Дарога да памяці

Халоднае зімовае неба сыпле шэрым дробным дажджом.
Па лясной бязлюднай дарозе мы з краязнаўцам Аляксандрам Раткевічам паціху рухаемся ў Боркі – вёсачку на Вілейшчыне, якую нямецкія карнікі спалілі ў 43-м, акурат на Радаўніцу.

Стары ток на ўскрайку стаў у той дзень брацкай магілай для 97 жыхароў. Цудам выратавалася толькі адзінаццацігадовая Феня. Нават у сталым узросце яна захавала балючую памяць дзяцінства.

– Пасля вайны Боркі так і не адрадзіліся, – расказвае мясцовы краязнаўца Аляксандр Раткевіч. – Не было каму будавацца, сеяць, нараджаць дзяцей.

На месцы калісьці спаленых хат і гумнаў цяпер невялічкія ўзгоркі з разлапістымі соснамі і старымі акацыямі.

– Зірніце, тут была пабудова… – мой спадарожнік паціху разграбае мох.

Паказваецца адзін бліскуча-вільготны камень, за ім другі… Гэта падмурак дома, у якім некалі жылі людзі. Працавалі, ладзілі вяселлі і нараджалі дзяцей. Пакуль не пачалася вайна…

– Я родам з гэтых мясцін, – кажа Аляксандр. – Яшчэ школьнікам не раз прыхо­дзіў у Боркі з настаўніцай і аднакласнікамі да помніка загінулым жыхарам. Нам шмат расказвалі пра партызанскі рух на тэрыторыі Вілейскага раёна, карную аперацыю, але ніхто ніколі словам не абмовіўся пра тое, што зусім побач, у Рабуні, жыве чалавек, якому наканавана было вырвацца з таго страшнага пекла.

Вёску Боркі фашысты спалілі 4 мая 1943 года. У жывых засталася толькі Фаіна Анасовіч (Кучко). На той час ёй не было і 12 год

З Фаінай Анасовіч ён сустрэўся ў 2012 го­дзе. Яна шмат успамінала, дапамагла скласці план даваеннай забудовы Борак. Спадзявалася, што знойдзецца чалавек, які зробіць там музей…


У Борках немцы з’явіліся ў красавіку 1943 года, за тыдзень да Вялікадня. Хапалі ўсё, што траплялася пад руку. Праз нейкі час нагружаныя дабром павозкі пакінулі вёску, але не паспелі людзі апомніцца, як на вуліцы зноў загрукаталі падводы. Гэта партызаны паляцелі наўздагон чужынцам. Бой быў такі, што ў вокнах трэсліся шыбы.

Наступным днём жыхароў папярэдзілі: немцы рыхтуюць расправу. Маўляў, хавайцеся ў лесе, бяжыце да сваякоў, вёску бу­дуць паліць.
– Маці мітусілася па хаце і не ведала, што рабіць, – успамінае Фаіна Сяргееўна. – У Борках быў дом, такая-сякая гаспадарка, лапік засеянай зямлі. Дый не чакаў нас ніхто нідзе. Дзе знайсці прытулак удаве з пяццю дзецьмі? Бедныя мы былі, бязбацькавічы… Нават лапцяў, каб усіх абуць, маці не мела.

Раніцай боркаўцы выгналі ў поле жывёлу. Сярод 11 пастухоў была і Фаіна. А дзявятай у вёсцы пачалася страляніна. Спачатку над Любчай, а пасля і над Боркамі ўзняўся дым. Страшную навіну расказалі два мужчыны, што беглі полем, валасы ў іх былі абгарэлыя, адзенне таксама. Немцы сагналі вяскоўцаў у Станкевічаў ток і падпалілі будыніну.

Дзесьці ў абед да пастухоў прыйшлі два паліцаі і загадалі гнаць жывёлу дадому.

– Божачка, як жа рыкалі каровы, як кідаліся, бы звар’яцелыя, то ў адзін, то ў другі бок. Бяду адчувала і я. Ішла ні жывая ні мёртвая, – прызнаецца Фаіна Сяргееўна.

На запрэжаным возе сядзелі два дзядзькі.
– Твой бацька Сяргей, а маці Волька з Кавалёў?» – раптам спытаў адзін.

Дзяўчынка кіўнула.
– Што рабіць? – сталі разважаць мужчыны. – Вывезці на возе не зможам. Схаваць – расстраляюць усіх. Лезь вунь у тое галлё, што ў садзе, і сядзі, пакуль не паклічуць.

Так Фаіна прасядзела два дні – без вады і ежы. Не магла ўжо ні плакаць, ні гаварыць.

Вёску падпалілі ў чацвер у двух месцах адначасова. Не згарэлі толькі тры хаты на ўскрайку. Туды, калі ўсё сціхла, падалася Фаіна:
– Ведала гэты дом. І гаспадароў таксама. Яны часта запрашалі мяне пабыць за няньку, пагуляць з іх маленькім сынам.

Нікога нідзе не было. На стале стаяў гладыш малака і ляжаў кавалак хлеба. Схапіла яго. Раптам ля хаты спыніўся легкавы аўтамабіль.

Нічога лепшага, як заціснуцца за шафу, не прыдумала. Фашысты, аднак, заўважылі, што ў хаце нехта ёсць. Зайшлі. Адзін з іх па-польску загадаў: «Хто ёсць, выходзь!»

Цішыню разарвала аўтаматная чарга: зазвінела разбітае шкло, пасыпалася шафа.

Феня выйшла.
– Ты не параненая? – спытаў мужчына ў цывільным, што быў у немцаў за шафёра.

– Не ведаю, – адказала.
Дзяўчынку вывелі ў трысцень, загадалі распрануцца.
«Заб’юць», – падумала яна, сцягваючы з плячэй ватовачку.
Той, хто страляў, правёў рукой па спіне, агледзеў ногі, рукі.

– 40 год пражыў – такога цуда не бачыў. Стралялі, каб забіць, і нават не паранілі. Больш не падыму на яе аўтамат, – сказаў па-польску напарніку і выйшаў з хаты.

Фаіне загадалі сесці ў машыну. Прывезлі ў Ілью, дзе было нешта накшталт дзіцячага дома. Наступным днём яе адтуль забралі дзед з цёткаю.

Замест эпілогу

– Заплюшчу вочы, а яны ўсе перада мной, як жывыя: і мама, і браты, і сястрычкі, і вяскоўцы, – расказвае Фаіна Сяргееўна.
Жанчына не раз прасіла Аляксандра Раткевіча:
– Сынок, дарогу б да Борак як зрабіць. Зарасло там усё – у калена. Баюся, прыйдзе час, не дайду…

– Я тады проста захварэў гэтай вёскай, – кажа Аляксандр. –Шукаў аднадумцаў і спонсараў, якія б дачыніліся да добрай справы. Бо, зразумела, не павінны людзі скакаць па лужынах у гумовых ботах, каб пакланіцца памяці загінулых.

Талакою (далучыліся мясцовыя жыхары, вучні Ільянскай школы, прадстаўнікі Хаценчыцкага сельвыканкама, лясніцтва, участка ДРБУ-162, а таксама дзве дачкі і сын Фаіны Сяргееўны) правялі суботнік на тэрыторыі ля мемарыяльнага комплексу.

Затым у Борках рэканструявалі помнік. Устанавілі з удзелам Беларускага сувораўска-нахімаўскага саюза і Беларускага фонду міру інфармацыйны шчыт, а на дарозе Мінск – Мядзел – паказальнік на мемарыялы «Любча» і «Боркі».

Мясцовыя ўлады дапамаглі з дарогай, пра якую так марыла Фаіна Кучко. Збочыўшы з трасы, цяпер можна даехаць да Борак за лічаныя хвіліны. Пастаяць ля помніка, паслухаць цішыню. Уявіць даваенную вёску…

– Хочацца, каб гэтае месца стала яшчэ і часткай турыстычнага маршруту, гаворыць краязнаўца. – Боркам, нават мёртвым, ёсць што нам расказаць…

Марына СЛІЖ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий