На калегіі абмеркавалі, як на Міншчыне рэалізуецца дзяржаўная маладзёжная палітыка

На калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі абмеркавалі, як на Міншчыне рэалізуецца дзяржаўная маладзёжная палітыка.

Кіраўнікі ідэалагічных аддзелаў, абласных арганізацый сабраліся ў Стоўбцах, у мясцовым фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Як высветлілася, тут добрыя ўмовы не толькі для адпачынку, але і для падобных мерапрыемстваў. І месца гэтае, мне здаецца, абралі наўмысна: усё ж бліжэй да жыцця і атмасфера не такая афіцыйная, як у тым жа райвыканкаме.

Разлік, на мой погляд, цалкам апраўдаўся. Бо абмеркаванне праходзіла жыва, зацікаўлена. Праблем не ўнікалі – думкі свае, часам дыскусійнага характару, выказвалі адкрыта. Спрачаліся, раіліся… Прызнаюся, тут нашы ідэолагі паказалі добры прыклад таго, як з карысцю для справы праводзіць розныя пасяджэнні.

Але да маладзёжнай палітыкі… Як можна было зразумець, галоўны акцэнт робіцца на патрыятычным і працоўным выхаванні, вырашэнні актуальных для моладзі сацыяльных праблем, арганізацыі вольнага часу. Усё часцей на Міншчыне праводзяць рэспубліканскія мерапрыемствы кшталту форуму сельскай моладзі, фестываляў. Гэта лішні раз сцвярджае, што ў работы з моладдзю ў сталічнай вобласці слушныя арыенціры, ёсць добры вопыт. Скажам, з тым жа буд­атрадаўскім рухам, арганізацыяй другаснай занятасці. Ці вось надзвычай цікавы праект – «Малады лідар Міншчыны», своеасаблівы, маладзёжны аналаг абласнога конкурсу «Чалавек года Міншчыны».

Напэўна, як нідзе, у нашай вобласці развіваецца валанцёрскі рух. Адзін толькі праект БРСМ «Добрае сэрца» аб’ядноўвае больш як 4 тысячы чалавек. Дарэчы, сама абласная арганізацыя за год вырасла на 2 тысячы чалавек. Першы сакратар абкама БРСМ Кірыл Шык падкрэсліў, што ён прыхільнік якасці, а не колькасці, і маладыя людзі павінны асэнсаваць для сябе значнасць арганізацыі. Першы сакратар таксама панаракаў на недастатковае ўзаемадзеянне і падзяленне адказнасці, заўважыўшы, што ў раёне БРСМ – гэта не дадатковы аддзел ідэалагічнай работы.

Разгарэлася дыскусія. Ідэолагі прыпомнілі Шыку, што слаба ўзаемадзейнічае БРСМ з сельскай моладдзю: «не даходзіць да працуючай»… Урэшце, прыйшлі да агульнай высновы, што дзяржаўная маладзёжная палітыка – клопат агульны і дзяліць тут няма чаго.

Тым больш наперадзе галоўная палітычная кампанія надыходзячага года. І, як слушна заўважыла начальнік галоўнага ўпраўлення Таццяна Хмель, ідэалагічнае звяно – самае важнае. Рызыкну дадаць – і моцнае!

Ігар СЯРГЕЕЎ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий