Ірына ПАЗНЯК: З лёгкасцю можам стадыён сабраць

У сучасным статусе калектыў цэнтра працуе 25 год, з 1980-га па 1994-ы гэта быў навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы, а пры ўтварэнні ў 1939-м яму далі назву «Абласны Дом народнай творчасці».

– Можна сказаць, што ў вас тры дні нараджэння. Пасля дзвюх рэарганізацый у назве ўстановы нязменнымі заставаліся словы «народная творчасць», а задачы змяняліся?

– Галоўная задача нязменная – падтрымка і забеспячэнне развіцця сацыяльна-культурнай сферы ў вобласці і садзейнічанне развіццю нацыянальнай культуры. Культура – тое, што адрознівае нас, беларусаў, у свеце. Наша шматпланавая работа накіравана на захаванне лакальных народных традыцый, падтрымку самадзейных майстроў і калектываў.

Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур да 80-годдзя ўтварэння ў краіне дамоў народнай творчасці рыхтуе юбілейнае выданне. Наш цэнтр падрыхтаваў для яго каштоўныя матэрыялы па Мінскай вобласці. Прэзентацыя кнігі адбудзецца 9 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы.

80 год таму нашы папярэднікі разгарнулі маштабную работу па развіццю мастацкай самадзейнасці, выяўленню народных талентаў і далучэнню як мага больш людзей да мастацтва. І тут наша вобласць да вайны была вядучай у рэспубліцы. Працавала 18 раённых дамоў сацыялістычнай культуры, больш за 300 хат-чытальняў, дзе дзейнічала звыш 5 тысяч гурткоў і калектываў мастацкай самадзейнасці. Нават у самых аддаленых вёсачках. Нам дасталася багатая спадчына. Мы памятаем, беражом і шануем кожнага носьбіта культуры.

Завяршаем падрыхтоўку дакументаў на прысваенне статуса нематэрыяльнай культурнай спадчыны тром элементам: тэхналогіі і традыцыі выпякання хлеба ў вёсках Жораўка і Кузьмічы Любанскага раёна; івянецкая кераміка з тэхнікай роспісу «фляндроўка»; «Рухаўскія дываны» Старадарожскага раёна. Зараз статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны маюць 12 элементаў, два з якіх занесены ў Спіс ЮНЭСКА. Гэта калядны абрад «Цары», што праводзіцца ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна, і Будслаўскі фэст у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай у Мядзельскім раёне.

Штогод наш цэнтр рыхтуе больш за 20 выданняў: брашуры, кнігі, нотныя зборнікі, метадычныя дапаможнікі. Напрыклад, юбілей у калектыву. І ў яго ёсць добрыя напрацоўкі, цікавы, спрадвечна беларускі рэпертуар. Мы выдаём дыск і зборнік, распаўсюджваем яго па раёнах і такім чынам папулярызуем аматарскую мастацкую творчасць, садзейнічаем актыўнаму ўкараненню ў практыку найлепшага вопыту.

– Штат у вас вялікі?

– У параўнанні з іншымі абласнымі цэнтрамі штат супрацоўнікаў у нас невялікі – 25 спецыялістаў. Кожны з іх прайшоў сур’ёзны адбор і вельмі каштоўны для нас.

– На Міншчыне каля 600 калектываў са званнямі «народны» і «ўзорны». Гэта шмат для вобласці?

– У вобласці працуюць 593 калектывы. І з іх 335 дзейнічаюць пры клубных установах. Штогод па пяць калектываў атрымліваюць званні «ўзорны» або «народны».

Складана сказаць – вялікая гэта лічба ці маленькая. Тое, што наша вобласць заўсёды годна прадстаўляе сябе на рэспубліканскіх і міжнародных форумах, – гэта факт. Усе нашы калектывы ўнікальныя, можна шмат распавядаць пра кожнага кіраўніка і ўдзельніка. Візітная картка нашай краіны – ансамбль старадаўняй беларускай музыкі «Пастараль» настаўнікаў Дзяржынскай дзіцячай школы мастацтваў. А якую прыгажосць ствараюць удзельнікі народнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Беларускі сувенір» цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна! Пад кіраўніцтвам Раісы Аляксандраўны Раманеня яны адраджаюць саламяныя дываны. Дарэчы, у нас 3480 майстроў народнай творчасці, 38 з іх маюць званне «Народны майстар Беларусі». А 14 снежня яшчэ адзін з вядучых калектываў вобласці будзе святкаваць 25-гадовы юбілей – заслужаны аматарскі калектыў ансамбль танца «Сузор’е» Палаца культуры Салігорска.

– А моладзь ёсць у народных калектывах?

– Ёсць, канечне. Звярніце ўвагу на вядучы калектыў вобласці – заслужаны аматарскі калектыў народны фальклорны гурт «Гасцінец» Ракаўскага цэнтра народнай творчасці Валожынскага раёна, стваральнікам і нязменным кіраўніком якога з’яўляецца Лізавета Станіславаўна Пятроўская. У яго скла­дзе як дарослыя, так і студэнты, школьнікі. Вы б бачылі іх сцэнічныя касцюмы, якія яны самі шылі! Па іх можна выву­чаць аўтэнтычныя беларускія народныя строі. Дарэчы, сёлета яны атрымалі Гран-пры на абласным фестывалі «Напеў зямлі маёй». Фальклорны ансамбль «Берагіня» Мётчанскага комплексу «дзіцячы сад – сярэдняя школа» Барысаўскага раёна – гэта першы ў Беларусі вопыт сістэмнага выхавання сельскіх школьнікаў з дапамогай традыцыйнай культуры. Свой летапіс калектыў вядзе з 1996 года, а яго заснавальнікам і нязменным кіраўніком з’яўляецца вядомы этнахарэограф Мікалай Аляксеевіч Козенка.

– У вобласці праводзіцца шмат святаў і фестываляў…

– У фестывальным календары вобласці звыш 30 розных творчых акцый рэгіянальнага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Склалася пэўная традыцыя правя­дзення фестываляў і святаў аднаго жанравага кірунку – раз у два-тры гады. Ёсць фэсты з пастаяннай прапіскай. Так, непадзельныя Мядзел і рэспубліканскі фестываль харавога мастацтва «Пеўчае поле». З 1952 года ён збірае аматараў беларускай песні.

Абласны фестываль народнай творчасці «Напеў зямлі маёй» атрымаў прапіску ў Мар’інай Горцы, ідэйным натхняльнікам і заснавальнікам яго быў Ігар Міхайлавіч Лучанок. Гэта самы прэстыжны фестываль Міншчыны, з самым багатым прызавым фондам. Галоўны прыз – заўсёды аўтамабіль. Апякуецца над гэтым конкурсам аблвыканкам.

Ёсць і вандруючыя фестывалі. Накшталт пленэра па вырабу драўляных скульптур «Сонечная цеплыня дрэва». Разьбяры з розных абласцей Беларусі ствараюць мастацкія творы з дрэва і пакідаюць іх у падарунак таму раёну, які прымаў іх. Летась узбагацілі прыгожымі скульптурамі Нясвіж, у наступным годзе плануем фестываль правесці ў Чэрвені, напярэдадні абласных «Дажынак».

– Наша газета абавязкова расказвае пра такія святы, і кожны раз мы захапляемся таленавітасцю майстроў Міншчыны. Вельмі хацелася б, каб гэта бачыла як мага больш людзей, і не толькі суайчыннікаў. Можна нават турыстычныя маршруты пад вашы фестывалі ладзіць…

– Мы размяшчаем інфармацыю на сайтах, у сацсетках. Культурнае жыццё вобласці насычана фестывалямі і святамі, якія сталі сапраўднымі брэндамі таго ці іншага жанру аматарскай творчасці. Яны яскрава сведчаць, які таленавіты і духоўна багаты наш народ. Сапраўды пад іх можна рабіць турыстычны праект. У нас, на жаль, няма такіх спецыялістаў. Але, напэўна, трэба вучыцца.

– Па якім календары жыве цэнтр?

– Па святочным. Часам па пяць мерапрыемстваў у месяц право­дзім. Можам падрыхтаваць свята любога маштабу, з лёгкасцю сабраць стадыён. Як гэта было на «Дажынках» у Барысаве. У канцэрце бралі ўдзел 2200 артыстаў. Нумары былі вельмі масавыя, іншы раз больш за 200 чалавек у адным. Нашы калектывы малайцы! Хацелася б падзякаваць кожнаму кіраўніку, кожнаму ўдзельніку. Усё прайшло вельмі годна, інакш у нас і не бывае!

Зараз разам з галоўным упраўленнем па адукацыі рыхтуемся да навагодняга балю, які пройдзе ў Маладзечне 20 снежня. 150 пар вучацца танцаваць паланэз, фігурны вальс, кракавяк, мазурку, падэграс, польку… Гэта будзе цікава і відовішчна. Далучайцеся!

– Абавязкова. Калектыў газеты далучаецца да ўсіх віншаванняў, якія будуць гучаць сёння ў Маладзечне на святочнай імпрэзе з нагоды юбілею цэнтра.

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий