Блізнятам зоркі раяць нешта канкрэтна і рэзка змяніць

Гараскоп на 13—19 студзеня

Авен. Сямейным прадстаўнікам знака ўсю сямідзёнку прыйдзецца высвятляць адносіны з партнёрам. Кожны з вас будзе цягнуць коўдру на сябе, што прывядзе да сур’ёзных канфліктаў. Пазбягайце гучных абяцанняў і заяў, інакш калегі і сваякі пачнуць раз-пораз тэлефанаваць і падганяць вас, нагадваючы пра дадзеныя абяцанкі.

Цялец. Вы ўзвалілі на сябе занадта шмат абавязкаў, бо ўпэўнены, што з усім лёгка справіцеся. А ў выніку — нядбайнасць, памылкі ў рабоце і незадаволенасць кіраўніцтва. Звальненне вам, безумоўна, не пагражае, а вось прэміі можаце пазбавіцца. У суботу не перагружайце сябе хатнімі клопатамі.

Блізняты. Зоркі раяць нешта канкрэтна і рэзка змяніць у асабістым жыцці. Дадайце яркіх эмоцый у адносіны з партнёрам, адзінокія прадстаўнікі знака могуць  папрасіць сяброў пазнаёміць іх з кім-небудзь. Пра адпачынак і падарожжа пакуль нават не думайце — цяпер не той час, каб раскідвацца грашамі або пакідаць блізкіх людзей без увагі.

Рак. Знайсці агульную мову з кіраўніцтвам будзе складана, таму старайцеся менш трапляцца начальству на вочы. Усе важныя справы, якія патрабуюць уважлівасці і засяроджанасці, вырашайце ў першай палове дня. На выхадных можна адпраўляцца ў госці, а вось запрашаць сяброў і сваякоў да сябе непажадана.

Леў. Знаёмствы, сустрэчы, камандзіроўкі — спраў будзе шмат, так што збірайцеся з сіламі, яны вам спатрэбяцца. Пад канец тыдня кішэня папоўніцца, але гэта не падстава траціць усё і адразу на бескарысныя пакупкі. Пазычаць таксама не варта — з верагоднасцю ў 99% грошы вам не вернуць.

Дзева. Калі ўжо і губляць галаву, дык толькі ад кахання — такі ваш дэвіз на наступную сямідзёнку. Аднаўленне ранейшых адносін або новае захапленне: з другой паловы тыдня магчыма ўсё. Сітуацыя з фінансамі досыць напружаная, так што прыйдзецца эканоміць, а не бегаць па крамах.

Шалі. Неабавязковасць і марудлівасць у справах могуць стаць галоўнай прычынай вашага правалу, таму варта быць гранічна  ўважлівым. З калегамі старайцеся паводзіць сябе стрымана, не спрабуйце крытыкаваць і вучыць іх жыццю. Каб ваша самаадчуванне палепшылася, трэба высыпацца і штодня гуляць на свежым паветры.

Скарпіён. Хтосьці з калег распускае плёткі, якія падрываюць вашу рэпутацыю. Знайсці плеткара наўрад ці атрымаецца, так што проста ігнаруйце чуткі, цалкам прысвяціце сябе працы. Спрыяльны час для рамонту кватэры, набыцця складанай бытавой тэхнікі. У канцы тыдня магчыма тэрміновая паездка ў іншы горад.

Стралец. Вы зараз не ў самай лепшай фізічнай форме: здароўе падводзіць. Як толькі адчуеце слабасць — адразу звяртайцеся да спецыялістаў, самалячэнне толькі пашкодзіць. Найбольш праблемныя горла, шыя і вушы. На гэтым тыдні могуць сур’ёзна сапсавацца адносіны з сябрамі.

Казярог. Надзеі на дадатковы даход не спраўдзяцца: сума, якую вам абяцалі, будзе ў разы меншая. Так што выйсце тут адно — абмежаваць выдаткі. Перагледзьце сваё стаўленне да працы: магчыма, вы займаецеся справай, да якой душа не горнецца. Як мінімум гэта падстава скласці рэзюме і адправіць яго патэнцыяльным работадаўцам.

Вадалей. На гэтым тыдні прыйдзецца марнаваць час і сілы на тое, каб дапамагчы сябрам. Аднак паклапаціцеся, каб і вашы службовыя справы не апынуліся пад пагрозай зрыву. Не выцягвайце на белы свет нічыіх грахоў — так вы толькі справакуеце канфлікт. Наогул у гэтыя сем дзён варта памятаць: слова — срэбра, а маўчанне — золата.

Рыбы. Зоркі папярэджваюць пра нейкую памылку — на першы погляд, не надта сур’ёзную, але з вельмі непрыемнымі наступствамі. Магчыма, гэта крытычная заўвага ў адрас начальства альбо нядбайнасць у працы. Такі промах можа паставіць крыж на вашай кар’еры. З іншага боку, папярэджаны — значыць, узброены.

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий