёміцца з праграмай тэлебачання на тыдзень, якая, паводле яго меркавання, вельмі кампактная і зручная.

Чаму выбіраеце «Мінскую праўду»?

З такім пытаннем напярэдадні дня нараджэння газеты мы звярнуліся да нашых чытачоў. І пачулі шмат цікавых меркаванняў.


Мікалай ШАКУН, Барысаў (пенсіянер):

– Чытаю «Мінскую праўду» ўжо 23 гады. Стараюся не прапускаць ніводнага нумара.
«Мінская праўда» – не адзіная газета, якую я чытаю, аднак менавіта ў ёй заўсёды знаходжу для сябе максімум карыснай і цікавай інфармацыі, прычым не толькі пра жыццё вобласці. Старонкі «Галоўнае» і «Цэнтральны рэгіён» – абавязковыя. Заўсёды хвалюе, што адбываецца ў краіне. Зараз праглядваю рубрыку «Выбары-2019» – гэта актуальна для нашай сям’і. Уважліва чытаю пра прадпрыемствы іншых раёнаў вобласці, параўноўваю. Бо нярэдка па рабоце бываў у Клецкім, у Валожынскім, іншых раёнах Міншчыны. І завяршаю чытанне рубрыкай «Гартаючы каляндар», яна пашырае кругагляд: цікавыя і значныя падзеі, народныя традыцыі – коратка, самае асноўнае.
Жонка шукае ў газеце старонку «Агмень», выразае сабе рэцэпты. Мы абавязкова робім нарыхтоўкі на зіму, наша сям’я іх любіць.
Наогул, звярнуў увагу, што за апошні час газета палепшылася. З’яўляюцца новыя рубрыкі. У значным аб›ёме адлюстраваны важныя раённыя навіны. А самае галоўнае –
матэрыялы ў «Мінскай праўдзе» падаюцца ў даступнай форме і заўсёды своечасова. Значыць, набываючы гэтую газету, я заўсёды ў курсе ўсіх самых важных падзей.


Анастасія ШВАЙБОВІЧ, афіцыйны прадстаўнік абласнога ўпраўлення МНС:

– З «Мінскай праўдай» пазнаёмілася яшчэ падчас вучобы. Мяне заўсёды цікавіла, штó адбываецца ў роднай вобласці. Менавіта «МП» стала надзейнай і дзесьці нават эксклюзіўнай крыніцай інфармацыі.
Вельмі падабаецца, што на старонках знаходзяць месца матэрыялы па асновах бяспекі жыцця-
дзейнасці. Напісаны яны лёгкай, зразумелай мовай, а таму даступныя любому чытачу. Даспадобы рубрыкі «Рэпарцёр» і «На кантролі».
Чаго не хапае газеце? На мой погляд, дзіцячай старонкі. Упэўнена, матэрыялы для дзяцей павысяць цікавасць да выдання нават з боку самых маленькіх.
Шчыра зычу калектыву творчых поспехаў, далейшага развіцця, адданых і ўважлівых чытачоў. «Мінская праўда» – жаданы госць у кожным кутку Міншчыны.

Уладзімір Мацулевіч, арганізатар дабрачынных велафестываляў
у Мінскай вобласці:

– «Мінскую праўду» выпісваю больш за 50 год. Маё знаёмства з выданнем адбылося яшчэ падчас вучобы ў школе. Пасля стаў чытаць
газету рэгулярна. Было цікава назіраць за зменамі ў «Мінскай праўдзе»: у ёй шмат яркіх і актуальных публікацый. Мне падабаецца, што ў газеце ёсць цікавыя артыкулы як для сталых людзей, так і для моладзі. Звярнуў увагу на тое, што з’явіліся новыя рубрыкі, право-
дзяцца розныя конкурсы. Шмат разоў я і мае сябры рабіліся героямі артыкулаў. Было вельмі прыемна! Гэтыя публікацыі захоўваю дома ў дыпламаце. Прагучыць пафасна, але для мяне кожны нумар быццам глыток свежага паветра. Шкада, што газета выходзіць толькі два разы на тыдзень. Хачу параіць калектыву выдання часцей пісаць пра невялічкія населеныя пункты і людзей, што там жывуць.
Хачу таксама пажадаць творчых вышынь і жыццёвых перамог калектыву газеты!

Рыгор Чуйко, генеральны дырэктар УП «Агракамбінат «Ждановічы»:

– «Мінскую праўду» пачаў чытаць 24 гады таму: як толькі пераехаў жыць у Мінск, адразу выпісаў галоўную газету цэнтральнага рэгіёна. Многае змянілася за гэты час: аб’ём выдання, паліграфічнае выкананне, тэматыка публікацый. Але нязменнай заставалася аб’ектыўнасць, аператыўнасць і дакладнасць перадачы інфармацыі. Адным словам, «Мінскай праўдзе» можна давяраць!
Як чалавек, які непасрэдна звязаны з зямлёю, з асаблівай цікавасцю чытаю матэрыялы пра маіх калег-кіраўнікоў, што дасягнулі пэўных поспехаў у працы і досвед якіх можна запазычыць. Звяртаю ўвагу на публікацыі пад рубрыкамі «Прамая лінія», «Прыём грамадзян», «Зваротная сувязь» – на мой погляд, гэта выдатная форма дыялогу кіраўніцтва вобласці з жыхарамі ўсіх, нават самых аддаленых вёсачак. А вось крытыкі на старонках газеты мне не хапае. Журналістыку незнарок называюць чацвёртай уладай: вы маеце права і павінны паказваць недахопы ў дзейнасці розных устаноў. Гэтым вы дапаможаце значна палепшыць іх працу.
Жадаю вам не спыняцца на дасягнутым, браць новыя вышыні, развіваць новыя напрамкі і, вядома ж, паболей удзячных і адданых чытачоў!

Людміла АЛЬГАМЕЦ, настаўнік геаграфіі Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, настаўнік-метадыст:

– Сёння лічыцца, што друкаваныя СМІ ўжо зжылі сябе. Але «Мінская праўда», на мой погляд, з’яўляецца прыемным выключэннем. Інфармацыя на старонках газеты заўсёды актуальная і разнапланавая, пачынаючы ад праблем, якія хвалююць усё наша грамадства, мерапрыемстваў, што праводзяцца ў цэнтральным рэгіёне, да захапленняў нашых неардынарных землякоў, пра якія таксама цікава чытаць.
Матэрыялы рубрык «Грамадства», «Акцэнты», «Землеўпарадкаванне» і іншыя добра ўпісваюцца ў канву любога ўрока. Мне, як настаўніку, прыемна чытаць аб поспехах сваіх калег, пра якія я даведваюся з рэпартажаў ка-
рэспандэнтаў газеты. Камандзе журналістаў удаецца зрабіць выданне цікавым і запатрабаваным, таму чытачы з нецярплівасцю чакаюць кожнага выпуску.
Хочацца пажадаць рэдакцыі газеты поспехаў і новых творчых узлётаў!

Падрыхтавалі: Марына СЛІЖ, Аляксандр НАВАХРОСТ, Галіна НАРКЕВІЧ, Станіслаў ЛАБАТЫ, Алена ДРАЗДОЎСКАЯ, Юлія БРОЖЫНА

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий