Аграгарадок Алесіна Смалявіцкага раёна трапілі ў трылогію Якуба Коласа «На ростанях»

Аграгарадок Алесіна Смалявіцкага раёна… На першы погляд, сярэднестатыстычнае паселішча: школа, дзіцячы садок, пошта, крамы, амбулаторыя. Куды ні зірнеш – усюль хаты. Навокал на сотні гектараў раскінуліся землі мясцовага сельгаспрадпрыемства. Сюды едуць турысты з усяго свету.
І Прэзідэнт Беларусі наведаў Алесіна.
Чым адметнае мястэчка – высвятляла «МП».

Адзіны на Міншчыне музей-тэатр

Дарога бясконца цягнулася ўздоўж неабсяжных палеткаў і зімовых лясоў, па ўзгорках, лагчынах. Дробным рачулкам і сажалкам, здавалася, канца не будзе. Нарэшце, мінуўшы чарговы масток, машына спынілася. Мы – у Алесіне.

Сустракае нас Святлана Лютарэвіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Верхменскай сярэдняй школы імя Тумара. Яна не стала набіваць цану і адразу раскрыла сакрэт папулярнасці аграгарадка сярод турыстаў:

– Дык вы ж у кнігу трапілі! Успомніце трылогію Якуба Коласа «На ростанях», частку першую «Верхань». Гэта ж навакольныя мясціны! Дарога, абсаджаная старымі дубамі, сялянскія хаткі на ўзвышшах, лясы, багатыя на баравікі, – усё, што так уразіла Лабановіча, Колас падгледзеў тут. Ды і сам Лабановіч – аўтабіяграфічны вобраз. Дакладна вядома, што ў 1905 годзе настаўнік Пінкавіцкай школы Канстанцін Міцкевіч склаў петыцыю ад імя мясцовых сялян з патрабаваннямі да памешчыка Скірмунта. За гэта яго перавялі на працу ў Верхменскае народнае вучылішча. Знаходзілася яно прыкладна за кіламетр адсюль. Прыгожыя, чароўныя мясціны кранулі душу пісьменніка, ён апеў іх у сваёй трылогіі.

Дарэчы, менавіта гэтаму, верхменскаму перыяду настаўніцтва Коласа, прысвечаны літаратурны музей, што ў 1969 годзе створаны на базе Верхменскай сярэдняй школы імя Тумара. Сюды нас і запрашае яго кіраўнік Святлана Лютарэвіч.

Як расказала Святлана Лютарэвіч, самы прыкметны экспанат музея – гіпсавая скульптура Якуба Коласа, якую падараваў народны мастак БССР Сяргей Селіханаў.
Гэта адзін з трох варыянтаў помніка на плошчы імя пісьменніка ў Мінску.

– У музеі пабывалі госці з Польшчы, Японіі, Англіі, Італіі, Кітая, Германіі, Францыі, Нідэрландаў, – пералічвае жанчына і паказвае кнігу водгукаў ганаровых гасцей. Гартаю лісты, чытаю запісы на рускай, англійскай, французскай мовах… Кітайскія і японскія іерогліфы, на жаль, разабраць не здолела. Ёсць тут і водгук Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі – ён наведаў музей у 2002 годзе. Святлана Лютарэвіч упэўнена: кніга будзе папаўняцца новымі запісамі.

– Была прыемна ўражана: столькі чалавек у свеце ведаюць, чытаюць
і паважаюць Коласа! І хоць наш музей не адзіны, прысвечаны пісьменніку, ды і занадта каштоўнымі экспанатамі пахваліцца не можа, але турысты яго не абмінаюць.

Між тым у музеі ёсць на што паглядзець. Пад тоўстым шклом захоўваюцца абвінаваўчыя дакументы на імя Канстанціна Міцкевіча, рапарт Пінскага павятовага спраўніка. Побач на сцяне – карціна вядомага мастака Алеся Цыр­кунова з партрэтам пісьменніка. Карціну музей атрымаў дзякуючы садзейнічанню Міхася Міцкевіча – сына Якуба Коласа. Той неаднойчы бываў у Алесіне – любіў мястэчка, што так уразіла бацьку.

Унікальнасць літаратурнага музея Верхменскай школы і ў тым, што на Міншчыне ён адзіны інтэр­актыўны: спалучае функцыі музея і тэатра. Падчас экскурсій музейная пляцоўка ператвараецца ў сцэнічную, і перад гасцямі паўстаюць фрагменты з коласаўскай трылогіі «На ростанях» у выкананні школьнікаў.

– Не толькі музей прываблівае гасцей з замежжа: многія едуць у аграгарадок, каб прайсціся сцежкамі Андрэя Лабановіча, убачыць могілкі, дубовую алею, рачулкі, урочышча Тумель – мясціны, дзе бываў сам настаўнік, – тлумачыць Святлана Лютарэвіч. – Мы праводзілі даследчую працу: параўноўвалі верхменскія краявіды з тымі, што апісаны ў трылогіі. Яны цалкам супадаюць!

«Адзін у адзін спісаў з нашага Колькі»

Соф’я Васільеўна Скарабагатая

88-гадовая Соф’я Скарабагатая і 83-гадовая Леаніда Альшэўская – старажылы аграгарадка. Пра Коласа, які некалі настаўнічаў на Смалявіччыне, яны веда­юць болей за ўсіх – у асноўным па ўспамінах сваякоў. А Леаніда Браніславаўна яшчэ і вучылася ў тым самым Верхменскім народным вучылішчы, на свае вочы бачыла пакойчык, дзе жыў Андрэй Лабановіч.

– Пра Коласа казалі – просты быў чалавек, – падперла далонню падбародак баба Леаніда, – прыроду дужа любіў: на першым часе яшчэ сумаваў па Палессі, адкуль яго і выслалі сюды, а пасля да гэтых мясцін прыкіпеў душою.

Леаніда Браніславаўна Альшэўская

– Дзеці яго дужа паважалі! Да Коласа ў вучылішчы працаваў Трафім Сэртун-Сурчык, дык той і падноскаў пісьменніка быў не варты: абы дзень адбыць, – далучылася да размовы баба Соня. – Мог і заліць за каўнер, не без гэтага. Колас сабе такога не дазваляў: ён сур’ёзна ставіўся да працы.

Доўгажыхаркі ў адзін голас запэўніваюць: пісьменнік абяссмерціў і мястэчка, і жыхароў.

– Непадалёк ад нас быў хутар, жыла там Ліда Мураўская, вучаніца Якуба Коласа. Казалі, нібыта яна пакахала настаўніка, але нічога ў іх не атрымалася, – крыху саромеючыся, кажа Леаніда Альшэўская. – А ён ладны быў мужчына, і яна дзеўка прыгожая.

Хутара, дзе жыла Ліда, ужо даўно няма. Што стала з дзяўчынай, ці ёсць у яе дзеці, унукі – бабуля не ведае.

– А пра Грышку Мініча чыталі? Быў першым вучнем Лабановіча! Яго Колас адзін у адзін спісаў з нашага Колькі Мініча. Нашчадкі Мікалая і цяпер жывуць на Смалявіччыне, – запэўнівае Соф’я Васільеўна.

Ганарацца алесінцы, што сталі героямі аднаго з самых значных твораў беларускага класіка. А яшчэ яны з поўным правам лі­чаць сябе прадаўжальнікамі справы Лабановіча. Расказваюць унукам, праўнукам, з імем якога чалавека звязаны гэтыя мясціны. І першыя казкі, якія чуюць малыя алесінцы, – таксама коласаўскія. Жы­вуць Коласавы героі Сымон-музыка, Лабановіч, дзядька Антось – у памяці людской жывуць.

Галіна НАРКЕВІЧ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий