У свой 25-гадовы юбілей «Жывіца» вырашила парадаваць землякоў цёплым канцэртам

Яны даюць каля дзевяноста канцэртаў у год, пад іх аўтэнтычную музыку танцавалі іспанцы і магаданцы. У свой 25-гадовы юбілей «Жывіца» вырашила парадаваць землякоў цёплым канцэртам у Пухавіцкім раённым цэнтры культуры. Карэспандэнты «МП» пабывалі на рэпетыцыі калектыва.

Брэнд раёна

Ёсць на Пухаўшчыне маляўнічае мястэчка Бор, дзе спрадвеку жывуць працавітыя гаспадары і таленавітыя людзі. Яны ніколі не разлучаліся з песняй. Гісторыя народнага сямейнага ансамбля «Жывіца» пачалася 25 гадоў таму, калі мясцовая пявуння Зінаіда Крывашэй разам са сваёй дачкой Таццянай вырашыла стварыць у Борскім сельскім клубе фальклорны калектыў. На сцэне ўдалося сабраць людзей розных прафесій, усе яны шчыра любілі народную песню і свой край.

Спачатку спявалі a cappella, пазней – пад баян. Рэпертуар складаўся з рускіх, беларускіх і ўкраінскіх песень, а таксама нацыянальных абрадаў. Ужо праз некалькі месяцаў самадзейныя артысты пачалі гастраляваць па суседніх вёсках і раёнах. Гэта быў першы крок да шырокай глядацкай аўдыторыі. Калі да ансамбля далучыліся сын Зінаіды Аляксандраўны, унук і пляменнік, творчаму калектыву прысвоілі статус сямейнага ансамбля, а праз некалькі год ён атрымаў ганаровае званне «народны».

Зараз бабулі Зінаідзе – 75, і пра творчы складнік клапоціцца яе ўнук Юрый Крывашэй. 24-гадовы мастацкі кіраўнік ансамбля паспяхова сумяшчае рэпетыцыі, гастролі, удзел у фестывалях і конкурсах з вучобай. Па першай спецыяльнасці ён баяніст, а сёлета з адзнакай 10 абараніў акадэмічную ступень ва ўніверсітэце культуры (магістр менеджменту).

– Быў маленькі і ўсё не мог наслухацца тых старадаўніх песень, якія вечарамі разліваліся па нашым Боры. Ля хат на лаўках збіраліся бабуля і яе сяброўкі і спявалі да позняй ночы. А я ціхенька адчыняў акно, і ўнутры ўсё сціскалася ад замілавання – колькі душы, сардэчнасці было ў гэтых песнях! – тлумачыць Юрый Крывашэй свой выбар прафесіі музыканта.

Юрый, дарэчы, універсальны артыст – і спявае, і таньчыць, і грае на шматлікіх інструментах. Іх асвоіў з дзясятак: дудка, акарына, жалейка, гармонік, баян, дуда, домра, балалайка, цымбалы і ўнікальны армянскі дудук, уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. А ў вольны час садзіцца за вышыванне. Народнымі ўзорамі, арнаментам упрыгожвае ручнікі і сцэнічныя гарнітуры.

А як інакш? Сваім прыкладам натхняюць бацькі і сваякі, якія, заўважым, не маюць прафесійнай музычнай адукацыі. Бацька Юрый Пятровіч – гукарэжысёр і святлоаператар ансамбля, плюс – грае на ўдарных. Рукі ў яго залатыя: займаецца разьбой па дрэве, кладзе печы ў хатах, а працуе ён машыністам помпавай станцыі. Маці Наталля Уладзіміраўна – салістка-вакалістка «Жывіцы», мастацкі кіраўнік Борскага СДК, да таго ж майстар народнай творчасці: тчэ паясы, пляце лапці, захапляецца выцінанкай і бісерапляценнем. Унікальны голас і ў дзядзькі Сяргея Шыкунца, ён таксама спявае ў ансамблі, а служыць прапаршчыкам міліцыі. Разам з ім саліруе і бацькава родная сястра Таццяна Мазанік – па прафесіі швачка-закройшчык, цяпер – дырэктар Борскага СДК. Малодшы брат Андрэй прафесію выбраў не творчую – будзе электрыкам. Скончыў музычную школу, у ансамблі грае на бас-гітары і ўдарных.

Жыве бабуліна песня

Матэрыял для творчасці ў «Жывіцы» проста зайздросны – у сям’і захоўваюцца некалькі тоўстых сшыткаў-спеўнікаў бабулі Зінаіды са старадаўнімі беларускімі песнямі, якія Зінаіда Аляксандраўна пераняла яшчэ ад сваіх бабуль і мамы. Сёння здаецца: як спявалі ў тыя часы – не паўтарыць. Але «Жывіца» ламае стэрэатыпы. Гэта ж якой энергетыкай і самабытным майстэрствам трэба вало-
даць, каб па відэасувязі пакарыць журы міжнароднага конкурсу сямейных калектываў у Мурманску, пры гэтым знаходзя- чыся за дзве тысячы кіламетраў ад палярнага горада!

– На мурманскім конкурсе мы ўзялі першае месца, але выступалі на сцэне роднага Борскага сельскага Дома культуры. Трансляцыя вялася ў відэарэжыме. Для мастацтва адлегласць не перашкода, – перакананы Юрый Крывашэй.

За 25 гадоў вырасла майстэрства сямейнага ансамбля, з’явіліся цікавая праграма і новыя ўдзельнікі – сябры і аднадумцы. Зараз у калектыве 14 чалавек. Ёсць скрыпачка, басісты, цымбалісткі, баяніст-гарманіст, дудар. Некаторыя з гэтых музыкаў працуюць у аркестры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і ў народным хоры імя Генадзя Цітовіча.

«Жывіца» дае каля 80–90 канцэртаў у год, удзельнічае і перамагае ў міжнародных фестывалях і конкурсах. Сёлета выступалі на адкрыцці II Еўрапейскіх гульняў – гралі на драўляных трубах у канцэртным блоку «Легенды і паданні»; на Дні Незалежнасці ў Палацы Рэспублікі, на сцэне абласных «Дажынак». Ансамбль цёпла прымаюць не толькі ў нашай краіне. Пачуць аўтэнтычную беларускую музыку, убачыць самабытныя абрады і танцы рады ў Іспаніі, Італіі, Балгарыі, Латвіі, Эстоніі, Расіі. У рэпертуары ёсць народныя песні і нашых суседзяў. Напрыклад, украінская «Ой там на гары» – заўсёды на біс і заўсёды слёзы на вачах.

– На сцэне ўзнікае асаблівая энергетыка. Калі хтосьці па-сапраўднаму «заводзіцца», эмоцыі перадаюцца, і гэты драйв дае настрой канцэрту, – заўважае Наталля Крывашэй.

Зрэшты, «Жывіца» не баіцца імправізацыі. Удзельнікі ансамбля выконваюць і цыганскія песні, а таксама сучасныя эстрадныя, ёсць у іх і палымяныя іспанскія, усходнія танцы. Такі багаты рэпертуар дазваляе даваць рэкордныя па працягласці канцэрты. Аднойчы давялося выступаць на сцэне каля пяці гадзін.

– Гэта было свята вёскі Русаковічы нашага Пухавіцкага раёна. Думаю, паўсотні песень мы тады выканалі. Што самае цікавае – ніводнай песні не паўтарылі, – з усмешкай успамінае мастацкі кіраўнік ансамбля Юрый Крывашэй.

Дарэчы, Юрый мае намер і надалей крэатывіць. У яго пла-
нах – канцэрт у стылі дыскатэкі 80–90-х, з адпаведнымі касцюмамі і прычоскамі, але пад акампанемент народных інструментаў…
Пакуль глядзела рэпетыцыю «Жывіцы», увесь час думала: з чаго ўсё пачыналася? З мілагучнай назвы? І паступова пераконвалася: з нераўнадушша, натхнення, адданага служэння роднай спадчыне…

Алена Пашкевіч

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий