Куцця па-слуцку

Якія стравы былі на святочным стале ў нашых продкаў, раскажуць навучэнцы Слуцкага дзяржаўнага каледжа. Разам з майстрам вытворчага навучання Вольгай Канапелькінай яны адраджаюць рэцэпты беларускай народнай кухні.

Калядныя традыцыі беларусаў вельмі багатыя, цікавыя, самабытныя.
– Увечары перад Раством, 6 студзеня, на абедзенны стол сыпалі салому – як сімвал таго, што Ісус Хрыстос нарадзіўся ў яслях. Зверху засцілалі абрус і накрывалі стол. Абавязкова на ім былі посныя стравы. Скаромнае елі ўжо пасля каляднай службы, раніцай 7 студзеня, – кажа Вольга Канапелькіна.


На калядны стол нашы продкі ставілі ўсё самае смачнае. У залежнасці ад дастатку сям’і – ад 7 да 12 страў. У кожным рэгіёне былі свае гастранамічныя асаблівасці. Напрыклад, на Случчыне гатавалі запечаную ў цесце з жытняй мукі рыбу і аладкі – грачанікі, з узбітай смятанай ды макам.

– Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі была агульная традыцыя: на калядным стале абавязкова прысутнічала вантрабянка, каўбаса з субпрадуктаў. І абавязкова ставілі нейкую мучную страву, запечаную цалкам курыцу або качку. На дэсерт падавалі аўсяны кісель і ўзвар – канцэнтраваны кампот з сухафруктаў з мёдам і мятаю, – распавядае Вольга Барысаўна.
Але гаспадыняй беларускага каляднага стала заўсёды была куц-
ця – салодкая каша з макам, мёдам і сухафруктамі. З яе пачыналася і поснае застолле ўвечары перад Раством, і багаты абед у само свята, 7 студзеня.


– Каша для беларусаў – знакавая страва. З ёю адзначалі нараджэнне дзіцяці, яе гатавалі на вяселле, яна была і на памінальным стале, –
расказвае Вольга Канапелькіна. – У калядную куццю дадавалася ўсё самае смачнае, і пабольш. Таму што лічылася: чым багацейшая куцця, тым больш шчасця чакае сям’ю ў новым годзе.

Гатавалі куццю з традыцыйных прадуктаў, якія былі ў кожнай сям’і: сушаныя грушы, слівы, салодкія гарбузовыя лупінкі, мак і мёд. Крупы таксама выбіралі асаблівыя: ячныя, пшанічныя і аўсяныя. А вось з проса і грэчкі калядную кашу не рабілі.

Калядная каша

  • Інгрэдыенты:
  • 2 шклянкі круп (ячных, аўсяных, рысавых або пшанічных)
  • 5 шклянак вады
  • 5 сталовых лыжак мёду
  • 1 шклянка разынак
  • 1,5 шклянкі маку
  • 1 шклянка арэхаў
  • цукаты і сухафрукты – на свой густ

Крупы прамыць, заліць гарачай вадой. Давесці да кіпення, паменшыць агонь і варыць да гатоўнасці. Мак заліць кіпенем і даць настояцца. Зліць ваду і перацерці мак з арэхамі да выдзялення макавага малачка белага колеру (сочыва). Дадаць мак з арэхамі да кашы, туды ж – мёд і астатнія інгрэдыенты. Змяшаць, каб сухафрукты і арэхі раўнамерна размеркаваліся ў кашы.


Парада спецыяліста:
Калі ў крупы падчас варкі дадаць дробку солі, куцця набу-
дзе яшчэ больш цікавы смак.
Смачна есці!

Спецыяльна для чытачоў нашай газеты навучэнцы Слуцкага дзяржаўнага каледжа прапанавалі рэцэпт ​​куцці, якая нікога не пакіне абыякавым.

– Каб куцця прыйшлася даспадобы ўсім, мы вырашылі прапанаваць пяць відаў розных круп: чатыры традыцыйныя і яшчэ рыс, –
кажа навучэнка Слуцкага дзяржаўнага каледжа Анастасія Левіна.
– У кожнай куцці свой смак. Мне, напрыклад, больш за ўсё спадабалася аўсяная куцця, – падзялілася ўражаннямі будучы повар Вольга Сыцько. – Неверагодная страва – і як закуска, і як дэсерт. Між іншым, гэтаму рэцэпту не адна сотня год. n

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий