Гэты дом часта па-сяброўску наведвалі…

За будынкам Ракаўскага сельскага выканаўчага камітэта знаходзіцца дом, у якім часта бываў беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч, куды неаднаразова прыязджалі ўкраінскі акцёр Багдан Ступка і расійскі рэжысёр Сяргей Бадроў-старэйшы разам з сынам. Усе яны гасцявалі ў сямейнай пары літаратуразнаўцаў і выкладчыкаў БДУ Вячаслава Рагойшы і Таццяны Кабржыцкай. 26 лістапада адзначаліся народзіны Уладзіміра Караткевіча. Напярэдадні «МП» таксама пашчасціла зазірнуць у Ракаў і даведацца пра цікавыя факты з жыцця знакамітых людзей.

Рыцар на белым кані

Хата выглядае звычайна – аднапавярховы абкладзены цэглай драўляны будынак з гарышчам. У Ракаве падобных мноства. Звяртае на сябе ўвагу мемарыяльная шыльда з барэльефам пісьменніка і надпісам «Гэты дом часта па-сяброўску наведваў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч».

– Калі я вучыўся ў сярэдняй школе, дасылаў свае вершы ў радашковіцкую газету «Сцяг Ільіча», дзе тады працаваў адказным сакратаром Адам Мальдзіс, – распавядае пра гісторыю свайго знаёмства з беларускім класікам Вячаслаў Пятровіч. – Мае творы Мальдзісу спадабаліся, ён прыехаў у Ракаў, каб пазнаёміцца. А ў 1966 годзе, калі я вучыўся ў аспірантуры пры кафедры літаратуры БДУ і жыў у інтэрнаце на вуліцы Кастрычніцкай у Мінску, ён зазірнуў да мяне ў госці разам з сябрам Караткевічам – ведаў, што я захапляюся яго вершамі. Уладзімір быў пры касцюме, у белай сарочцы з бабачкай. Выглядаў вельмі элегантна. Прычым такім ён заставаўся заўсёды. Здаваўся нейкім рыцарам на белым кані. І не мне аднаму. У Максіма Танка ёсць верш, як на тым свеце сустракае Караткевіча, і там ён таксама ў выглядзе рыцара.

Заходзім у двор. Справа ад хаты стаіць былы сялянскі хлеў, які ў 2002 годзе перарабілі ў прыватны музей. У ім захоўваюцца рэчы знакамітых сяброў сям’і, іх лісты і рукапісы, кнігі, фотаздымкі. Сцены музея спісаны пажаданнямі. «Бывайце, мілыя Рагойшы, сярод гасцей я быў не горшы», – чытаем двухрадкоўе народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча. Тут жа аўтографы Героя Украіны, паэта Дмітра Паўлычкі, украінскага пісьменніка і дыпламата Рамана Лубкіўскага, паэта і літаратурнага крытыка Дзмітрыя Бугаёва і многіх іншых дзеячаў літаратуры і мастацтва.

Вячаслаў Пятровіч звяртае нашу ўвагу на графічныя малюнкі, прымацаваныя да дзверцаў кніжнай шафы:
– Гэтыя шаржы намаляваў Караткевіч у 1967 годзе на абароне маёй кандыдацкай дысертацыі «Паэтыка Максіма Танка». На іх – сам Уладзімір, я падчас выступлення з дакладам, мой неафіцыйны апанент малады прафесар Алег Лойка. Абарона прайшла паспяхова. Караткевіч падараваў мне невялікі альбомчык з гэтымі шаржамі і намаляваным у старабеларускім стылі «Дыплёмам», які сведчыў пра зацвярджэнне дысертацыі. Тады афіцыйны дыплом з Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Масквы мне даслалі толькі праз некалькі месяцаў. Крыху далей – ліст паперы з эпіталамай, вясельным вершам-віншаваннем, пад якім мы налічылі 48 подпісаў. Яе склаў Уладзімір у тым жа 1967 годзе з нагоды шлюбу Вячаслава Рагойшы і Таццяны Кабржыцкай. Адзначалі ў Ракаве, прычым так, што Мальдзіс з Караткевічам ахрысцілі падзею «вяселлем веку»!

– Гулялі цэлы тыдзень, якраз былі святы, прысвечаныя 50-годдзю Вялікага Кастрычніка, – кажа прафесар БДУ. – Да нас з жонкамі прыехалі прафесар Міхась Ларчанка, Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Адам Мальдзіс, Фёдар Янкоўскі, а таксама Язэп Семяжон, Валянцін Рабкевіч, Сяргей Панізнік… Ула­дзімір Караткевіч тады ўпершыню пазнаёміў сяброў са сваёй спадарожніцай Валянцінай Нікіцінай. Праз няпоўныя чатыры гады яны распісаліся.

Працягваем экскурсію па доме-музеі. У левым куце стаіць халасцяцкая канапа Караткевіча з убудаванай драўлянай скрыняй, у якой пісьменнік захоўваў свае рукапісы.

– Яна дасталася нам, калі Караткевічы пераехалі ў трохпакаёвую кватэру ў «Доме літаратараў» на вуліцы Карла Маркса. Яны купілі новую мэблю, а гэтую старую канапу прапанавалі мне завезці ў Ракаў, – удакладняе Вячаслаў Пятровіч. – Пазней мы таксама пераехалі ў той самы «Дом літаратараў». Жылі ў суседніх пад’ездах, праз сцяну.
У канцы 1980-х наступіла трагічная паласа – паміралі блізкія людзі пісьменніка. Спачатку з жыцця пайшла яго маці, затым родная цётка, якую ён вельмі любіў, а потым і жонка Валянціна. Караткевіч апынуўся на мяжы нервовага зрыву. Як яго ні ратавалі сваякі і сябры, ён не змог ачуняць ад такога ўдару, Уладзіміра Сямёнавіча не стала ў 1984 годзе. Пахавалі яго на Маскоўскіх (Усходніх) могілках. Шмат людзей прыйшло праводзіць пісьменніка ў апошні шлях. Сям’я Рагойшаў – Кабржыцкіх разам з Бадровымі, якія ў той час якраз адпачывалі на Ракаўшчыне, усклалі на магілу пісьменніка жытнёвы сноп з надламанымі каласамі, перавязаны васільковым перавяслам.

Культурны ген

Сяргей Бадроў-старэйшы, стрыечны пляменнік па матчынай лініі Таццяны Кабржыцкай, некалькі разоў бываў у Ракаве з жонкай і сынам, а таксама прымаў гасцей з Беларусі ў сябе.

– Бадроў-малодшы сябраваў з нашым сынам Максімам, яны былі аднагодкамі, – паказвае сямейныя фотаздымкі прафесар БДУ. – Мы выязджалі на хутар Монькі, каля Ракава, там на лясной паляне нават спектаклі ставілі. Касцюмамі служылі прасціны, сялянская вопратка. Маглі падмаляваць вусы вугалем. Напрыклад, разыгрывалі сцэнку з драмы-феерыі Лесі Украінкі «Лясная песня».

Бадроў-малодшы застаўся ва ўспамінах беларускіх сваякоў сур’ёзным, удумлівым маладым чалавекам… Фотаздымкі і газетныя выразкі з матэрыяламі пра яго захоўваюцца на адным са стэндаў музея.

Вячаслаў Пятровіч вядзе нас да экспазіцыйнай вітрыны, дзе прадстаўлены фотаздымкі народнага артыста СССР Багдана Ступкі. Ён таксама неаднойчы гасцяваў у Ракаве на правах блізкага сябра Таццяны Вячаславаўны. Знаёмыя яны былі з дзяцінства. Іх бацькі працавалі разам – заслужаны артыст Украіны Вячаслаў Кабржыцкі быў вядучым салістам Львоўскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета, а Сільвестр Ступка спяваў у тэатральным хоры.

– Памятаю, у 1982 годзе адзначалі маё саракагоддзе ў нашай кватэры. Тады ў Мінску якраз праходзілі гастролі Кіеўскага драматычнага тэатра, у якім іграў Багдан. Мы яго запрасілі ў госці разам з некалькімі артыстамі і рэжысёрамі. Былі і Караткевічы тады. Украінцы з Уладзімірам выйшлі на балкон песні спяваць. Хор быў што трэба.

Хвілін праз дзесяць пад вокнамі сабраўся натоўп слухачоў. На жаль, не было чым той спеў запісаць.

У доме-музеі шмат кніг, напісаных членамі сям’і Рагойшаў і іх сябрамі. Ёсць падручнік па беларускай літаратуры для сярэдняй школы, дапаможнікі для ВНУ, манаграфіі, зборнікі, а таксама тры выданні знакамітага «Паэтычнага слоўнiка» Вячаслава Рагойшы.

Прыцягвае ўвагу аповесць «Мёртвым не баліць», якую пераклала на ўкраінскую мову Таццяна Кабржыцкая яшчэ пры жыцці Васіля Быкава. Пісьменнік, дарэчы, застаўся задаволены яе працай і на тытульным лісце кнігі напісаў: «Мiлай перакладчыцы з вялікай удзячнасцю за выдатную рэпрэзентацыю на вялiкай мове вялiкага братняга народа».

Услед за старэйшымі ідуць малодшыя Рагойшы – сыны Усевалад, Максім, Пётр і нявестка Эла. У шафе бачым іх аўтарэфераты кандыдацкіх дысертацый, а таксама арыгінальную кнігу «Сяргей Пясецкі – наш і не наш».

Існуюць сямейныя дынастыі, якія працуюць у полі, а ёсць тыя, што ствараюць духоўны пажытак. І ракаўскі музей паказвае, штó сям’я Рагойшаў дала беларускай культуры і з кім яна знітавана.

Яўген АЛЕЙНІК, фота Святланы КУРЭЙЧЫК

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий